У праваслаўных беларусаў новы начальнік – зразумела, расеец, з Расеі і ў Расеі абраны, бяз волі беларусаў. Зразумела, ён у беларускай справе неабазнаны, мовы беларускай ня ведае. Прысланы ўзначаліць экзархат. Калі праваслаўныя беларусы не абураныя такой непавагай, то гэтым абураныя сьветалюбцы, як казалі нашыя продкі – беларусы сьвецкія ці нават атэісты. Тым больш, да нас у Эўропу прыслалі ня проста чужынца, але і дзікуна. Ён ня толькі сьвечкі ў чужой бажніцы папраўляе, але і цемрашальства свае расейскае прывез нам. Але ў нас такого дабра хапае, цемрашалаў кшталту Паўлы ў нас безьліч – як у Царкве, так і ў грамадзтве, а яшчэ больш такіх у нас на дзяржаўных пасадах.

 

 

І, канечне, збольшага беларусы не зьдзівіліся, не абурыліся такой сытуацыі – прызвычаіліся глынаць крыўды і абразы. А маглі б сабрацца і выказаць яму сваю нязгоду, бо прыслалі сюды чалавека страшэнна непамяркоўнага, які Захад ганіць, Беларусі ня ведае, паводзіць сябе ў Беларусі, бы ў Разані. Можа пара надыйшла, праваслаўныя беларусы, крыху пачаць паважаць сябе? Гвалту не чыніце, проста ігнаруйце, не хадзіце ў бажніцы, дзе чужынец кіруе і сьвечкі вашыя папраўляе. Навучыце чужынца і цемрашала асновам беларускасьці, пакажыце, хто дома гаспадар.

І нам, сьветалюбцам, у Дзяржаве, дзе здаўна Царква аддзеленая ад яе, трэба спыніць гвалтоўную крытыку новага царкоўнага галавара ў бок сьвецкасьці і атэізму. Калі ў Расеі царкоўнікам дазваляецца плявузгаць і чарніць сьвецкае, то ў Эўропе папы кантралююцца і перасьледуюцца за падобнае. Спадар Павал вінен ведаць, што далёка ня ўсе беларусы радыя бачыць яго тут, на зямлі Скарыны і Ляшчынскага, Цёткі і Быкава. Прамовы пра жуду атэізму мы ўжо чулі, можа, лепей яшчэ раз узгадаць пра жуду хрысьціянства ў Сярэднявечча і нядаўнія часы? Але ў Беларусі мы ня хвалімся ані злочынамі хрысьціянаў, ані бязбожцаў, тут мы ўлічваем усе ўплывы і традыцыі. Як эўрапейцы, мы ведаем, што багацьцем нашай культуры зьяўляюцца і паганства, і хрысьціянства, і матэрыялізм. Таксама мы не забываем, што ў імя гэтых плыняў зачастую ажыцьцяўлялася ліха. Таму ня трэба новаму праваслаўнаму галавару Беларусі, без Беларусі абранага, уносіць чарговую сумятню і дазваляць сабе празьмернае. І вучыць нас веры. Выбітная паэтка Цётка сто год таму ўжо трапна распавяла ўсім пра веру беларуса…

Беларусь, хоць і адданая пад нафтава-праваслаўны кантроль Маскве, ня ўся дае веры ў рэлігійныя балачкі. Таму замест крытыкі Захаду, каляровых рэвалюцыяў, камуністаў, геяў і лесьбіяк, спадару Паўлу лепей было б запісацца на курсы беларускай мовы. А беларусам падумаць пра чужынца, які ў нашай бажніцы сьвечкі папраўляе…