Па матывах круглага стала.

1025-годзе Хрышчэньня Русі — гэта, сапраўды, падзея, але пры чым тут, у нашай Беларусі, КІЕЎСКАЯ Русь, яе хрышчэньне, князь Уладзімір, Вольга, апостал Андрэй Першапакліканы? Апошні дык дакладна ў Беларусі ня быў (хоць і ў Кіеве — таксама надта сумнеўна, каб быў). Выглядае гэтая гавэнда неяк зусім псеўданавукова.

Так, у 982 годзе лічыцца была заснаваная Полацкая катэдра, а да 1005 года – Тураўская. Але падрабязнасьцяў гісторыкі пакуль ня шмат нам скажуць. Калі вядомыя нейкія асобы-місіянеры нашай Беларусі з ўсходняхрысьціянскага боку ў канцы 9 ст. — цікава было б даведацца. А так…

Пачаткі хрысьціянства ў Беларусі — гэта місія ісландзкага манаха Торвальда Вандроўніка на Полаччыне, куды яго накіраваў імператар Канстанцінопаля Васіль II і патрыярх Мікалай II. У 986 годзе Торвальд разам з сваім паплечнікам Стэўнірам Торгільсанам прыбыў па Дняпры ў Полацак. У Полацку ён знайшоў падтрымку князя Рагвалода, пабудаваў царкву і заснаваў манастыр сьв. Яна Хрысьціцеля. Там жа, у Полацку і памёр пасьля 1002 г.

Расейская дасьледчыца В. Лосева, супрацоўніца аддзелу Ўсходніх хрысьціянскіх Цэркваў Царкоўна-навуковага цэнтру «Праваслаўная энцыклапедыя», выказвае гіпотэзу, што Торвальд быў мясцовашанаваным праваслаўным сьвятым Полацкай япархіі (пасьля ХІ стагоддзя). Яна ідэнтыфікуе яго з Цімафеем Полацкім або Турам Полацкім.

А на захадзе сучаснай Беларусі прапаведаваў сьв. Бруна з Квэрфурту (загінуў падчас хрысьціянскай місіі сярод паганцаў у 1009 г. на мяжы Русі і Літвы). Быў таксама біскуп Рэйнбарн з Калабжэгу, які разам з дачкою польскага князя Баляслава Харобрага жыў у Тураве, пакуль яго не забілі…

Думаю, больш пра гэтых асобаў варта гаварыць, узгадваючы пачаткі хрысьціянства ў Беларусі. Потым ужо ў нас былі сьв. Еўфрасіньня, сьв. Кірыла Тураўскі і інш.