Пасля гадавога чакання ў Мінску з’явіўся новы амбасадар Ізраіля. Калісьці Ёсеф Шагал праходзіў у савецкім Мінску вайсковую службу, але яго цяперашняе вяртанне ў сталіцу Беларусі было адзначана скандальнымі заявамі.

«Тут і цяпер» разбіралася, якіх змен чакаць у беларуска-ізраільскіх стасунках са зменай дыпламатычнай варты.

Чалавек Лібермана

Камісія МЗС мусіла абраць новага пасла ў Мінск яшчэ да 2 студзеня 2011 года. Усё планы сапсаваў працяглы страйк дыпламатаў. Як вынік, тагачасны амбасадар Эдзі Шапіра, пераведзены на пасаду консула Ізраіля ў Санкт-Пецярбургу, пакінуў Мінск толькі ў сакавіку. Пытанні адносна кандыдатуры новага кіраўніка дыпмісіі былі зняты толькі ў мінулым месяцы. Прызначэнне 61-гадовага Шагала — ініцыятыва міністра замежных спраў і кіраўніка партыі «савецкіх эмігрантаў» «Наш дом Ізраіль» Авігдора Лібермана. Ураджэнец Кішынёва прасоўвае выхадцаў з былога СССР на кіраўнікоў амбасад постсавецкіх краін.

Непрафесійны дыпламат

Ёсеф Шагал нарадзіўся ў Баку, дзе скончыў гістфак мясцовага ўніверсітэта. Да рэпатрыяцыі ў Ізраіль у 1990 годзе працаваў на ідэалагічных пасадах у галіне журналістыкі і прапаганды. У Ізраілі цягам 10 гадоў супрацоўнічаў з шэрагам рускамоўных СМІ.

Яго палітычная кар’ера шчыльна знітавана з партыяй Лібермана «Наш дом — Ізраіль». У 2006—2008 гадах Шагал засядаў у кнесэце.

Апроч старшынства ў асацыяцыі «Ізраіль-Азербайджан» ды аўтарства папулярнай серыі раманаў і аднайменнага расійскага серыяла «КДБ у смокінгу», Шагал вядомы даволі скандальным характарам. Гэтак, у 2008 годзе падчас дэбатаў у кнесэце наконт прызнання генацыду армян ён прыгразіў апаненту: «Ты яшчэ Чэхава ўспомні, казёл, пысу б табе набіць трэба!».

Шагал і Беларусь

Ёсеф Шагал адразу назваў сваё прызначэнне ў Мінск «у вядомай ступені сімвалічным». Выявілася, што напрыканцы 1960-х ён праходзіў вайсковую службу ў 120-й гвардзейскай Рагачоўскай стралковай дывізіі ва Уруччы, што брала ўдзел у падзеях «Пражскай вясны» ў 1968-м. «Гэта былі вельмі няпростыя, але запамінальныя два гады. У Беларусі ў мяне засталося шмат сяброў, я нават адзін час падумваў аб пераездзе туды», — распавёў мінулай восенню Шагал у інтэрв’ю інтэрнэт-выданню Kursor. Ён падкрэсліў, што «вельмі любіць Беларусь і яе народ».

Любоў да Беларусі Шагал праявіў даволі неадназначным чынам. У студзені пасля зацвярджэння прызначэння ў Беларусь ён заявіў ITON TV, што асабіста знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, якога ахарактарызаваў як «лідара». «У яго ёсць пэўныя мінусы, але чаго ў яго не адняць, і гэта пацвердзіць беларускі народ, які галасуе нармальна, што б там ні гаварылі аб падтасоўках, беларусы добра жылі: яны атрымлівалі зарплаты, пенсіянеры — пенсіі, было чыста, эканоміка выдатна працавала», — сказаў дыпламат.

Падчас прэс-канферэнцыі 16 лютага ізраільскі дыпламат пайшоў яшчэ далей. Адказваючы на пытанне пра стаўленне Ізраіля да палітычных зняволеных у Беларусі, ён заявіў, што нічога пра гэта не ведае, і запэўніў, што адкажа «праз паўгода», калі атабарыцца на новым месцы. «А ці былі вы асабіста ў лагерах для палітвязняў? — контратакаваў Шагал карэспандэнта БелаПАН. — Я сам журналіст, я ведаю, як пішуцца такія артыкулы. І я разумею, што сваё пытанне вы задалі, хутчэй, дзеля таго, каб проста задаць, а не каб атрымаць адказ».

Заява выклікала шквал абурэння ў дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

Палітычная «нейтральнасць»

У адрозненне ад Еўразвяза і ЗША, якія жорстка асудзілі падзеі ў беларускай сталіцы 19 снежня 2010 года і ўвялі візавыя санкцыі супраць прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска, Ізраіль абмежаваўся тым, што, па інфармацыі «ТіЦ», дазволіў свайму амбасадару не прысутнічаць на інаўгурацыі Лукашэнкі ў Мінску. Агулам жа пазіцыя Тэль-Авіва ў ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вельмі стрыманая.

«Вельмі важна захаваць добрыя адносіны з краінай, якая ставіцца да нас выдатна», — тлумачыць Ёсеф Шагал. Па словах новага амбасадара, яго краіна, хаўруснік ЗША на міжнароднай арэне, «ніколі не была ініцыятарам санкцый супраць Беларусі», як і Беларусь «не ініцыіруе антыізраільскія працэсы, але пры гэтым падтрымлівае Расію, якая часта галасуе супраць Ізраіля».

«Палітычная нейтральнасць» у адносінах дзвюх краін тлумачыцца не толькі багатымі гісторыка-культурнымі сувязямі беларускага і габрэйскага народаў. Спецыялісты ўжо даўно адзначаюць наяўнасць «палітычнай сімпатыі» паміж Лукашэнкам і Ліберманам. Ад 1995 года апошні быў у Беларусі, прынамсі, пяць разоў у розных якасцях. Менавіта ён у 2004 годзе паспрыяў аднаўленню ў Мінску дзейнасці ізраільскай амбасады, закрытай за год да таго. Неаднаразова выказваліся здагадкі, што ў Лібермана, супраць якога на радзіме вядзецца антыкарупцыйнае расследаванне, могуць быць фінансавыя інтарэсы ў Беларусі.

Беларускія ж улады апроч ізраільскіх інвестыцый, відавочна, зацікаўлены ў амерыкана-габрэйскім лобі, якое б дапамагло актывізаваць дыялог паміж Мінскам і Вашынгтонам.

Эксперт: «Шагала рана залічылі ў хаўруснікі Лукашэнкі»

«На мой розум, былы камсамольскі работнік Шагал не ўваходзіць нават у дваццатку ізраільцян, здольных найбольш эфектыўна развіваць адносіны з Беларуссю, — распавёў у інтэрв’ю «ТіЦ» экс-выдавец беларуска-габрэйскага бюлетэня «Мы яшчэ тут!» палітолаг Вольф Рубінчык. — З іншага боку, у рамках «парадыгмы Лібермана» і дзяржаўнай сістэмы Ізраіля, пабудаванай на недастатковай павазе да ведаў, сумленнасці і прафесіяналізму, такое прызначэнне заканамернае».

Рубінчык дапускае, што толькі час пакажа, ці здолее Шагал справіцца з сабой і перакваліфікавацца з журналіста ў дыпламата. «Пакуль што я не надаваў бы вялікага значэння яго заявам. Падаецца, каментатары зарана залічылі яго ў хаўруснікі Лукашэнкі», — перакананы эксперт.

Знешняя палітыка — заўсёды працяг унутранай, нагадвае Рубінчык, таму сёння немагчыма прадказаць, што чакае Ізраіль і Беларусь у найбліжэйшыя гады. «Абодва грамадствы і абедзве дзяржавы шмат у чым паводзяць сябе ірацыянальна», — кажа эксперт. Пры гэтым ён падкрэслівае, што «Беларусь для Ізраіля застаецца «на перыферыі грамадскай свядомасці». Нядзіўна, што ў іўрыце бытуе «каланіяльны» тапонім «Rusia levana» («Белая Русь»), які з цяжкасцю выцясняецца правільным назовам краіны».

БЕЛАРУСЬ — ІЗРАІЛЬ: ТОЛЬКІ ФАКТЫ

Эканоміка

Пэўны прарыў у адносінах паміж краінамі адбыўся ў час амбасадарства ў Мінску Эдзі Шапіры (2008-2010). За гэты час у нашай краіне пабывалі тры ізраільскія міністры (замежных спраў, турызму і сельскай гаспадаркі). Тройчы наведалі Святую зямлю і іх беларускія калегі. З ініцыятывы Шапіры паміж краінамі пачалося экспертнае супрацоўніцтва ў сферах турызму і сельскай гаспадаркі. Праўда, на рост тавараабароту (у 2010 годзе ён дасягнуў $78 млн) гэтая актыўнасць не вельмі паўплывала. Анансаваўшы амбіцыйны інвестпраект па забудове Парка высокіх тэхналогій, ізраільская кампанія Fishman Group урэшце ўрэзала суму фінансавання з $500 млн да $100 млн.

Візы

Цягам апошніх некалькіх год ізраільскі бок агучваў гатоўнасць увесці бязвізавы рэжым з Беларуссю. Падставай для гэтага мусіў стаць паспяховы расійскі і ўкраінскі досвед, пасля чаго турыстычны рынак паміж краінамі актывізаваўся ў 2-3 разы. Аднак, як сцвярджаюць вартыя даверу крыніцы, працэс па адмене віз тармозіцца Мінскам.

Скандалы

У кастрычніку 2007-га на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка зрабіў заяву, якая ва ўсім свеце была расцэнена як антысеміцкая: «Калі вы былі ў Бабруйску, то бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да таго месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў…». Кіраўнік дзяржавы тады мусіў апраўдвацца, а галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч быў камандзіраваны да Зямлі абяцанай залагоджваць скандал.

Скандалам скончылася і работа ў Мінску (2005—2008) папярэдніка Эдзі Шапіры Зэева Бен-Ар’е. Дыпламат перакладаў на іўрыт Быкава ды спрыяў рэалізацыі шэрагу знакавых літаратурных праектаў. Ужо пасля таго, як Бен-Ар’е скончыў працу ў Беларусі ды стаў дарадцам міністра Авігдора Лібермана, выбухнуў скандал. Высветлілася, што, працуючы ў Мінску, ён выдаў тады яшчэ дэпутату кнесэта Ліберману канфідэнцыяльную інфармацыю аб расследаванні Мінюстам Ізраіля яго фінансавых махінацый. Спачатку дыпламата на 8 месяцаў адхілілі ад працы, а ў лістападзе 2010 Бен-Ар’е падпісаў дакументы аб датэрміновым выхадзе на пенсію.