Пакуль на Беларусі выбарчыя камісіі падводзілі вынікі этапу вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у Расіі адбыліся такія падзеі, якія могуць паўплываць не толькі на вынікі выбараў, але і цалкам на тую палітычную дыспазіцыю, якая ўзнікне на Беларусі ўвосень 2012 года.

Уся справа ў тым, што ў 2012 годзе расійскае вышэйшае кіраўніцтва стала ахвярай спецыяльнай аперацыі, вельмі падобнай на выпадак з «плюшавым дэсантам», які адбыўся ў Беларусі (але падрабязна аб гэтым падабенстве — пазней). Зразумела, маецца на ўвазе так званае «панк-набажэнства» групы Рussу Rіоt у сценах Храма Хрыста Збавіцеля, на працягу якога ўдзельніцы гэтага злачынства прасілі Багародзіцу «прагнаць Пуціна». Дарэчы, слова «злачынства» тут ужываецца ў юрыдычным сэнсе слова — так дзеянні членаў групы кваліфікаваў расійскі суд. І, на мой погляд, кваліфікаваў справядліва.

Але за некалькі месяцаў следства звычайная справа аб хуліганстве пераўтварылася ў сапраўдны скандал. А пасля таго, як быў абвешчаны прысуд удзельніцам Рussу Rіоt, у інфармацыйнай прасторы з’явілася некалькі новых аналітычных ацэнак гэтых падзей.

Так, шэраг незалежных аналітыкаў пагаджаецца, што той узровень інфармацыйнай падтрымкі, які быў забяспечаны гэтай акцыі, сведчыць: дачыненне да росту ўвагі грамадства маюць самі ўлады або асобныя групы ва ўладзе. Так, Юрый Крупноў піша ў сваім блогу:

«Брыдкая пусі-правакацыя — гэта ўжо трэці этап мэтанакіраваных і гранічна вынаходлівых спроб выпустошвання рускіх з боку ўплывовых груповак расійскай улады…

Першыя два этапы запускаў персанальна Уладзіслаў Суркоў.

Кожны раз у выніку адпаведных стратэгій і спецаперацый краіна і Пуцін адводзіліся ў бок ад развіцця.

Зараз арганізуецца наступная агенда для краіны — палітычнае праваслаўе. І ёсць усе падставы меркаваць, што гэта зноў робіцца з чуйнай падказкі Суркова. Нездарма апякаемы ім шмат гадоў галоўны адвакат «пусі» і іншай вычварнай часткі сучаснага мастацтва галерыст Марат Гельман падкінуў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі «думку» аб тым, што «Расія рухаецца ў бок праваслаўнага Пакістана».

На думку Юрыя Крупнова, за скандалам з Рussу Rіоt — барацьба расійскіх груповак за тое, які праект адказу на выклік глабальнага крызісу будзе рэалізаваны ў бліжэйшы час. З палітычнага пункту гледжання гэтая барацьба арганізуецца як барацьба за зрушэнне прэзідэнта Пуціна, для чаго патрэбна дыскрэдытацыя ўлады і царквы, якая і ажыццяўляецца праз такія вось скандалы. Узорным у гэтым сэнсе з’яўляецца пераход часткі журналісцкай, экспертнай і нават царкоўнай супольнасцяў на бок «абаронцаў» Рussу Rіоt. Напрыклад, былы вядомы «антыаранжыст» Максім Шаўчэнка ў нядзелю 19 жніўня выступіў у падтрымку не толькі ўдзельніц гурта, але і палітычнай апазіцыі наогул.

Усё гэта мае непасрэднае дачыненне да беларускай сітуацыі і беларускіх выбараў. Па-першае, калі ацэнкі расійскіх аналітыкаў адпавядаюць рэальнасці, то патрабуе ўдакладнення той малюнак палітычнага поля, які мы стварылі ў папярэдніх артыкулах. Вастрыню барацьбы ў расійскім істэблішменце нельга прымяншаць. Барацьба гэтая вядзецца вельмі жорстка, стаўкі ў ёй вельмі высокія (дарэчы, адна з гэтых ставак — лёс расійскай шэльфавай нафты), і яна ў значнай ступені вызначае дынаміку знешняй палітыкі Масквы.

Па-другое, калі мы разгледзім больш падрабязна тое падабенства правакацый, з якімі сутыкнуліся беларускія і расійскія ўлады ў 2012 годзе, то акажацца, што яны заснаваны на ідэнтычным механізме. І ў выпадку незаконнага перасячэння беларуска-літоўскай мяжы, і ў выпадку акцыі Рussу Rіоt на самой справе адбыліся злачынствы, на якія ўлады павінны былі рэагаваць. У абодвух выпадках гэтая рэакцыя не магла не быць жорсткай. У абодвух выпадках гэтая жорсткая рэакцыя не магла не выклікаць негатыўнага міжнароднага рэзанансу, які зрабіў жыццё адпаведных улад больш складаным. У абодвух выпадках правакацыі не скончыліся пасля саміх дзеянняў і захоўваюць моцны разбуральны патэнцыял.

Можна дапусціць, што і арганізатарам гэтых дзвюх правакацый з’яўляецца калі не адзін і той жа чалавек, то суб’екты, звязаныя адзін з адным. І гэтая сувязь паміж арганізатарамі, перш за ўсё, закранае адзінства мэты абедзвюх правакацый. Арганізатары спецаперацый зацікаўлены ў дыскрэдытацыі і дэстабілізацыі ўлады як у Беларусі, так і ў Расіі. Іншымі словамі, у прэзідэнтаў Беларусі і Расіі адзін і той жа вораг. Але гэты вораг мае даволі моцныя пазіцыі ў Маскве і мае магчымасць істотна ўплываць на знешнепалітычны курс расійскага кіраўніцтва.

У гэтых абставінах перад беларускім кіраўніцтвам паўстаюць вельмі складаныя задачы. Неабходна ўзмацніць адзінства і добрыя адносіны з Расіяй і ў той жа час — нанесці паражэнне тым сілам, якія ў значнай ступені кантралююць знешнюю і ўнутраную палітыку Масквы. Беларуска-расійскія адносіны неабходна будаваць на платформе адзіных інтарэсаў развіцця дзвюх краін — на адзінай антыкрызіснай інтэграцыйнай платформе, запрашаючы да супрацоўніцтва Казахстан і Украіну. Толькі такое палітычнае дзеянне дазволіць стварыць новую крыніцу легітымнасці ўлады ў названых дзяржавах.

Таму для новых беларускіх парламентарыяў наступныя восень і зіма будуць гарачымі. Пры належнай эфектыўнай дзейнасці яны могуць стаць галоўнымі памочнікамі вярхоўнай улады ў рэалізацыі антыкрызіснай стратэгіі. Але ж у сваіх намаганнях яны павінны мець магчымасць абапірацца на аналітычныя распрацоўкі адпаведнага ўзроўню. А забяспечыць гэтую магчымасць — ужо задача для экспертнай супольнасці.