Мясцовыя выбары 2010 г. у адрозненне ад прэзідэнскіх і парламенскіх ствараюць найболей спрыяльныя за апошнія гады ўмовы для апазіцыйных сіл пачаць сваю інстытуалізацыю і наладзіць камунікацыю з грамадствам.

У пачатку 2010 у Беларусі стартуе новы электаральны цыкл, які можа стаць пачаткам інстытуалізацыі беларускіх апазіцыйных сілаў: у красавіку 2010 г. плануюцца выбары ў мясцовыя саветы, а ў пачатку 2011 г. прэзідэнскія.
Беларускімі палітычнымі партыямі і арганізацыямі надаецца нашмат меншая ўвага мясцовым выбарам, чым прэзідэнскім або парламенскім, нягледзячы на тое што мясцовы ўзровень з’яўляецца асновай ўсёй уладнай сістэмы і без яе падтрымкі немагчыма праводзіць паспяховыя агульнанацыянальныя выбарчыя кампаніі. Прычым як сярод уладных, так і апазыцыйных элітаў распаўсюджана меркаванне аб адсутнасці рэальных рычагоў ажыццяўлення ўлады ў мясцовых органах самакіравання і іх поўнай рудыментарнасці ў адносінах да выканаўчай сістэмы. Падобнае меркаванне стымулюецца сённяшнімі кіруючымі элітамі, якія імкнуцца да максімальнага кантролю за развіццём палітычнай сітуацыі, у тым ліку і праз змяншэнне канкурэнцыйнай барацьбы на мясцовым узроўні. Пры гэтым, для Беларусі характэрны значны перакос у бок выканаўчай галіны ўлады на ўсіх узроўнях палітычнай сістэмы, аднак нават пры гэтай гіпертрафаванасці выканаўчай ўлады існуюць істотныя магчымасці для арганізацыі дзейнасці з грамадзянамі ў мясцых саветах ў рамках дэпутацкіх паўнамоцтваў: нягледзячы на адсутнасьць функцыянальнай улады, дэпутаты мясцовых Саветаў маюць «статусны ўплыў». [7] Прычым кіраўніцтва краіны даўно зразумела значнасць гэтага інстытуту ўлады для забеспячэння дадатковых гарантый стабільнасці існуючай палітычнай сістэмы: з 2002 г., калі А. Лукашэнка абвесціў мясцовыя саветы разам з «моцным маладзёвым рухам» і «адзінымі прафсаюзамі» апорай дзяржаўнай палітыкі на месцах, прадстаўніцтва апазіцыйных сілаў у мясцовых саветах з кожным электаральным цыклам скарачалася і на выбарах 2007 г. дасягнула свайго мінімуму за ўсю гісторыю незалежнасці Беларусі. Мясцовыя выбары 2010 г. у адрозненне ад прэзідэнскіх і парламенскіх ствараюць найболей спрыяльныя за апошнія гады ўмовы для апазіцыйных сіл пачаць сваю інстытуалізацыю і наладзіць камунікацыю з грамадствам. Перад геапалітычнымі выклікамі з’яўляюцца дадатковыя магчымасці лібералізацыі правядзення мясцовых выбараў пад ціскам Еўрасаюза. Зараз паводле заяваў прадстаўнікоў ЦВК рыхтуюцца адпаведныя змены ў выбарчым заканадаўстве, якія нарматыўна пашыраць магчымасці ўдзелу ў выбарчым працэсе апазыцыйным кандыдатам.[3] Кампанія байкоту з увагі на рэальны ўплыў беларускіх апазіцыйных сіл на палітычны працэс як на мясцовым, так і на нацыянальным узроўні з’яўляецца найменей эфектыўным спосабам удзелу ў палітычным жыцці.
Мэтаю гэтага артыкула з’яўляецца вызначэнне ўплыву апазіцыйных сілаў на палітычны працэс на мясцовым узроўні, а таксама аналіз магчымых варыянтаў удзелу палітычных сілаў у мясцовых выбарах 2010 на аснове параўнаўчага і сістэмнага падыходаў, аналізу вынікаў нацыянальных апытанняў НІСПЭД, афіцыйных дакументаў ЦВК РБ, экспертных ацэнак, заяваў лідэраў палітычных сілаў Беларусі.

Выбары 1999, 2003, 2007: страчаныя магчымасці

На працягу апошніх трох выбарчых кампаній у мясцовыя саветы ў 1999, 2003 і 2007 г.г. прадстаўніцтва апазіцыйных сілаў у мясцовых органах самакіравання значна зменшылася. Прычым сама каштоўнасць мясцовых выбараў і саветаў пастаянна нівеліявалася у вачах палітычна актыўнага слою грамадства. Канкурэнцыя на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў у 1999 г. і 2003 г.г. складала каля 1,11 чалавека на месца, а ў 2007 толькі 1,05, што канчаткова зацвердзіла афармленне беларускай аўтарытарнай сістэмы, якая паставіла пад татальны кантроль і мясцовы ўзровень улады. Пасля 2007 г. палітычны працэс на мясцовых узроўні пачаў вызначацца наступнымі двума характарыстыкамі:
— у кіруючых элітах на мясцовым узроўні ўжо адсутнічае канкурэнцыя, што пацвяджае існаванне агульнага спісу кандыдатаў ад уладаў;
— апазіцыйныя сілы згубілі нават тыя невялікія інстытуцыйныя магчымасці для камунікацыі з мясцовымі элітамі і грамадствам, якія дагэтуль мелі на мясцовым узроўні праз сваіх малалікіх прадстаўнікоў у саветах.
У 1999 г. на 24557 дэпутацкіх месцаў зарэгістравана каля 27362 прэтэндэнтаў, або каля 1,11 чалавека на месца. Удзел у выбарах прынялі 66,3% выбарцаў. З 24566 дэпутацкіх вакансій было абрана 24058 дэпутатаў, або 97,9%. Нягледзячы на тое што большасць палітычных партый паводле рашэння Кангрэсу дэмакратычных сіл байкатавала мясцовыя выбары, апазіцыйныя камуністы здолелі правесці актыўную кампанію і выставіць болей за 750 кандадатаў, з якіх у саветы патрапіла прыкладна 250 дэпутатаў. Акрамя таго партыйныя кандыдаты былі вылучаны ад ПКБ, ЛДП, ПНЗ, «Славянскі сабор». ЛДП пры канцы сакавіка заявіла аб зняцці сваіх кандыдатаў з перадвыбарнай гонкі.
Падчас выбараў 2003 г. было пададзена на рэгістрацыю 26567 ініцыятыўных групаў на 24003 месцы, або каля 1,11 чалавека на месца, з іх было зарэгістравана 25805, або 97,1% ад агульнай колькасці.[13] У выніку канкурэнцыя склала 1,08 чалавека на месца. Удзел у выбарах прынялі 73,4% выбарцаў. З 24003 дэпутацкіх вакансій было абрана 23469 дэпутатаў, або 97,78%.
Большасць апазіцыйных сілаў прымала ўдзел у выбарах 2003 г. Толькі КХП БНФ заклікала да байкоту мясцовых выбараў 2003 г. Лідэр ЛДПБ С. Гайдукевіч таксама быў блізкі да падобнай пазіцыі, калі заяўляў: «Нашая партыя згодная ў выпадку іх няўдзелу ў гэтых выбарах падтрымаць байкот, ён як ніколі неабходны. У нас жа ня выбарчая камісія лічыць, а мясцовая ўлада, вэртыкаль, у нас участковыя камісіі выканкамы ствараюць. Які хочаш, такі табе і намалююць пратакол, калі захочуць, у любы час… Гэта толькі наіўны народ будзе хадзіць бюлетэні кідаць».[4] Тым не менш, сябры ЛДПБ прымалі ўдзел у мясцовых выбарах 2003 г. і зазналі найбольшыя страты на этапе рэгістрацыі: з 329 прэтэндэнтаў засталося 184. Адсеў партыйных кандыдатаў ад апазіцыі падчас рэгістрацыі быў таксама значным: у Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды з 21 вылучанага прадстаўніка зарэгістраваны 9 (43%); у Аб’яднанай грамадзянскай партыі са 130 – 54 (41,5%); у Партыі БНФ з 76 – 50 (66%); у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) са 103 – 69 (67%); у Партыі камуністаў Беларускай з 208 – 173 (83%); у Беларускай партыі працы — 4 з 4 (100%). Пры гэтым з 1033 партыйных вылучэнцаў зарэгістраваныя былі 693 чалавекі, або 67,09% ад пададзеных заяваў. Як бачна з лічбаў адсеў партыйных кандыдатаў быў найбольшым і істотна перавысіў сярэднія лічбы: было зарэгістравана 97,1% ад усіх пададзеных заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. У сваю чаргу А. Лукашэнка заяўляў аб выключнай важнасці мясцовых выбараў 2003 г. і мясцовых саветаў, якія павінны былі стаць апорай дзяржаўнай палітыкі на месцах.
Згодна за афіцыйнымі звесткамі ЦВК у 2003 г. было абрана 102 дэпутата, якія з’яўляліся сябрамі апазіцыйных партыяў (ПКБ, АГП, ПБНФ, БП “Надзея”, БСДП (НГ), БПП). Да іх таксама можна дадаць некалькі дзесяткаў беспартыйных дэпутатаў, якія былі блізкія да апазіцыі. Паводле незалежных ацэнак агулам дэмакратычна настроеных дэпутатаў было абрана каля 180 чалавек. Асамблея дэпутатаў мясцовых Саветаў, якая аб’яднала як партыйных так і беспартыйных дэмакратычна настроенных дэпутатаў, мела ў сваім складзе каля 85 чалавек на канец 2006 г. [5]
У 2007 г. на рэгістрацыю падалі 24410 ініцыятыўных групаў на 22661 дэпутацкіх месца, або 1,08 чалавек на месца. Зарэгістравана было 23791 кандыдата, або 97,5% ад пададзеных заяваў.[14] Удзел у выбарах прынялі 79,2% выбарцаў. З 22661 дэпутацкіх вакансій было абрана 22639 дэпутатаў, або 99,9%. Колькасць новых сябраў Асамблеі дэпутатаў мясцовых Саветаў па выніках выбараў 2007 г. склала толькі 12 чалавек, з якіх адзінкі з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных партый.[2] Канкурэнцыя на выбарах 2007 г. была найбольшай у Мінгарсавет (3,05 на месца), на абласным узроўні — 1,36 на месца, базавы ўзровень (раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветы) — 1,11 на месца, першасны ўзровень (сельскія, пасялковыя, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання) – 1,02 на месца. Пры гэтым, альтэрнатыўных кандыдатаў у дэпутаты саветаў было:
— першаснага ўзроўню 364 чалавекі на 17591 акругаў;
— базавага ўзроўню 525 чалавека на 4655 акругаў;
— абласнога ўзроўню 241 чалавек на 415 акругаў;
Большасць апазіцыйных сілаў прымала ўдзел у выбарах 2007 г.: каля 600 прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, ПКБ і БСДП (Грамада) падалі заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Толькі прыкладна 40 кандыдатаў ад партыі БНФ, каля 50-ці сяброў АГП, 32 сябры ПКБ дайшлі да дня галасавання. Камуністы рэкамэндавалі сваім кандыдатам адмовіцца ад удзелу: на першым этапе яны мелі 245 ініцыятыўных груп, але ПКБ атрымала найбольшы адсеў пры рэгістрацыі кандыдатаў, пасьля рашэньня зьезду аб пажаданым няўдзеле ў выбарах засталося 50 кандыдатаў. КХП БНФ зноўку абрала тактыку байкоту выбараў, якая з’яўляецца часткай іх доўгатэрміновай стратэгіі дэлегітымізацыі кіруючай эліты. Пры гэтым, у асяродку Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) пераважаў фармальны падыход да правядзення кампаніі. АДС дэкларавалі свой удзел як дадатковую магчымасць выкарыстаць мясцовыя выбары для правядзеньня адзінай шырокамаштабнай палітычнай кампаніі як простага працягу прэзыдэнцкіх выбараў, як легальны спосаб камунікацыі зь беларускімі грамадзянамі.[1]

Выбары ў мясцовыя саветы 2007 г. засведчылі наступнае:
— абмежаванасць чалавечых рэсурсаў сярод апазіцыйных сілаў, якія не здольныя арганізаваць прыстойную канкурэнцыю праўладным кандыдатам на першасным і базавым узроўнях, і нават на абласным узроўні;
— фармальнасць удзелу апазіцыйных сілаў у мясцовых выбарах;
— апазіцыйныя сілы (у пераважнай большасці выпадкаў менавіты яны стваралі канкурэнцыю на выбарах 2007 г., калі аўтарытарная ўлада ўжо пазбавілася ўнутранай канкурэнцыйнай барацьбы, як заўважалася вышэй) арганізуюць сваю працу па прынцыпу “зверху ўніз”, калі галоўным лічыцца фармальны ахоп тэрыторыі і змаганне за месцы ў саветах вышэйшых ўзроўнях;
— найбольшая канцэнтрацыя апазіцыйных рэсурсаў у сталіцы краіны г. Мінск і некаторых буйных гарадах.
Такім чынам пачынаючы з выбараў 1999 г. і да выбараў 2007 г. аўтарытарнае кіраўніцтва здолела цалкам падпарадкаваць мясцовыя саветы, звёўшы да мінімуму канкурэнцыйную барацьбу на мясцовым узроўні. У сваю чаргу ў апазіцыйных сілаў адсутнічала паслядоўная стратэгія ўдзелу ў палітычным працэсе на мясцовым узроўні і яны былі цалкам выцеснены з гэтага ўзроўню ўлады.

Механізмы забеспячэння аўтарытарнага кантролю выбарчага працэсу

Палітычныя сілы ва ўмовах аўтарытарызму не маюць магчымасці для паўнацэннай канкурэнцыі з кіруючымі элітамі ў правядзенні паўнавартасных электаральных кампаній на усіх узроўнях палітычнай сістэмы. Кіруючыя эліты ўжываюць разнастайныя сродкі падтрымання стабільнасці і кантролю за развіццём палітычнага працэсу, сярод якіх:
1. Кантроль над СМІ;
2. Выбарчае заканадаўства і практыка яго прымянення;
3. Выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу;
4. Ужыванне рэпрэсіўных практык у адносінах да апанентаў;
5. Стварэнне апатыі ў грамадстве і дэмаралізацыі апазіцыйных палітычных сілаў у сувязі з так званай “прадвызначанасцю” вынікаў выбараў.
6. Дэзінфармацыя і нагнятанне атмасферы страху. Папярэджанне дзяржаўных службоўцаў аб немагчымасці падтрымкі (сбор подпісаў) незалежных і партыйных кандыдатаў, дэзінфармацыя наконт немагчымасці падпісання за вылучэнне некалькіх кандыдатаў і інш.
7. Фальсіфікацыя вынікаў выбараў.
Пры гэтым кіруючыя эліты дастаткова аператыўна і ў адпаведнасці з сітуацыяй рэагуюць на змены ў грамадскім меркаванні: амаль перад кожным электаральным цыклам у выбарчае заканадаўства ўносіліся змены. У 1999 г. былі ўнясены папраўкі ў закон, паводле якіх ўдзел у выбарах актывістаў дэмакратычных партый значна абмяжоўваўся ў тым выпадку, калі яны мелі на працягу года адміністрацыйныя судзімасці, напрыклад, за ўдзел у дэманстрацыях або несанкцыяваных пікетах. Закон аб выбарах ускладніў працэс вылучэньня кандыдатаў, і пазбавіў грамадзкія аб’яднаньні права вылучаць кандыдатаў на мясцовых выбарах, пры гэтым надзяліўшы працоўныя калектывы падобнай магчымасцю.[6] Акрамя таго была праведзена перарэгістрацыя партыяў і грамадскіх арганізацыяў, што з’яўлялася дадатковым ціскам на апанентаў дзейснага кіраўніцтва.
У 2007 г. былі ўнесены праўкі ў выбарчае заканадаўства, якія прадугледжвалі пераход ад мажарытарнай сістэмы абсалютнай большасці да сістэмы адноснай большасці: акрамя іншых меркантыльных пераваг для беларускіх уладаў гэтая норма дазваляе ўжо ў першым туры перамагаць праўладнаму кандыдату ў выпадку, калі апазіцыйны электарат разбіты паміж некалькімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі, што ў вялікіх гарадах, асабліва ў Мінску, досыць пашырана. Дадаткова ствараліся перашкоды для агітацыі: для сустрэчы з выбарцамі па-за памяшканнем неабходна было атрымаць дазвол мясцовых уладаў.
Перад выбарамі 2010 г. рыхтуюцца праўкі, паводле якіх можа быць скасаваны мінімальны парог удзелу грамадзян у выбарах дзеля прызнання іх адбыўшыміся: кіруючыя эліты загадзя рыхтуюцца да абсэнтэістычных настрояў у грамадстве, якія выкліканы мэтаскіраванай палітыкай па змяншэнню ўплыву мясцовых саветаў у вачах грамадства, у тым ліку дэмакратычна настроенай часткі грамадзян.

Байкот як самаізаляцыя апазіцыйных сілаў

Найболей правальнымі з пункту гледжання ўдзелу грамадзян за ўсю гісторыю незалежнасці былі выбары ў мясцовыя саветы 1995 г., калі аўтарытарныя тэндэнцыі ва ўнутранай палітыцы Беларусі яшчэ толькі акрэсліваліся: яўка на выбарах у першым туры склала каля 48,1% ад агульнай колькасьці выбарцаў. Прэзідэнская “вертыкаль” была ў працэсе фармавання і мясцовыя выбары 1995г. былі праігнараваны выканаўчай галіной улады. З 1999 г. кіруючыя эліты нягледзячы на разнастайныя спробы ўплыву на сітуацыю з боку палітычных апанентаў паспяхова бяруць пад кантроль палітычны працэс на мясцовым узроўні і ўдзел грамадзян з кожным электаральным цыклам толькі павялічваецца. Пры гэтым, правядзенне кампаніі байкоту выбараў можа ставіць некалькі задач, сярод асноўных:
1. Паўплываць на ўлады правесці сапраўдныя дэмакратычныя, празрыстыя выбары.
2. Сарваць правядзенне выбараў праз нізкую яўку выбарцаў, якая будзе недастатковай для зацвярджэння вынікаў выбараў.
3. Дэлегітымізаваць мясцовыя органы ўлады ў вачах грамадзян.
4. Дэлегітымізаваць улады ў вачах міжнароднай супольнасці.
Аднак ці ў стане беларускія апазіцыйныя сілы правесці эфектыўную кампанію байкоту, каб дасягнуць вышэйазначаных мэтаў?
Колькасць альтэрнатыўных вылучэнцаў у саветы з кожным электаральным цыклам змяншаецца: у 1999 і 2003 г.г конкурс складаў 1,11 чалавек на месцы, а ў 2007 г. ужо каля 1,05. Пераважная колькасць акругаў з’яўляюцца безальтэрнатыўнымі на працягу ўжо некалькіх электаральных кампаній і людзі прызвычаіліся да гэтай сітуацыі. Падобная тэндэнцыя да безальтэрнатыўнасці ўжо распаўсюджваецца нават на парламенскія выбары, што не прыводзіць да іх дэмакратызацыі або зрыву.
Па выніках выбараў 1999 г. было абрана 97,9% дэпутатаў, 2003 г. — 97,78%, 2007 г. — 99,9%.[15] Пры гэтым апазіцыйныя сілы абіралі наступную тактыку падчас выбараў:
— 1999 г. — праводзілі кампанію байкоту (акрамя ПКБ);
— 2003 г. – удзельнічалі ў выбарах (акрамя КХП БНФ);
— 2007 г. — удзельнічалі ў выбарах (акрамя КХП БНФ). Аднак агульнай стратэгіі апазіцыйных сілаў на выбары не існавала і яна была непаслядоўнай і часам супярэчлівай.
Падобныя дзеянні апазіцыйных сілаў з улікам колькасці абраных дэпутатаў не аказвалі ўплыву на палітычны працэс.
Удзел у выбарах з кожным электаральным цыклам павялічваецца: паводле афіцыйных звестак, удзел у выбарах 2007 г. склаў 79,2 % , у 2003 г. — 73,4 %, у 1999 – 66,3%, 1995 г. – 48,1%. Аўтарытарная кіраўніцтва мае дастаткова рэсурсаў для правядзення мабілізацыі грамадства, ці хаця б імітацыі гэтай мабілізацыі ў прапагандыскіх мэтах шляхам маніпуляцый з выбарчымі спісамі.
Што тычыцца дэлегітымізацыі мясцовых органаў улады, дык на працягу апошніх чатырох гадоў давер да іх хоць і зніжаецца, аднак нязначна (табл. 1) [ 8, 9 , 10, 11 ].

Табліца 1. Давер да мясцовых органаў улады.
Год/орган улады Выканкамы Саветы
Давяраюць, % Не давяраюць,% Давяраюць,% Не давяраюць,%
Чэрвень 2009 35,4 52,3 35,4 52,4
Чэрвень 2008 35.4 53.0 36.7 51.3
Травень 2007 37.9 51.1 37.6 50.9
Лістапад 2006 39.6 44.3 38.5 44.3

Болей за тое, ці варта дэлітымізаваць мясцовыя саветы ў вачах грамадства, якое і так надае невялікае значэнне гэтаму дзяржаўнаму інстытуту?

Табліца 2. Роля мясцовых Саветаў у жыцця грамадзян. [11,12]

Год / ступень уплыву Увогуле не ўплываюць Уплываюць нязначна Значна ўплываюць
Студзень 2007 44,5% 35,1% 15,7%
Лістапад 2006 36,5% 37,1% 18,4%

Як бачна з табліцы №2 роля прадстаўнічай галіны ўлады ў жыцці паводле меркавання грамадзян нізкая і мае тэндэнцыю да змяншэння, аднак гэта ніякім чынам не ўплывае на ўстойлівасць аўтарытарнай сістэмы, стабільнасць якой забяспечваецца праз легітымізацыю галоўнага інстытута гэтай сістэмы — Прэзідэнта.
Пры гэтым як заўважалася вышэй, кіруючыя эліты ў адрозненне ад апазіцыйных досыць гнутка рэагуюць на змены ў грамадскім меркаванні і прымаюць адпаведныя заканадаўчыя меры дзеля забеспячэння ўмоваў для сваёй легітымнасці ў вачах грамадзян. У рамках падрыхтоўкі да выбараў 2010 г. улады плануюцца ўнесці змены ў заканадаўства, якія могуць адмяніць або значна знізіць неабходны парог яўкі выбарцаў, што стварае дадатковыя непереаадольныя перашкоды для апазіцыі па правядзенню эфектыўнага байкоту.
У сваю чаргу інтэнсіўнасць развіцця адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам у апошнія два гады мала залежыць ад вынікаў выбараў, тым болей мясцовых. Варта зазначыць, што на паляпшэнне адносінаў з Еўрасаюзам не паўплывалі парушэнні, якія ўлады здзяйснялі падчас парламенскіх выбараў 2008 г. Болей за тое, з увагі на рэальны стан апазіцыйных сілаў і іх удзел у папярэдніх кампаніях па выбарах у мясцовыя саветы, байкот створыць дадатковыя спрыяльныя ўмовы як для беларускіх уладаў, так і для іх заходніх партнёраў для магчымага выключэння апазіцыйных сіл у фармаванні парадку дня Усходняга Партнёрства.
Такім чынам, пачынаючы з 1999 г. улады здолелі наладзіць эфектыўны выбарчы працэс на мясцовым узроўні, функцыянаванне якога стала магчымым без канкурэнцыйнай барацьбы і пры адсутнасці альтэрнатыўных кандыдатаў. Адзінай палітычным сілай, якая можа эфектыўна правесці кампанію байкоту, з’яўляецца адміністрацыя прэзідэнта: з улікам рэйтынгу даверу да мясцовых саветаў і досведу кампаніі 1995 г. “вертыкалі” дастаткова кінуць на самацёк гэтую палітычную кампанію. Іншыя палітычныя суб’екты ў Беларусі не маюць для арганізацыі паспяховай кампаніі байкоту дастатковых рэсурсаў, для таго каб супрацьстаяць адміністрацыйнаму рэсурсу прэзідэнскай “вертыкалі”. Болей за тое, з улікам узроўню канкурэнцыйнай барацьбы падчас выбараў 1999, 2003 і 2007 г.г. байкот мясцовых выбараў апазіцыйнымі сіламі не заўважаецца грамадствам праз невялікую агульную колькасць альтэрнатыўных кандыдатаў.

Комплекс задач для апазіцыі на мясцовыя выбары 2010

У існуючых умовах палітычную кампанію 2010 можна правесці эффектыўна толькі пры існаванні дакладна акрэсленых задач, якія могуць ставіць перад сабою апазіцыйныя сілы. Мясцовыя выбары прадстаўляюць для апазіцыі шэраг магчымасцяў:
— выбары дазволяць палітычным сілам правесці падрыхтоўку да прэзідэнскай кампаніі і мабілізаваць сваіх актывістаў. Кожная палітычныя сіла ў гэтым выпадку мае магчымасць правесці аналіз дзеяздольнасці сваіх структураў, ацаніць іх рэальны стан, уплыў у адпаведных мясцовасцях;
— выбары ў мясцовыя Саветы будуць тэстам для беларускіх уладаў у сферы дэмакратызацыі палітычнага працэсу ў краіне, які неабходна ўлічваць палітычным сілам краіны пры прыняцці рашэння аб удзеле ў прэзідэнскіх выбарах. Пры гэтым варта падкрэсліць, што мясцовыя выбары з улікам рэальнага стану апазіцыйных сілаў не нясуць пагрозы існаванню аўтарытарнаму рэжыму і могуць быць праведзены адносна дэмакратычна. У выпадку калі ўлады не зменяць практыкі правядзення мясцовых выбараў, будучая прэзідэнскія кампанія будзе праходзіць яшчэ ў больш жорсткіх умовах чым папярэдняя;
— палітычныя сілы падчас правядзення выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы маюць дадатковыя магчымасці пераадолець ізаляцыю ад грамадзтва, наладзіць камунікацыю з грамадзянамі праз сваіх мясцовых лідэраў;
— прадстаўнікі апазіцыі ў мясцовых органах самакіравання маюць болей шанцаў наладзіць камунікацыю як з шараговымі грамадзянамі, так і з мясцовымі элітамі.
— па выніках выбараў палітычныя суб’екты змогуць рэальна ацаніць свой палітычны ўплыў у грамадстве, свае магчымасці і правесці маніторынг рэальных электаральных пераваг грамадзян, у адпаведнасці з якімі выпрацаваць выбарчую стратэгію для правядзення найболей эфектыўнай прэзідэнскай кампаніі;
— паспяховыя выбарчыя кампаніі ў розных мясцовасцях павялічаць уплыў палітычных сілаў, якія здолеюць правесці сваіх актывістаў у мясцовыя саветы, і створаць большыя магчымасці для палітычных суб’ектаў падчас наступных агульнанацыянальных выбараў;
— палітычныя актывісты маюць магчымасці атрымаць станоўчы досвед правядзення электаральных кампаніяў, якога так не хапае ў сённяшняй Беларусі.

Высновы

Удзел у мясцовых выбарах апазіцыйных партыяў і арганізацыяў з’яўляецца адзінай рэальнай магчымасцю атрымання станоўчага досведу правядзення палітычных кампаніяў у аўтарытарнай Беларусі. Ігнараванне або недастатковая ўвага да гэтага ўзроўню ўлады падчас усіх выбараў у мясцовыя саветы, якія адбываліся ў Беларусі пасля здабыцця незалежнасці, прывяла да самаізаляцыі апазыцыйных сілаў. Падчас выбараў у мясцовыя саветы 1999, 2003 і 2007 г.г. дзеянні ўлады сведчаць аб імкненні не дапусціць поспех дэмакратычных кандыдатаў на выбарах. Кіруючыя эліты стрымліваюць канкурэнцыю на мясцовым узроўні з боку палітычных апанентаў, дзякуючы чаму яны забяспечваюць функцыянаванне механізму блакады камунікацыі паміж апазіцыяй і грамадствам на самым першасным узроўні. Дэмакратычныя сілы замест таго, каб праводзіць прапаганду па павелічэнні ролі мясцовых органаў самакіравання і ўзмацненню канкурэнцыйнай барацьбы падчас мясцовых выбараў, на працягу апошніх гадоў ішлі ў рамках аўтарытарнай палітыкі па нівеліяванню прадстаўнічай галіны ўлады на мясцовым узроўні, якая і так мае невысокі рэйтынг. Пры гэтым апазіцыя не здольная ажыццявіць ўплыў на палітычны працэс праз кампанію байкоту, таму асноўнай задачай дэмакратычных сілаў у бліжэйшы час можа быць актыўны удзел у электаральнай кампаніі 2010 г. і пашырэнне сваёй прысутнасці ў прадстаўнічых структурах улады на мясцовым узроўні. Без паспяховых мясцовых лідэраў, якія маюць падтрымку і прызнанне ў сваіх раёнах, гарадах, супольнасцях і адпаведны “статусны ўплыў”, немагчымы паўнавартасны дэмакратычны транзіт беларускага грамадства ў доўгатэрміновай перспектыве, а агульнанацыянальныя электаральныя кампаніі будуць альбо правальнымі, альбо некатралюемымі апазіцыйнымі элітамі. Пры гэтым, у бліжэйшай перспектыве мясцовыя саветы не ўяўляюць пагрозы для існавання аўтарытарнаму рэжыму з-за заканадаўчай абмежаванасці паўнамоцтваў і значнай падпарадкаванасці выканаўчай галіне ўлады, таму кіруючыя эліты пад ціскам вонкавых актараў могуць адмовіцца ад празмернага ціску на альтэрнатыўных кандыдатаў і фальсіфікацыі выбарчага працэсу, што дае магчымасці для апазіцыйных сілаў пачаць сваю інстытуалізацыю.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніцаў
1. Быкоўскі П. Апазыцыя ў мясцовых выбарах: ні ўдзел, ні байкот: [Электронны рэсурс] / Паўлюк Быкоўскі // ARCHE «Пачатак»: часопіс кніжных аглядаў, інтэлектуальнай аналітыкі і добрай літаратуры. Мінск, 2009.- № 3 (54). — Рэжым доступу: http://news.arche.bymedia.net/2007-03/bykouski703.htm. Дата звароту: 15.11.2009.
2. Дэпутаты-дэмакраты Чэхіі і Беларусі сустрэліся ў Менску : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/754791.html. Дата звароту: 15.11.2009.
3. Карбалевіч С. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама: Папраўкі ў Выбарчы кодэкс улічваюць пажаданні АБСЕ: [Электронны рэсурс] / Сяргей Каралевіч // БелаПАН: Беларуская інфармацыйная кампанія. – Рэжым доступу: http://by.belapan.com/archive/2009/10/22/eu_eu_337748_337759/. Дата звароту: 22.10.2009.
4. Каліноўскі В. Мясцовыя выбары пройдуць 2 сакавіка з удзелам апазыцыі : [Электронны рэсурс] / Валер Каліноўскі // TUT.BY: Беларускі партал. – Рэжым доступу: http://news.tut.by/19754.html. Дата звароту: 15.11.2009.
5. Кулік В. Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў падводзіць вынікі працы : [Электронны рэсурс] / Вячаслаў Кулік // Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/775648.html. Дата звароту: 15.11.2009.
6. Натчык П. Ранейшыя мясцовыя выбары: ход і вынікі : [Электронны рэсурс] / Пётра Натчык // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. – Мн: Аналітычны Грудок. — 2003. – Рэжым доступу: http://kamunikat.org/download.php?item=1977-3.pdf&pubref=1977 Дата звароту: 15.11.2009.
7. Натчык П. Структура мясцовай улады ў Рэспубліцы Беларусі : [Электронны рэсурс] / Пётра Натчык // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. – Мн: Аналітычны Грудок. — 2003. – Рэжым доступу: http://kamunikat.org/download.php?item=1977-2.pdf&pubref=1977. Дата звароту: 15.11.2009.
8. НИСЭПИ: данные опросов за июнь 2008 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll06-08.zip. Дата звароту: 15.11.2009.

9. НИСЭПИ: данные опросов за июнь 2009 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll06-09.zip. Дата звароту: 15.11.2009.
10. НИСЭПИ: данные опросов за май 2007 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll05-07.zip. Дата звароту: 15.11.2009.
11. НИСЭПИ: данные опросов за ноябрь 2006 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll11-06.zip. Дата звароту: 15.11.2009.
12. НИСЭПИ: данные опросов за январь 2007 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll01-07.zip. Дата звароту: 15.11.2009.
13. Пацёмкін Ю. Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў: [Электронны рэсурс] /Юрый Пацёмкін // БелаПАН: Беларуская інфармацыйная кампанія. – Рэжым доступу: http://by.belaruselections.info/archive/2003/candidates_structure/. Дата звароту: 15.11.2009.
14. Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов 21 декабря 2006 г. : веб-сайт [Электронны рэсурс] / Афiцыйны iнтэрнет-сайт Цэнтральнай камісіі РБ па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. – Рэжым доступу: http://rec.gov.by/elect/ms25/mess009.html. Дата звароту: 15.11.2009.
15. Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов 18 января 2007 г.: веб-сайт [Электронны рэсурс] / Афiцыйны iнтэрнет-сайт Цэнтральнай камісіі РБ па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. – Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/elect/ms25/mess011.html. Дата звароту: 15.11.2009