У ліпені 2010 года місія АБСЕ у нашай краіне арганізавала і прафінансавала паездку групы беларускіх службоўцаў у Ірландыю з мэтай вывучэння стану распаўсюджвання і ўжывання ірландскай мовы у гэтай краіне. Галоўная мэта паездкі – дапамагчы беларускім заканадаўцам і распрацоўнікам законаў зрабіць новую, больш дасканалую і адпавядаючую дзеючай Канстытуцыі версію Закона “Аб мовах” у Беларусі. Справа ў тым, што пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў Закон у 1998 годзе падправілі так, што ён не ў стане забяспечыць роўнасць двух дзяржаўных моў у краіне і поўная перавага, дзякуючы папраўкам 1998 года, аддаецца рускай мове. Дарэчы, гэта і пацвердзіў Канстытуцыйны суд Беларусі ў 2003 годзе. Пачынаючы з 2003 года кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў абяцаюць ТБМ унесці адпаведныя праўкі ў вышэйзгаданы закон, але сітуацыя стаіць нерухома на адным месцы.

Трэба сказаць, што ў беларускую дэлегацыю накіраваную ў Ірландыю увайшло некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, якія рыхтуюць праекты законаў, прадстаўнік Міністэрства адукацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, місіі АБСЕ у Менску. Місія АБСЕ прапанавала ўвайсці ў склад дэлегацыі і мне, як кіраўніку ТБМ, грамадскай незалежнай арганізацыі, якая ўжо 20 год бароніць правы беларускамоўных грамадзян нашай краіны.

Пасля афармлення ірландскай візы праз Маскву, збору шматлікіх даведак, неабходных для яе атрымання, 19 ліпеня 2010 года мы вылецелі нямецкім самалётам кампаніі “Люфтганза” з Менску ў Дублін з перасадкай у Франкфурце-на-Майне.
Трэба сказаць, што ў нямецкім самалёце, які вылятаў з Менску, інфармацыя акрамя нямецкай і англійскай моваў гучала і па-беларуску, у адрозненне ад нашага самалёта кампаніі “Белавія”, якім мы вярталіся з Франкфурта ў Менск. І вось, пасля шматлікіх гадзін, праведзеных у аэрапорце Франкфурта, наш самалёт прызямліўся ў сталіцы Ірландыі – Дубліне.

 

Крыху з гісторыі Ірландыі

 Продкі сучасных ірландцаў, кельцкія плямёны, пачалі засяляць Ірландыю ў 4 ст. да н. э. і хутка асімілявалі абарыгенаў. Кельты падзяліліся на роды (кланы) і плямёны, якія ў 3-4 ст. н. э. ўтваралі 5 племянных саюзаў-федэрацый начале з вярхоўным каралём (ард-рыягам). Вельмі рана, у V ст. н. э. ірландцы прынялі хрысціянства. Краіна мела шмат кляштараў, асяродкаў культуры, мастацтва і літаратуры на старажытна-ірландскай і лацінскай мовах.

Адзін з такіх кляштараў у цэнтры Ірландыі пад назвай “Clonmacnoise” (Клонмакнойз) мы наведалі.

Гэтае мястэчка і кляштар былі заснаваныя Святым Кіранам у сярэдзіне 6 ст. н. э. на ўсходнім беразе р. Шаннон. Тут захаваліся руіны вялікага каталіцкага сабора і сямі меншых каменных храмаў Х-ХІІІ стст., дзве круглыя абарончыя вежы-данжоны, тры каменных крыжы з унікальнымі барэльефамі на біблейскія тэмы і старажытны хрысціянскі могільнік з унікальнымі плітамі-надмагіллямі. Гэта места нават наведаў рымскі папа Ян Павел ІІ і ірландцы гэтым вельмі ганарацца.
Аднак пачынаючы з 795 па 1014 на Ірландыю сталі нападаць нарманы, якія і заснавалі да Х ст. сённяшнія буйныя ірландскія гарады Дублін і Лімерык. Дарэчы Дублін заснавалі нарвежцы і назвалі яго ў гонар мясцовай рэчкі. У 1014 годзе ірландцы перамаглі прыхадняў у бітве пры Клонтарфе і адстаялі сваю незалежнасць.

Аднак у 1169 г. Ірландыю пачалі заваёўваць англа-нармандскія рыцары, якія спачатку захапілі паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа вострава і ўтварылі тут сваю калонію. Новая хваля экспансіі англічан пачалася з канца ХV ст. пры дынастыі Цюдораў. Кароль Генрых VIII прымусіў ірландцаў прызнаць яго кіраўніком царквы ў Ірландыі, а ў 1541 годзе прыняў тытул караля Ірландыі. З гэтага часу нацыянальны рух ірландцаў за незалежнасць набыў і рэлігійную афарбоўку, бо большасць ірландцаў засталіся каталікамі і выступалі супраць пратэстантаў.

Некалькі паўстанняў у 16 і 17 стст. былі залітыя крывёю паўстанцаў, некаторыя мясцовыя жыхары мусілі стаць эмігрантамі, асабліва падчас Вялікага голаду 1845-1849 гадоў. Краіна прыйшла ў поўны заняпад. Так перад голадам у 1841 г. у Ірландыі пражывала 8,2 мільёны чалавек, а ў 1911 – толькі 4,4 мільёны.

У 19 ст. Ірландыя стала аграрным прыдаткам метраполіі. Аднак паўстанні адбываліся і ў 19 ст. Прадстаўнікі ірландскай інтэлігенцыі пачалі барацьбу за захаванне роднай (гальскай) мовы і культуры. Была створана патрыятычная арганізацыя “Гэльская ліга”.

У 1914 годзе брытанскі парламент прыняў закон аб аўтаноміі Ірландыі, але пачалася І сусветная вайна і закон не набыў юрыдычнай сілы. Ірландцы адказалі ў 1916 годзе чарговым паўстаннем, якое англічане жорстка задушылі.
Незалежніцкі рух у краіне ўзначаліла партыя Шын фейн. Яе 73 дэпутаты на выбарах у 1918 годзе ў брытанскі парламент на тэрыторыі Ірландыі перамаглі, абвясцілі сябе першым ірландскім урадам. а ў студзені 1919 года заявілі пра незалежнасць, абралі прэзідэнта і стварылі ірландскую рэспубліканскую армію. Пачалася вайна за незалежнасць. У 1921 годзе падпісана мірная англа-ірландская дамова.

Краіну падзялілі. Паўночная Ірландыя (Ольстэр, галоўны горад Белфаст) засталася ў складзе Брытанскай імперыі. Паўднёвая Ірландыя атрымала права брытанскага дамініёна з захаваннем на сваёй тэрыторыі англійскіх ваенных базаў. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны (1922-23) паміж прыхільнікамі і праціўнікамі вышэйзгаданай дамовы. Прыхільнікі поўнай незалежнасці вайну прайгралі, але атрымалі перамогу на выбарах у парламент у 1932 г. і сфармавалі свой урад.
У 1937 годзе прынялі новую канстытуцыю, адмянілі статус брытанскага дамініёна і абвясцілі незалежную дзяржаву Эйрэ (назва краіны на ірландскай мове).

У 1949 годзе Ірландыя была канчаткова абвешчана рэспублікай і выйшла са складу Брытанскай садружнасці нацый. Назва краіны “Эйрэ” прысутнічае на паштовых марках і грошах, аднак большасць ірландцаў называе сваю краіну на англійскі манер. Як тут не прыгадаць спрэчку паміж “Беларуссю” і “Белоруссией». Дзякуй Богу, што з 19 верасня 1991 года “Беларусь” перамагла.

Аднак праблема Ольстэра засталася, а ў 1968-69 гадах ірландскі канфлікт найбольш абвастрыўся. На шчасце, у 1991 годзе ўзброеная барацьба ў Ольстэры спынілася, але сітуацыя вырашана далёка не поўнасцю.

У гады Другой Сусветнай вайны Ірландыя абвясціла нейтралітэт, у 1955 годзе ўступіла ў ААН, а ў 1973 годзе – у Еўрапейскі Звяз. У красавіку 1992 года усталявала дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь.

Аднак Ірландскай амбасады ў Мінску няма, і ўсе кантакты ідуць праз Маскву, тым больш, што Ірландыя не ўваходзіць у зону “Шэнген”, і візу туды можна атрымаць толькі ў Маскве.

З грашыма прасцей, бо Ірландыя ўваходзіць у зону “Эўра”. Нядаўні крызіс істотна падарваў ірландскую эканоміку. што адчуваецца асабліва ў сталіцы.

Сучасны стан ірландскай мовы

 Ірландская мова ўваходзіць у групу кельцкіх моваў і распаўсюджана, акрамя Ірландыі, у ЗША і Канадзе (востраў Ньюфаўндлэнд), дзе жывуць выхадцы з Ірландыі.. Колькасць носьбітаў, паводле розных даследчыкаў, вагаецца ад 100 тысяч да 2 мільёнаў. Мае пяць дыялектаў, адзін з іх – ольстэрскі. Першыя надпісы на ірландскай мове з’явіліся ў V стагоддзі. У канцы V стагоддзя быў разам з Хрысціянствам прыняты лацінскі алфавіт.

Першы ўдар па ірландскай мове і культуры нанеслі вікінгі, якія знішчылі старажытныя рукапісы ў ІХ стагоддзі. Вялікая англійская каланізацыя XVI – XVII стагоддзяў вельмі аслабіла ірландскую мову і культуру. У 1610 годзе з Ольстэра былі выгнаныя мясцовыя кланы, і там з’явіліся каланісты з Шатландыі. У канцы XVIІI стагоддзя Каталіцкая царква, апошняе апірышча ірландскай мовы, перайшла на англійскую. У XVIІI – ХІХ стагоддзях адукаванасць насельніцтва заняпала, мова становіцца прымітыўнай. Яна губляе абстрактныя назоўнікі, тэрміны і г. д.

У выніку голаду 1846-1850 гг. памерла каля 1 мільёна чалавек і эмігравала ў ЗША больш за 500 тысяч чалавек. Колькасць носьбітаў мовы значна паменшылася з 3,5 мільёнаў да 550 тысяч у канцы ХІХ ст. З таго часу колькасць носьбітаў ірландскай мовы ўвесь час памяншалася. І гэта нягледзячы на тое, што пасля 1921 года ірландскі Урад прыняў меры па захаванні роднай мовы свайго народа, мову сталі вучыць ва ўсіх школах і ВНУ, яе абвясцілі дзяржаўнай і прынялі шэраг іншых мер.

А цяпер крыху афіцыйнай інфармацыі пра стан ірландскай мовы, якую мы атрымалі ад ірландскіх чыноўнікаў…

У Рэспубліцы Эйрэ пражывае больш за 4 мільёны чалавек. Падчас апошняга перапісу 1,66 мільёнаў чалавек заявілі, што ведаюць ірландскую мову.

Паўмільёна штодзённа карыстаецца мовай у сістэме адукацыі (настаўнікі, вучні, выкладчыкі ВНУ, студэнты), але не за яе межамі. 72 тысячы гавораць па-ірландску кожны дзень, з іх 20 тысяч жыве ў Гэлтахце (тэрыторыі краіны, дзе мова найбольш захавалася).

Урад Ірландыі распрацаваў праграму адраджэння роднай мовы (тэрмін 20 год) і плануе да 2030 года павялічыць колькасць людзей, якія штодзень будуць размаўляць па-ірландску, да 250 тысяч.

Зараз ірландскую мову вывучаюць вучні ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў (1500 вучэбных гадзін за 13 год), а таксама студэнты як у мясцовых ВНУ, так і за межамі краіны. З 2007 года ірландская мова атрымала статус афіцыйнай мовы Еўразвязу, яе можна выкарыстоўваць у парламенце, судах усіх узроўняў, ёсць спецыяльнае моўнае заканадаўства і моўная камісія. Маюцца дзяржаўныя тэле- і радыё-станцыі, выдаюцца дзве штотыднёвыя газеты. Існуюць дзяржаўныя моўныя арганізацыі, якія спрыяюць развіццю ірландскай мовы.

У 2006 годзе Урад Ірландыі выступіў з заявай аб распрацоўцы і ўвасабленні ў жыццё 20-гадовай паэтапнай стратэгіі, якая зараз існуе на стадыі праекта і прадугледжвае наступныя змены праз 20 гадоў:

— Ірландская мова выкарыстоўваецца больш шырока,стала больш вядомай і ёй ганарацца ва ўсім грамадстве.
— Мова часцей выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці, для яе створаныя сферы ўжывання.
— Ірландская мова робіць багацейшым жыццё ўсіх людзей; гэта жывая мова, не абмежаваная толькі школьным асяродкам.
— Мы з’яўляемся прыкладам для іншых народаў і краін, якія імкнуцца абараніць свае мовы, якія мала выкарыстоўваюцца.

Распрацоўшчыкі стратэгіі лічаць, што “заканадаўства ня ёсць сродак выратавання мовы. Мову ня можа выратаваць урад, міністэрства, альбо іншая дзяржаўная ўстанова. Выратаваць мову могуць толькі людзі. Але ўрад і дзяржаўныя ўстановы, безумоўна, са свайго боку павінны падтрымліваць і заахвочваць, ствараць месца і прастору для мовы ў грамадскай дзейнасці, як яна не знаходзілася па-за грамадствам, а належала масавай культуры.

Нам неабходна дасягаць лепшых вынікаў, выкарыстоўваючы для сваіх распрацовак тэарэтычную базу.

Стратэгія жыццёва неабходная. Дамоўленасць – усяго толькі першы крок. Галоўнае — увасабленне ў жыццё.

У 2008 годзе прэм’ер-міністр Ірландыі абвясціў па моўным пытанні наступнае:
“Культурная і моўная спадчына свету дакладна так знаходзіцца пад пагрозай, як і некаторыя іншыя складовыя часткі сусветнай экасістэмы.

Мы прынялі на сябе выключны абавязак: абараняць ірландскую мову, якая з’яўляецца часткай сусветнай спадчыны. Ніводная суверэнная дзяржава ніколі добраахвотна не адмаўлялася ад мовы продкаў, і мы таксама не маем намер гэта рабіць”.

Нашы сустрэчы

 20 ліпеня з ранку да вечара мы працавалі ў Дубліне. Нас ласкава прыняў і апекаваў ўвесь час Дэпартамент па пытаннях грамадаў, роўнасці і Гэлтахта. Гэта вядучая дзяржаўная ўстанова краіны, якая займаецца моўнымі праблемамі. Пад час агляднай лекцыі мы даведаліся, што першая рукапісная кніга на ірландскай мове з’явілася ў 860 годзе. Цяпер з большага ведаюць родную мову толькі 42% насельніцтва краіны, толькі 85 тысяч чалавек гавораць на ёй штодня, а 97 тысяч – не радзей чым адзін раз на тыдзень.

Актыўнымі носьбітамі мовы з’яўляюцца 64 тысячы чалавек, з іх асноўная маса жыве ў Гэлтахце. У Канстытуцыі Ірландыі. прынятай у 1937 годзе, у артыкуле 8 запісана, што першая дзяржаўная мова – ірландская, а другая – англійская. У 2003 годзе быў прыняты закон аб афіцыйных мовах у краіне, які ўзяў за аснову моўнае заканадаўства Канады. У адпаведнасці з законам. на першым месцы кліент, менавіта ён выбірае мову зносін.

З 1 студзеня 2005 года ірландская мова з’яўляецца адной з афіцыйных моў Еўразвязу, і таму на яе перакладаюць афіцыйныя дакументы, а таксама вылучаюць грошы на навучанне роднай мове ў ВНУ, каб у першую чаргу рыхтаваць лінгвістаў, юрыстаў і перакладчыкаў. У 50 універсітэтах за межамі Ірландыі, нават у Оксфардзе, вывучаюць ірландскую мову. Дапамаглі ў захаванні ірландскай мовы нямецкія навукоўцы, якія ў канцы ХІХ стагоддзя звярнулі на яе пільную ўвагу, як на элемент старажытнай кельцкай культуры. Існуе тэлеканал, дзе ўсе перадачы ідуць па-ірландску, часам гэта мова гучыць на іншых каналах ТБ. Выходзяць дзве агульнанацыянальныя газеты, адна з іх – як ірландскамоўны дадатак да папулярнай англамоўнай газеты. Праект 20-гадовага плана падтрымкі ірландскай мовы надрукаваны ў лістападзе 2009 г. Паколькі толькі 9% ірландцаў могуць гаварыць на роднай мове, некаторыя грамадзяне, нават палітыкі, варожа ставяцца да тых міністраў, хто афіцыйна выступае па-ірландску. Аднак ірландская версія Канстытуцыі мае перавагу і сілу закона. Дэпутаты ірландскага парламента могуць не ведаць ірландскай мовы, але маюць у парламенце сінхронны пераклад з яе.

Усё гэта паведаміў кіраўнік Дэпартамента Дэклан О’Брайен (Deaglain O’Brian), які суправаджаў нас на працягу ўсёй паездкі.

Потым нас пазнаёмілі з Актам аб афіцыйных мовах, прынятым у 2003 годзе, а раней у краіне моўнай заканадаўчай базы не было. Мэта гэтага закона – даць магчымасць аказваць людзям паслугі на ірландскай мове. Існуюць розныя трохгадовыя праграмы па развіцці ірландскай мовы. Яны ахопліваюць больш сотні розных дзяржаўных устаноў і ВНУ. У 2004 годзе ў краіне ўведзена пасада моўнага камісара, які прызначаецца непасрэдна прэзідэнтам краіны. Камісар разглядае скаргі грамадзян па моўных пытаннях і дае рэкамендацыі па іх вырашэнні. У штаце камісіі 8 супрацоўнікаў. У год паступае прыкладна 700 скаргаў.

Да 1933 года ўсе службоўцы былі павінны ведаць ірландскую мову, але потым гэта правіла адмянілі, і зараз толькі 3% афіцыйных асобаў могуць аказваць паслугі на ірландскай мове. У краіне створана незалежная сетка перакладчыкаў на ірландскую мову, якія маюць афіцыйную акрэдытацыю. Зараз іх 145 чалавек.

У краіне дзейнічаюць два тэрміналагічныя камітэты, адзін з іх –юрыдычны — створаны ў 1945 годзе.

Ёсць праблема з падручнікамі і слоўнікамі ірландскай мовы. Апошні правапіс быў зацверджаны ў 1958 годзе, ірландска-англійскі і англійска-ірландскі слоўнікі створаны, адпаведна, у 1959 і 1977 гадах.

Зараз рыхтуюцца да выдання новыя слоўнікі аб’ёмам прыкладна 50000 слоў. Апошні падручнік ірландскай мовы выйшаў у 1959 годзе.

Потым адзін з адвакатаў расказаў нам аб мовах у ірландскіх судах. У судах разглядаюцца грамадзянскія і крымінальныя справы, а таксама справы супраць дзяржавы і наадварот, супраць асобы.

У адпаведнасці з законам 1924 г. усе суддзі на тэрыторыі Гэлтахта павінны ведаць ірландскую мову, але гэты закон не працуе. Толькі два суддзі ў Вярхоўным Судзе краіны ведаюць ірландскую мову, але ў судах ёсць сінхронны пераклад, і 70% моўных спрэчак у судах разглядаюцца па-ірландску. Суду прысяжных на ірландскай мове ў краіне няма.
Прадстаўнік Камітэта, адказны за тапаніміку, расказаў пра геаграфічныя назвы і абазначэнне тапонімаў.

Большасць геаграфічных пунктаў у краіне склалася да XVII стагоддзя, але потым англічане іх у асноўным пераназвалі або перапісалі назвы на англійскі манер. Да пачатку ХІХ стагоддзя англійскія назвы сталі стандартнымі. У 1830-я – 40-я гады была зроблена геадэзічная мапа краіны. Пасля 1922 года і асабліва пасля прыняцця Канстытуцыі 1937 года ўзнікла неабходнасць вяртання ірландскіх назваў. У кельцкіх раёнах дарожныя знакі сталі рабіцца толькі на ірландскай, а ў іншых месцах – на дзвюх мовах, прычым ірландская – першая, і тэкст на ёй вылучаны асобным шрыфтам і колерам. У 1946 годзе стварылі Камісію па геаграфічных назвах. Яна падрыхтавала на ірландскай мове спіс дзвюх з паловай тысяч паштовых гарадоў і вёсак.

Новыя назвы – гэта кампетэнцыя графстваў. Звычайна новыя назвы ствараюцца на англійскай мове. а потым перакладаюцца на ірландскую. Вельмі цікавяцца геаграфічнымі назвамі ірландскія эмігранты.

Аб ужыванні ірландскай мовы ў сістэме адукацыі нам распавяла чыноўніца з Дэпартамента адукацыі.

У 1831 годзе англічане зрабілі нацыянальную школу з мэтай пашырэння англійскай мовы. Выкладанне на ірландскай было забаронена. Аднак пад ціскам грамадскасці ў 1879 годзе акупанты дазволілі нядзельныя школы на ірландскай мове, у 1883 годзе дазволілі выкладаць яе ў кельцкіх рэгіёнах, а ў 1900 дазволілі выкладанне ірландскай як дадатковай ва ўсіх школах краіны.

17 сакавіка 1922 года ірландская мова стала абавязковым прадметам школьнай праграмы. У 1932 годзе стварылі каледжы для настаўнікаў, якія былі вельмі папулярнымі.

Аднак у 1937 годзе прафсаюз настаўнікаў выступіў супраць навучання малых дзяцей з 4 да 6 год толькі па-ірландску, і пачаўся заняпад. У 1961 годзе падрыхтоўчыя каледжы для настаўнікаў ірландскай мовы зачынілі.

Сёння большасць ірландскіх настаўнікаў кепска валодае ірландскай мовай і не хоча на ёй размаўляць за межамі школы. Тым не менш, з 1934 года неабходна здаваць абавязковы іспыт па ірландскай мове каб атрымаць атэстат. У 1998 годзе прынята новая адукацыйная праграма. У адпаведнасці з ёй вучні старэйшых класаў (15 – 18 гадоў) здаюць абавязковыя іспыты па пяці прадметах, і адзін з іх – па ірландскай мове. Тым не менш. у 2010 годзе толькі 82% дзяцей здавалі іспыт па ірландскай мове, хоць ён і абавязковы. Астатнія былі вызвалены як дзеці замежных грамадзян ці хворыя.

Большасць ірландамоўных школ дзейнічае ў Гэлтахце. Гэта 136 пачатковых і 137 маленькіх сярэдніх школаў. Існуе таксама 28 пачатковых і 39 сярэдніх школ з ірландскай мовай навучання ў іншых раёнах Ірландыі. З іх – 12 сярэдніх школ у Дубліне. На жаль, толькі адзін вучань з трынаццаці вучыцца сёння на роднай мове. Англійскую мову, як і ірландскую, вывучаюць тры гадзіны на тыдзень.

Выкладчыца Ірландскага нацыянальнага універсітэта, сп. Ганна распавяла нам пра ўзровень валодання мовамі, неабходны для паступлення на дзяржаўную службу, а таксама пры вызначэнне ўзроўню валодання ірландскай мовай.
Да 1974 года службоўцы ў Ірландыі мелі даплату да 10% за валоданне роднай мовы і 5% — за слабое валоданне ёю. Потым надбаўкі адмянілі, а ў 1990 г. іх вярнулі, але ў меньшых памерах: 6% даплаты за валоданне ірландскай мовай і 4% за частковае валоданне ёю.

У 2007 годзе толькі 3% чыноўнікаў адукацыі вольна карысталіся кельтскай мовай. так што, наш міністр адукацыі пакуль можа ганарыцца сваімі падначаленымі.

У 2001 г. у ЕС было вызначана 6 узроўняў ведання кожнай афіцыйнай мовы. На гэтым грунце ў 2005 годзе быў распрацаваны еўрапейскі сертыфікат ведання ірландскай мовы (4 узроўні). Сярод славянскіх універсітэтаў вылучаецца пражскі, дзе болей за 100 студэнтаў вывучаюць ірландскую мову. У ірландскіх школах у якасці замежных моваў вывучаюць французскую, нямецкую і іспанскую мовы. Мецэнатаў і прыватных спонсараў, якія згодны даваць грошы на развіццё ірландскай мовы няма, як у Ірландыі, так і за яе межамі.

Вечарам нас чакала культурная праграма. Мы наведалі ўстанову, падобную на наш вясковы ці раённы Дом культуры. Асабліва падобнымі да нашай былі: сцэна і глядзельная зала, аздобленыя дзяржаўным ірландскім сцягам.

Людзей было шмат, большасць моладзі, дзяцей і пенсіянераў сталага веку. Выступіў фальклорны гурт, які спяваў, граў на народных інструментах ( у тым ліку на дудзе і скрыпцы) і танчыў народныя танцы, якія крыху нагадвалі “чачотку”. танцоры мелі спецыяльны абутак, якім і адбівалі пэўны рытм. Цікава, што артысты запрашалі з залы ўсіх ахвотных і вучылі іх танчыць пад музыку. Потым была гарбата і кава, людзі доўга не разыходзіліся, гутарылі з артыстамі, набывалі дыскі з запісамі іх твораў.

Раніцай 21 ліпеня мы сустрэліся з прадстаўнікамі дублінскага гарадскога універсітэта, якія расказалі пра працу тэрміналагічнага камітэта, які з’яўляецца структурнай часткай універсітэта. Яго супрацоўнікі працуюць на кантрактнай аснове. Паседжанне камітэта адбываюцца раз на месяц, ён мае пастаяннага сакратара. Да 2005 г. было створана 50 галіновых слоўнікаў. Зроблена база дадзеных, якая налічвае 150 000 слоў і выстаўлена на спецыяльным сайце. У месяц гэты сайт мае прыкладна 6000 наведвальнікаў. Тэмпы працы камітэта павялічыліся з 2008 года, калі трэба было ў месяц стварыць 13 тысяч слоў.

Потым мы наведалі Інстытут ірландскай мовы, які быў створаны ў 1999 годзе, як урадавая установа. Ён мае фінансаванне 20 млн. еўра ў год. Усяго краіна выдзяляе на развіццё і захаванне ірландскай мовы 70 млн. еўра ў год. Самая вялікая праца, гэта праца з моладдзю, якая не хоча размаўляць па-ірландску, гэта дзеці ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Дзейнічаюць дзіцячыя летнікі на ірландскай мове, дзейнічае сістэма грантаў для выкладчыкаў ВНУ.

На жаль курсаў па гісторыі Ірландыі на ірландскай мове няма. Няма і нацыянальнай энцыклапедыі на роднай мове. Але большасць дзяржаўных сайтаў маюць ірландскую версію.

Потым мы паехалі ў г. Галуэй – сталіцу ірландскай часткі краіны.

Ехалі мы па мясцовых, вясковых дарогах таму, што заязджалі наведаць нацыянальны помнік Ірландыі Клонмакнойз. Дарогі вельмі вузкія, але вельмі якасныя, калюгаў на асфальце няма. Ірландцы не жывуць вёскамі, бо кожны мае свой падворак, бліжэй, ці далей да дарогі, што падобна на нашыя былыя хутары. Палеткаў амаль не бачылі, толькі мясціны, дзе дабываюць торф і выпасы для хатняй жывёлы ( у асноўным авечкі і каровы, але сустракаліся і коні).

Вечарам паехалі ў Галуэй і пасяліліся ў гатэлі на беразе акіяна. Увесь бераг быў завалены вялікімі і маленькімі камянямі, таму да вады прайсці цяжка. Далей расце дзікая яжына і крапіва, як на нашым балоце, нават ёсць бадзякі.
Раніцай, у чацвер 22 ліпеня мы наведалі Нацыянальны ірландскі універсітэт у Галуэі.

Пры універсітэце існуюць акадэмічныя курсы, размоўныя курсы і моўныя цэнтры. Дзейнічае факультэт вывучэння кельцкай культуры. З 2000 года асобныя прадметы сталі выкладацца па-ірландску. Але гэта толькі некаторыя часткі вялікіх курсаў. Напрыклад, матэматыка на першым курсе выкладаецца на роднай мове, а потым па-ангельску. У Галуэі існуе акадэмія вышэйшай адукацыі на ірландскай мове. Яна мае 4 філіялы ў розных населеных пунктах Гэлтахта. У першую чаргу тут рыхтуюць школьных настаўнікаў. Студэнтамі становяцца вясковыя мясцовыя дзеці, якія потым застаюцца ў вясковай мясцовасці, каб вучыць па-ірландску наступнае пакаленне моладзі. Чацвёрты нацыянальны канал дзяржаўнага ірландскага тэлебачання працуе цалкам на ірландскай мове. Яго стала глядзець ад 4 да 6% жыхароў краіны.

Потым мы сустрэліся з кіраўніком грамадскай недзяржаўнай арганізацыі па захаванні ірландскай мовы, якая называецца “Гэльская ліга” і створана ў 1983 годзе. Яна налічвае каля 200 суполак у тым ліку і за межамі Ірландыі. Ёсць таксама і індывідуальныя сябры, але персанальнага ўліку ўсіх сяброў няма. Асноўныя накірункі дзейнасці – гэта прапаганда ірландскай мовы: арганізацыя спаборніцтва ў веданні ірландскай мовы, прычым пераможца атрымлівае прыз у памеры 40 тысяч еўра; падтрымка ірландскамоўных сем’яў; стварэнне ірландскамоўных маладзёвых структураў клубаў; развіццё традыцыйнага мастацтва і літаратуры.

Вельмі цікавая ініцыятыва існуе ў гарадах. Людзі збіраюцца выпіць разам кубак кавы, каб раз пагутарыць на роднай мове. Такая суполка ёсць нават у ірландскім парламенце. Існуюць спецыяльныя моўныя летнікі (трох тыднёвыя), дзе збіраюцца людзі, які жадаюць пад час адпачынку гаварыць міжсобку па-ірландску.

У свой час “Гэльская ліга” вывяла на вуліцы Дубліна 5 тысяч ірландцаў, каб пераканаць парламент зрабіць ірландскую мову афіцыйнай мовай Еўразвязу.
Апошняя наша сустрэча адбылася ў Галуэі са спадаром Шонам (Seán ó Cuirreáin) камісарам Ірландыі па пытанням моваў у яго офісе. Яго выступ меў назву “Перспектывы і выклікі: план развіцця ірландскай мовы і стратэгія ў адносінах да яе на будучыя 20 гадоў”.

Камісар, акрамя агульных лічбаў, якія мы ўжо ведалі, паведаміў, што галоўная мэта 20-ці гадовай праграмы – каб кожны ірландзец ганарыўся сваёй мовай. Гэта ў першую чаргу залежыць ад нацыянальнай эліты і яна зараз у краіне ёсць. Прэзідэнт і міністры ведаюць сваю родную мову, а таксама палова дэпутатаў парламента, якія могуць карыстацца ірландскай мовай.

Камісар паведаміў, што ўсе яго рэкамендацыі па спрэчных пытаннях у адносінах да выкарыстання ірландскай мовы выконваюцца і справы пакуль ніколі не даходзілі да суда.

Потым мы вярнуліся ў Дублін і ранкам адляцелі на Радзіму.

У Дубліне ірландскі бок запрасіў у якасці перакладчыцы беларускую дзяўчыну з Мінску, Таццяну Каваленку, якая скончыла наш Лінгвістычны універсітэт і з 2000 года жыве ў Дубліне. Таму і ў Дубліне я мог гаварыць з ірландцамі па-беларуску, бо Таня не забылася родную мову.

У Галуэі перакладчыкам быў украінец, спадар Зміцер з Львова, які з задавальненнем размаўляў са мною па-ўкраінску і ўсё разумеў па-беларуску. тыя ірландскія чыноўнікі, якія ведалі рускую мову, глядзелі на мяне з вялікай павагай, калі я пераходзіў на беларускую мову, а Таня адразу перакладала з яе на англійскую.

Дзякуючы місіі АБСЕ у Мінску, у Дубліне таксама пачнуць размаўляць па-беларуску.