Нашай супольнай апазыцыі і перадусім лявіцы неабходна ўсталяваць дэмаркацыйную лінію, лінію, якая б выразна дэманстравала канкрэтнае поле інтарэсаў лявіцы.

Чарговыя псэўдавыбары і чарговая гульня ў выбарнасьць. Рутынная, сумная, хоць і заўсёды выйграшная праца для ўлады, чарговае наіўнае мітушэньне для пэўнае апазыцыі. Рэалістычная, канфармісцкая, кансэрватыўная і да глупотаў і цынізму кампрамісная апазыцыйная правіца вядзе рэй унутры апазыцыі. Слабая і змаргіналізаваная мінуўшчынай лявіца ці то адсутнічае наагул, ці то калябаруе з больш актыўнай, зацятай і амбітнай правіцай. Мусіць калябараваць, бо дасюль апазыцыйная лявіца так і не вызначалася, няма лідара, лідаркі, мысьляра ці мысьляркі, які, якая б выразна адсеклі ад сябе правыя каштоўнасьці і паўтарэньні пунктаў з правых праграмаў.

Нашай супольнай апазыцыі і перадусім лявіцы неабходна ўсталяваць дэмаркацыйную лінію, лінію, якая б выразна дэманстравала канкрэтнае поле інтарэсаў лявіцы. Бо дасюль апазыцыйная лявіца здраджвае сама сабе, часта сьлепа йдзе ўсьлед за правіцай і, напрыклад, безпрынцыпова і лісьліва калябаруе з крывадушнымі і рэакцыйнымі цэрквамі, апускаецца ў містычныя рэлігійныя дыскурсы, абсурдна верыць у бога, апраўдвае радыкальны нацыяналізм, саступае правіцы ў фэмінісцкім кірунку, у фэмінісцкім змаганьні, адмаўляецца такім чынам ад прагрэсысцкіх заваёваў мінулага, змагаецца за мову не таму, што яна памылкова змаргіналізаваная і прынцыпова, амаль мэтанакіравана вынішчаная, а таму, што яна “богам дадзеная” ці прынамсі “найпрыгажэйшая мова ў сьвеце” і  пад.

Наша лявіца дасюль збольшага кансэрватыўная і гамафобная, мізагінная і цемрашальная, расысцкая, у палоне гістарычных мітаў і стэрэатыпаў,  а ўсё таму, што сяньня яна існуе без арыентыраў, ані праграмаў, ані лідараў. Таму, што шмат дзесягодзьдзяў лявіца ня думала пра тое, каб хаця б сьцісла, накідаць уласную карту дзеяньня. Абезгалоўленая ў 20-ыя гады мінулага стагодзьдзя, яна так і не ачуняла, яна так пакуль і ня стала лявіцай эўрапейскага кшталту. Спэцыфіка Беларусі ў тым, што і правіца, і лявіца ня ўпісваюцца ў агульнаэўрапейскую тэндэнцыю ‐ наша правіца занадта радыкальная і містычная, так бы мовіць, занадта рэтра, яна зусім ня рупіцца аб нейкай там палітычнай карэктнасьці, як іх ідэалягічныя калегі на Захадзе, праз сваю рэтраактыўнасьць яна нават не разумее такіх паняткаў, як карэктнасьць, далікатнасьць, кампраміснасьць і пад. Прыгэтым лявіца занадта млявая, не дастаткова сьмелая і радыкальная ў сваіх сацыяльных праектах. Лявіца, якая праз кансэрватызм грамадзтва, ня можа, баіцца, альбо ёй проста няма выгоды быць сапраўдным авангардам і абаронцай новых павеваў.

Пошук агульнай плятформы для ўсёй апазыцыі – добры знак і, дадушы, станоўчая тэндэнцыя, толькі калі да гэтага будуць вызначаныя межы і рэальныя памкненьні такіх адрозных у шматлікіх пытаньнях апазыцыйных плыняў, як правіца і лявіца. Праграмы лявіцы мусяць быць зкарэктаванымі і зканкрэтызаванымі ў пытаньнях рэлігіі, сям’і, сэксуальнасьці, нацыябудаваньня, мовы, эканомікі, гісторыі і пад. Бо дасюль яны цьмяныя і шмат у чым проста моўчкі паўтараюць праграмы правіцы. І ў дадатак, апазыцыйная лявіца ня вінна падзяляць віны, якая аўтаматычна кладзецца на савецкую і саветызаваную лявіцу – камуністаў СССР, БССР за ўсе іх антычалавечыя ўчынкі. Нагадаем, што альтэрнатыўная лявіца БССР, таксама як і правіца, трапіла ў кола зьнішчэньня ў 20-ым стагодзьдзі, а таму сяньня альтэрнтаўны савецкаму левы праект мусіць быць агучаны і прапанаваны грамадзтву.

Беларуская лявіца (сацыял-дэмакраты, зялёныя, альтэрнатыўныя ці рэвізаваныя камуністы, сацыялісты-грамадоўцы ды іншыя) мусіць канкрэтызаваць свае інтарэсы і прабудзіць снулае грамадзтва, прапанаваць яму суладны праект, бо пакуль мы назіраем толькі ягонае успленьне. Успленьне грамадзтва і перадусім успленьне лявіцы. Рыхтык млявыя і інэрцыйныя хрысьціяне, беларускія левыя аддаюцца мэдытаваньню і татальнаму ўспленьню.

І ўсё гэта на тле рэактывацыі і дынамічнага разьвіцьця правіцы, якая блёкам спрабуе захапіць увагу беларусаў, змаргіналізаваць любую спробу лявіцы прапанаваць уласны праект ці праекцік. Няікіх размоваў пра супольны лягер, супольныя з правіцай дзеяньні ня могуць і распачынацца, пакуль лявіца выразна ня вылучыць уласнай праграмы дзеяньня, не падкрэсліць непахісных прынцыпаў. Лявіца ня можа сядаць за стол перамоваў разам з нібыта хаўруснай правіцай, якая насамрэч заўтра перакінецца ці не галоўным ейным ворагам.

У наступных пунктах лявіца мусіць быць адданай агульналевым ідэалам Эўропы з улікам пэўнай беларускай спэцыфікі:

1.    Сьвецкасьць (змаганьне за прынцып радыкальнай сьвецкасьці, адносіны прынцыповай і непахіснай субардынацыі Цэркваў Дзяржаве. Свабода веравызнаньня і невызнаньня ніякай веры бяз усякіх сымфанічных адносінаў з той ці іншай Царквой).

2.    Моўна-культурны нацыяналізм без містыцызму, ані эсэнсэалізму. Культурнае і моўнае адраджэньне, як праект дэмаргіналізацыі беларускасьці, а не як праект выпраўленьня хібаў і высьвятленьня адносінаў з суседзямі. То бок, пазыцыя звычайнага грамадзянскага нацыяналізму. У моўным пляне прынцыповая і ўдарная беларусізацыя.

3.    Фэмінізм і сацыяльная салідарнасьць (бязупыннае змаганьне за роўнасьць палоў і сэксуальнасьцяў, а таксама за сацыяльныя правы ўсіх грамадзянаў і грамадзянак). Сынтэз адначасова пазыцыяў Цёткі, П. Бадуновай, эгалітарысцкай практыкі камуністаў БССР і асучасьненая рэвізыя фэмінісцкага разьвіцьця грамадзтва з улікам правоў геяў і лесьбіяк. У аснову варта пакласьці рэвізаваны і дапоўнены прынцып братэрстава і сястрынства. У дадатак, лявіца, як заўсёды надзвычай сучасны палітычны актор, павінна непахісна змагацца з цемрашальствам, антынавуковасьцю і маралізатарствам у этычным вымярэньні. Прынцып роўнасьці сэксуальнасьцяў павінен стаць нагэтулькі ж важным і змагарскім, як і прынцып роўнасьці палоў. Бо дасюль у праграмах мясцовай лявіцы выразна дамінуе гетэранарматыўнасьць.

4.    Экалягізм i экалягічная аднова (антыатамная скіраванасьць, запозьненая, але усё ж кампанія г. зв. дэчарнабілізацыі грамадзтва, то бок, прафіляктыка і масавае дыягназаваньне насельніцтва, якое патрапіла і трапляе пад радыяцыю).

5.    Эканамічная кампанэнта (суладная камбінацыя прыватнай і дзяржаўнай уласнасьці і мадэлі функцыянаваньня) – рынкавая сацыяльная эканоміка, дзе свабоднае прадпрымальніцтва спалучаецца з пэўным дзяржаўным рэгуляваньнем.

6.    Непахісная праэўрапейскасьць краіны ў геапалітычным выбары. Беларусь – перадусім эўрапейская краіна. Праграма‐мінімум – нэўтралітэт, праграма‐максымум – ЭЗ.

Пара лявіцы скінуць зь сябе савецкі пыл і чмут, пазбавіцца памылкова навязаных комплексаў, праснуцца, не сесьці, напрыклад, за адзіны стол з рэтраграднай правіцай, як бы ні крычалі цэнтрысты, лібэралы ды іншыя пра супольную адказнасьць усёй апазыцыі за будучыню краіны. У лявіцы адна адказнасьць – адказнасьць за прагрэсысцкую і эгалітарысцкую Беларусь, за Беларусь без маралізму, ані іншых штучных і містычных дэтэрмінізмаў.