Ксяндзоў арыштоўваюць, праваслаўныя маршы забараняюць. На падыходзе рэанімацыя сярэднявечных літоўскіх паганскіх міфаў.

Каталіцкага ксяндза арыштавалі за шпіянаж. Праваслаўны марш супраць абортаў не дазволілі. Яшчэ раней кіраўнік дзяржавы выказаўся за абнаўленне састарэлай праваслаўнай царквы.

Сапраўды, навошта краіне, у якой узмацняюць вертыкалізацыю і цэнтралізацыю, аўтарытэты ў Ватыкане ці Маскве, а святыні ў Ерусаліме?! Няхай бы ўсё было тут.

Было ж такое тут раней. Сваё праваслаўе, з цэнтрам у Наваградку. Свая унія. Нашто рэфармаваць праваслаўе, калі можна стварыць сваё? і нават не праваслаўе зусім. Навошта дзесь мець чужыя святыні і чужыя аўтарытэты?

Калі паглядзець разважна, даць рады тут можна толькі звярнуўшыся да паганскіх міфаў літоўскага сярэднявечча. Дык жа, пакрысе і звяртаюцца – адзін балет “Вітаўт”, прадстаўлены ў гэтым месяцы, чаго варты.

Такім чынам, беларускай дзяржаве нагвалт патрэбныя міфы пра цэнтралізацыю. А колькі заўгодна! У “славянскай” спадчыне такога няма, толькі ў балцка-літоўскай.

1. У прусаў (іх потым перасялілася ў Беларусь процьма) былі такія заснавальнікі традыцыі Відэвут і Брутэн (згодна з паданнем, яны прыплылі з-за мора). Відэвут стаў жрацом Крыве-Крывейтам, Брутэн – каралём. Яны заснавалі цэнтралізаванае свяцілішча, якое вядомае як Рамове, або Рыкаёт.

“Трох багоў – Патала, Патрымпа і Пяркуна – можна было ўшаноўваць ахвярамі толькі ў Рыкаёце, дзе стаялі іх ідалы ў дубе” (Сімон Грунаў, Пруская Хроніка, XVI ст.).

2. Міфічны князь Швінтарог – нашчадак тых, што па легендзе таксама прыбылі з-за мора і сталі пачынальнікамі літоўскіх князёў. Князёў і раней спальвалі, а Швінтарог загадаў, каб крэміравалі толькі ў адным месцы, на месцы цяперашняй Вільні.

“І загадаў сыну свайму, каб пасля яго смерці на тым месцы, дзе б яго спаліў, усіх князёў літоўскіх і знакамітых баяраў спальвалі, і каб ужо нідзе ў іншых месцах целаў мёртвых не спальвалі, толькі там, бо перад тым спальвалі целы мёртвых на тым месцы, хто дзе памрэ” (Хроніка Быхаўца, XVI ст.).

3. Не абмінуць тут і міфічнага заснавальніка традыцыі крэмацыі Совія (па-нашаму – “усоўвальнік” ці “сувач”, па-балцку – savejas), які згаданы ў хроніцы XIII ст. Чаму Совій? Па-першае, таму што нібыта ўніфікаваў. Па-другое, таму што нібыта ад яго імя трэба выводзіць імёны менскіх жрацоў Савасцеяў.

(Гэтым тром выпадкам мадыфікацыі паганства, дарэчы, прысвяціў у сваім часе сваю кнігу “Рэлігійныя рэформы ў балтаў” літоўскі рэлігіязнаўца Гінтарас Бераснявічус – Gintaras Beresnevičius, Baltų religinės reformos, 1990.)

Уніфікатары і міфічныя заснавальнікі традыцый – добры спажытак для мысляроў пра “прэзідэнцкую рэспубліку і ролю ў ёй прэзідэнта”.

Бадай, усё гатова для рэнавацыі ранняга Сярэднявечча. Ад хрысціянства адсоўваемся, іх святароў саджаем, на вуліцы іх не выпускаем. Праўда, хто будзе жрацом? А мо’ па варыянце Англіканскай царквы? Чаго мудрыць. Купалле ў Александрыі ўжо праменіць.

Што тут не так?

Не так тое, што тупая цэнтралізацыя і што людзі – як нямотныя цагліны. Паганства вабіць іншым – прыроднасцю і жыццём, а не механічнасцю і парадамі марыянетак.

Менск заасфальтавалі – каб ніякі жывы парастак не паўстаў. Старыя будынкі замянілі муляжамі – каб нічога жывога не клікала. Памятайма гэта. Не хочацца муляжа Менскай малельні пасярод заасфальтаванай нямотнай пустэльні.

Трэба іншае.

Каб з цэнтра ішла такая энергетыка, што адкрывала б у людзях той, даўнейшы патэнцыял, штурхала б іх не да статку, а да самастойнай працы, дапамагала б намошчваць сувязі з месцамі дзе далей ад Менску. Каб праменіў не адзін Менск, а многія месцы. І не ў куражы ап’яняльнага ўсез’яднання, а ў цвярозым услухоўванні ў мелодыі месцаў.

Так, калектывізм цяпер у модзе. І ў Беларусі, і ўсё больш – у свеце.

Але няўжо сыходзілі ад матрыцы, каб у матрыцу ж вярнуцца?.. Альбо гэта праўда, што ў паганства сыходзяць няўдалыя аўтарытарысты?