Каталіцкая царква даўно раздражняла ўлады. Сёння гэта раздражненне стала найбольш адкрытым. Як будзе разгортвацца канфлікт вакол арыштаванага святара Лазара і як далей будаваць адносіны Касцёла і існуючага палітычнага рэжыму?

Дзве абсурдныя крымінальныя справы супраць каталікоў прыпадымаюць шырму “добрых” стасункаў уладаў з Касцёлам. Спачатку ўлады распачалі пераслед Аляксея Шчадрова за тое, што ён стварыў прытулак для бяздомных. Пазней сам Аляксандр Лукашэнка выканаў ролю прэс-сакратара КДБ і паведаміў аб затрыманні каталіцкага святара па падазрэнні ў шпіянажы (пазней стала вядомым яго імя — Уладзіслаў Лазар).

Гэтыя дзве справы супраць каталікоў паказваюць напружанасць стасункаў уладаў з Касцёлам, якую абодва бакі звычайна хаваюць.

Пра гэта не прынята казаць публічна, але ні Лукашэнка да Касцёлу, ні Касцёл да Лукашэнкі не маюць светлых пачуццяў.

Каталіцкія святары шмат робяць для Беларусі

З прыходам Тадэвуша Кандрусевіча ў Каталіцкай Царкве пачаўся новы этап. Калі папярэдні мітрапаліт Казімір Свёнтак быў вымушаны ледзьве не з нуля падымаць Касцёл у Беларусі, то задачай Кандрусевіча застаецца ўзмацненне Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Да прыходу Кандрусевіча Касцёл збольшага ўжо перажыў свае ўнутраныя падзелы на беларусаў і палякаў, хоць некаторыя канфлікты дагэтуль маюць месца на Гродзеншчыне. Улагоджванню канфлікту паспрыялі таксама некаторыя польскія святары, якія аказаліся больш прабеларускімі, чым самі беларусы. Паралельна вырасла лічба беларускіх ксяндзоў. Калі раней улады Беларусі лёгка шантажавалі Касцёл выгнаннямі замежных (звычайна польскіх) ксяндзоў з Беларусі, то сёння Беларусь мае дастаткова сваіх духоўных, каб на нейкім узроўні забяспечыць функцыянаванне Касцёлу.

Дарэчы, улады Беларусі і сёння працягваюць выдаваць польскім духоўным здзеклівыя візы на паўгады, але гэта працэдура ўжо мае больш прафілактычны характар, чым нясе непасрэдную небяспеку.

Такім чынам, рэжым за апошнія гады страціў пэўныя рычагі кантролю, а каталіцкая вера стала больш беларускай.

У той момант, як улады пераводзяць нават гісторыю Беларусі на рускую мову, у Касцёле забаронена праводзіць Імшу па-руску. Наагул, Касцёл стаў галоўным апірышчам беларускай мовы і зрабіў для распаўсюду беларускай мовы больш, чым любая іншая арганізацыя ў краіне. У каталіцкіх пілігрымках таксама не рэдкасць бел-чырвона-белыя сімвалы. Спалучэнне нацыянальнай сімволікі і беларускай мовы гэта не той кактэйль, што ўлады жадаюць атрымаць ад маладога пакалення Каталіцкага Касцёлу. Ды і само існаванне буйной арганізацыі з велічэзнымі гарызантальнымі сувязямі непакоіць улады, што спрабуюць кантраляваць усе значныя працэсы ў грамадстве.

Згодна са статыстыкай Касцёлу каталікоў у Беларусі больш за 1,4 мільёна. Насуперак агульным перакананням, што толькі захад Беларусі з’яўляецца каталіцкім, дадзеныя Каталіцкай Цакрвы сведчаць, што на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі жыве больш каталікой чым у Гродзенскай дыяцэзіі (610 490 супраць 591 000).

Пра гэта не прынята казаць у царкоўных колах, але поспех Каталіцкага Касцёлу пужае і Праваслаўную царкву. У Маскве доўгі час успрымалі Беларусь, як выключна праваслаўную краіну, але паўстанне новых каталіцкіх супольнасцях нават на ўсходзе краіны сведчыць аб адваротным. Праваслаўная царква губляе Беларусь, пабудаваныя за кошт дзяржавы храмы запаўняецца хіба што па святах, а грамадства ўсё часцей выказвае сваё незадавальненне не зусім адэкватнымі паводзінамі некаторых праваслаўных святароў.

Ці захоўвае Касцёл палітычны нейтралітэт?

Калі Каталіцкі Касцёл, як інстытут, не кідае адкрытага выкліку ўладам, то ў Беларусі ёсць колькі гісторыяў, калі тое рабілі каталіцкія святары: ксёндз Андрэй Сідаровіч атрымаў 10 сутак за ўдзел у акцыяў пратэсту ў 2006 годзе, іншы святар Юры Барок браў актыўны ўдзел у стварэнне партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, брат Пётра Рудкоўскі стала друкуецца ў незалежных выданнях. Апошні не раз публічна крытыкаваў Касцёл за мягкасць свайго падыходу да сённяшняга рэжыму.

Такім чынам на думку ўладаў крымінальныя справы супраць Уладзіслава Лазара і Аляксея Шчадрова мусяць выхаваць Касцёл, раставіць буйкі, за якія заплываць нельга. Хоць Касцёл бяжыць ад палітыкі як ад агня, мітрапаліт Кандрусевіч усё ж кажа пра палітыку часам праз радкі, часам больш адкрыта. Праўдападобна, што ў нейкім моманце выступы Касцёлу аказаліся за чырвонай лініяй.

Тым болей, што шмат чаго ў стасунках паміж Касцёлам і уладамі застаецца невядомым. Напрыклад, роля Ватыкану ў перамовах аб вызваленні палітвязняў. Нунцый Апостальскай сталіцы ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці з’яўляецца адзіным дыпламатам, які атрымаў магчымасць наведаць беларускіх палітвязняў у турмах. Два вязні Павел Сырамалотаў і Сяргей Каваленка неўзабаве пасля візіту нунцыя былі адпушчаныя з турмы.

Паколькі каталіцкі Касцёл не мае палітычных амбіцыяў, але мае досыць разбудаваную дыпламатыю і ўплыў, то ён ідэальна падыходзіць да ролі перамоўшчыка з Захадам.

Тым болей, што і сам Касцёл з’яўляецца закладнікам Лукашэнкі – сённяшнія крымінальныя справы яскрава пра гэта сведчаць. Аднак улады пакуль не хочуць адпускаць палітычных зняволеных, таму і роля Касцёлу, як медыятара, знікла. Разам з чым зніклі і магчымыя прывілеі, якія разлічваў атрымаць Касцёл.

Праўдападобна, што Ватыкан яшчэ спатрэбіцца рэжыму для перамоваў з Захадам. Аднак касцёльныя іерархі разумеюць, што гэтыя перамовы будуць хутчэй чарговай гульнёй, таму і не вельмі ахвотна будуць уцягвацца ў стасункі сённяшняй кіраўнічай эліты з Еўрапейскім Саюзам. Хоць яны сёння не ў той пазіцыі, каб адмаўляць уладам.

Як можна будаваць адносіны вернікаў і Касцёла з рэжымам, які існуе ў Беларусі

Перадача вырашэння сённяшняга канфлікту вакол Лазара ў рукі нунцыя і маўчанне беларускіх іерархаў з’яўляецца спробай асцюдзіць Лукашэнку. Кіраўніцтва царквы лічыць, што ў Беларусі прасцей вырашаць пытанні ў цішы калідораў, чым праз гучныя выступы. Адзіным выпадкам, калі каталіцкі Касцёл актыўна супрацьпастаўляў сябе ўладам была спроба вярнуць кляштар бернардзінцаў у Мінску. Улады Расійскай імперыі забралі святыню за ўдзел вернікаў у паўстанні 1863-1864 гг, а сённяшнія ўлады Беларусі не аддалі. Спроба скончылася паразай, а ў кляштары паўстаў гатэль.

Сёння чуваць галасы ў Касцёле, што іерархі мусяць больш радыкальна супрацьпаставіць сябе ўладам, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” праводзіць акцыі салідарнасці з арыштаваным Уладзіславам Лазарам, але Каталіцкая Царква наўрад ці зменіць сваю тактыку. Касцёл лічыць, што можа шмат чаго згубіць у супрацьстаянні з рэжымам. Каталікі хочуць будаваць новыя храмы, адчыняць навучальныя ўстановы – з гэтым і сёння дастаткова праблемаў. У дадатак да гэтага, Касцёл мае амбітны план адкрыць уласны ўніверсітэт у Мінску. У выпадку эскалацыі канфлікту ўлады зробяць дастаткова, каб не толькі не паўстаў ўніверсітэт, але і не з’яўляліся новыя храмы.

Тактыка Касцёлу за часы нашай незалежнасці выяўляецца ў мінімальным піяры, але як мага большым дзеянні. Адкрыццё ажно дзвюх катэхітычных каледжаў у Баранавічах і Мінску за апошнія гады сведчыць, што гэтая тактыка паспяховая. Аднак, Касцёл не рэагуючы на парушэнні правоў чалавека, паносіць вялікую рэпутацыйную шкоду.

Калі Каталіцкая Царква заплюшчвае вочы на брутальныя дзеянні рэжыму, то наўрад ці зараз варта чакаць вялікай падтрымкі з боку грамадзянскай супольнасці.

Парадокс яшчэ ў тым, што Касцёл і не звяртаецца да грамадства па падтрымку. Касцёльныя іерархі цвяроза ацэньваюць магчымасці грамадства ўплываць на ўлады.

Якія б не былі матывы ўладаў у гэтых дзвюх крымінальных справах, Касцёл наўрад ці выйдзе пераможцам. Улады сёння – і гулец, і круп’е. Таму адзінай задачай іерархаў застаецца не прайграць фатальна. З маральнага пункту гледжання, іерархам варта нарэшце прызнаць факт затрымання. Доўгае маўчанне выглядае непрывабна не толькі ў дачыненні да грамадскасці, але і непасрэдна да айца Лазара. Хоць з прагматычнага пункту гледжання, справа мусіць застацца ў кампетэнцыі нунцыя. Гуджэроці менш эмацыйна ўспрымае гэтыя крымінальныя справы і не адчувае ціску з боку грамадскасці. Гэтаксама ён менш залежны ад уладаў Беларусі.

Аднак ёсць пазітыўны момант для Касцёлу: улады таксама знаходзяцца ў нязручным стане. Нават для рэжыму Лукашэнкі крымінальны тэрмін для святара з абвінавачваннем у шпіянажы прынясе занадта шмат рэпутацыйнай шкоды. Тым болей, што ўлады хочуць трымаць дзверы ў Ватыкан адчыненымі.