Дваццаць год пасля разбурэння Берлінскага муру прайшлі хутка, як, бадай, і ўсё, што адбываецца ў жыцці. Шмат хто успамінае тыя дні як шчаслівыя і – напэўна галоўнае – нечакана шчаслівыя. Ніхто не чакаў, ніхто не быў падрыхтаваны.
Гэты матыў – нечаканасць пераменаў – гучыць амаль ува ўсіх успамінах тагачасных палітыкаў, якія надарылася пабачыць, паслухаць і прачытаць у юбілейныя дні. Інгвар Карлсан, які ў 1989 годзе быў прэм’ер-міністрам Швецыі, успамінае, напрыклад, што падчас афіцыйнага дзяржаўнага візіту ў ГДР за колькі месяцаў да гістарычных падзеяў ён заўважыў толькі мо нейкую большую, чым звычайна, разгубленасць прадстаўнікоў “гэдээраўскай” улады. Было зразумела, што нешта адбываецца, але – што? Фасад трымаўся. Сцяна была непахісная. І раптам…

 

Адкрытыя межы. Аб’яднанне Нямеччыны. Дэмакратыя. Канец халоднай вайны. Хто перамог у гэтай вайне? Хто разбурыў сцяну?

 

Мяркуючы па словах палітыкаў – не яны. Яны рыхтаваліся да акопных, пазіцыйных змаганняў, выхоўвалі новыя генерацыі ў духу гэтай барацьбы, будавалі стратэгіі – на розныя выпадкі. Але – не на гэты.

 

Мне падаецца, што Берлінскі мур разбурылі дысідэнты. Не толькі тыя, для каго – як для Андрэя Амальрыка, што за 20 гадоў да падзей 1989-га напісаў класічны твор “Ці праіснуе СССР да 1984-га года?”, – будучыня дыктатуры як формы кіравання была відавочная, але і тыя шматлікія “кухонныя дысідэнты”, колькасць якіх у 1989-м дасягнула, напэўна, рэкорду. Кухонны дысэнт стаў рэальнай сілай, калі большасць насельніцтва краін “перамогшага ўсё” сацыялізму стала падзяляць негалосны пратэстны код. Хваля незадаволенасці рэчаіснасцю выпліснулася з кухняў на вуліцы і плошчы і гэтую рэчаіснасць змяніла.

 

Палітыкі, канечне, таксама адыгралі сваю ролю. Увесь свет да цяперашняга часу ўдзячны Гарбачову за тое, што халодная вайна скончылася бяскроўна. Але сцяна абвалілася, калі пад ёй выбухнула крытычная маса слоў, думак, бо, як казаў той жа Амальрык, працэс ідэалагічнага, ідэйнага разнявольвання немагчыма спыніць – аднойчы пачаўшыся, ён прыводзіць да разняволення палітычнага, банальна кажучы – да дэмакратыі і свабоды.

 

Дыктатуры – усе дыктатуры – раней ці пазней знікаюць, гэта няўхільны, няўмольны закон. Бо дыктатура таксама павінна развівацца, а для развіцця патрэбныя свабоды, прыгон – неэфектыўны спосаб, пад прыгонам людзі працуюць не сумленна, “за страх”. Свабода ж такая дзіўная рэч, што, як адзначаў яшчэ Д’Алямбэр, ніколі не спыняецца. Адна свабода цягне за сабой іншую – дазвол на распяванне песень вядзе да вулічных тэатраў, вулічныя тэатры да тэатраў інстытуцыйных, якім патрэбны рэпертуар, драматургія, якой патрэбныя аўтары, якія… і г. д. Таму і немагчыма спыніць працэс разнявольвання, таму і немагчыма “падараваць” каму-небудзь свабоду: свабода такая рэч, што і не рэч гэта зусім, а менавіта што працэс, працэс, які пачынаецца з нясмелай здагадкі – а мо магчыма іначай?..

 

Варыянтаў шмат, хаця інэрцыя несвабоды таксама немалая. Здаецца, цяпер не той час, але па кітайскай прымаўцы – час заўжды той. Рэчаіснасць слова, у якое верылі Д’Алямбэр і Амальрык і якое разбурыла болей, чым рэчаісную сцяну, усё больш перамяшчаецца ў віртуальную сферу. З другога боку туды ж перамясцілася і сцяна, якая, здаецца, проста пасунулася трохі на Усход, стаўшы меней лютай і бязлітаснай, але тым больш эфектыўнай, вытанчанай, выкшталцонай. Думаю, шмат хто калі не разбіў галаву, дык прынамсі набіў гузакоў на лбе, спрабуючы прабіць віртуальны мур у шэнгенскую зону. (Якое словазлучэнне, дарэчы, – “шэнгенская зона”! Не хапае толькі чэк-пойнтаў. Хаця…)

 

Ці зможа віртуальны дысэнт разбурыць віртуальны мур, ці ўсё ж для эфектыўнага супраціву мусяць існаваць «кухні» – то бок слова оф-лайн, прамоўленае і пачутае ў фізічнай прасторы? Не ведаю. Ведаю толькі, што муры трэба разбураць і надалей. А тое, што сёння падаецца непахісным, непераадольным і непраходным, цалкам нечакана знікне, каб даць прастору новаму. Але знікне не канчаткова, пасунуўшыся ў нейкую іншую сферу, бо свабода ёсць працэсам, а працэс не павінен спыняцца, і дзеянне заўжды роўнае супрацьдзеянню. Чым мацней святло, тым больш рэзкі цень, цень сцяны, дзе б яна ні была.

 

n-europe.eu