Як адраджаецца царква, скасаваная расейскімі ўладамі больш за паўтары стагоддзі таму.

У пачатку XIX стагоддзя 75% беларусаў былі прыхільнікамі ўніяцтва. Сёння, па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі налічваецца 10 тысяч грэка-каталікоў.

Дакладнай методыкі падліку вернікаў (і тычыцца гэта не толькі ўніятаў) у Беларусі няма. Галоўнае пытанне: ці варта лічыць вернікамі толькі тых, хто рэгулярна наведвае царкву альбо можна адносіць да прыхільнікаў канфесіі ўсіх, хто хоць раз на год бывае ў бажніцы?

У выпадку з грэка-каталікамі сітуацыю абвастрае і недахоп месцаў для правядзення набажэнстваў. Не ўсе вернікі маюць жывы кантакт з парафіямі, бо частка іх жыве ў мясцінах, дзе парафій няма.

Зараз у Беларусі налічваецца больш за 20 грэка-каталіцкіх парафій, частка ў працэссе рэгістрацыі, яшчэ некалькі дзейнічае па-за межамі: у Лондане, Антверпене, Празе і Вене.

— У нашай парафіі ў нядзелю на адну літургію у сярэднім прыходзіць 40-50 чалавек. На святы, зразумела, значна больш, — кажа уніяцкі святар, айцец Антоній. — Вернікам часта трэба ехаць на іншы канец горада на літургію, яны робяць намаганні.

Беларуская мова набажэнства, па словах святара, ні ў якім разе не перашкода.

— У Харватыі моляцца па-харватску, ва Украіне – па-украінску, чаму ж у Беларусі вернікі не могуць маліцца па-беларуску? — гаворыць айцец Антоній.

Стаць уніяцкім святаром у Беларусі складана. Жадаючыя едуць навучацца ў Заходнюю Украіну (там найбольш моцныя пазіцыі грэка-каталіцкай царквы), Польшчу ці нават у Рым.

Уніяцкія парафіі ў Беларусі існуюць за кошт ахвяраванняў вернікаў. Каб падтрымаць царкву, кожны дае тую ахвяру, якую можа.

Зараз у Беларусі дзейнічаюць дзве ўніяцкіх бажніцы: у Полацку і ў Магілёве.

У астатніх гарадах, у тым ліку, і ў Мінску грэка-каталікі карыстаюцца іншымі памяшканнямі. Часам даводзіцца ладзіць набажэнства і ў рыма-каталіцкіх храмах.

Уніяцкія вернікі — абсалютна розныя людзі

Гэта можа быць і працоўны з Мінскага трактарнага завода, і акадэмік. Яднае іх неабыякавае стаўленне да беларускай мовы, культуры, гісторыі.

Сярод уніятаў няма тэрытарыяльнага падзелу. Яны аднолькава распаўсюджаныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі. З асаблівасцяў: у Лідзе сярод парафіян больш прадстаўнікоў так званай інтэлектуальнай групы, а ў Івацэвічах — гэта абсалютна простыя людзі.

Нярэдкія выпадкі, калі людзі, спавядаючыя іншыя рэлігійныя плыні звяртаюцца да ўніяцтва. Што іх падштурхоўвае да гэтага кроку?

— Я проста пазнаёмілася з уніятамі. Спачатку цікава было, як у іх царкоўнае жыццё ладзіцца, — распавядае Наталля Рабко. — Раней я хадзіла да праваслаўнай царквы. Было цікава параўноўваць. Ва ўніятаў святар выхоўвае вернікаў, навучае: заўсёды праходзяць сустрэчы, тлумачыцца Святое Пісанне і прадпісанні царквы, шмат сацыяльнай працы, працы з моладдзю. Мне гэта вельмі спадабалася. Уніяцкія парафіі больш падобныя да сям’і, людзі ведаюць адзін аднаго, ніводзін новы чалавек не застаецца сам па сабе. Я лічу, што істотных адрозненняў ад праваслаўя тут няма, толькі што малітвы па-беларуску.

“Для мяне уніяцтва — сімвал прыналежнасці да Беларусі”

Журналіста, музычнага крытыка Змітра Падбярэзскага да ўніяцтва падштурхнула знаёмства са святаром, зараз ужо нябожчыкам Янам Матусевічам, вельмі адукаваным чалавекам.

— Для мяне уніяцтва — сімвал прыналежнасці да Беларусі. Найбольш блізкая да Беларусі рэлігійная плынь. Найбольш прывязаная да гэтай зямлі. Падабаецца менавіта адчуванне беларускасці, — тлумачыць Зміцер. На яго думку, да грэка-каталіцызму звяртаюцца не толькі прадстаўнікі творчых прафесій, але і ўсе тыя, каму неабыякавы лёс роднай мовы і гістарычнай спадчыны.

На калядных службах пабачыў шмат знаёмых, — гаворыць Зміцер Падбярэзскі.

Але аб’ектыўна казаць пра рэзкае павелічэнне колькасці вернікаў за апошнія гады нельга. За гэты тэрмін актывізаваліся некаторыя парафіі. Але, як кажуць самі святары, на службе ў ноч з 24 на 25 снежня можна было пабачыць людзей, якія прыходзілі ў царкву 20 год таму, але не прыходзілі 10 год таму.

Уніяты свядома не займаюцца агітацыяй

— Нельга сказаць, што ў душпастырскім плане ва ўніяцкай царкве ёсць нешта тое, чаго няма, напрыклад, ў праваслаўі, — адзначае апостальскі візітар грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі Сяргей Гаек. — Калі чалавек прыйшоў да нас — значыць, ён не знайшоў у іншай канфесіі чагосьці для сябе. Гэта не значыць, што гэтага няма ў той царкве. Шмат праваслаўных прыходаў у Мінску маюць і брацтвы, і іншыя суполкі, дзе можна сустрэцца. Пераход ад адной рэлігійнай плыні да другой — гэта вельмі суб’ектыўная рэч. Хтосьці пераходзіць з рыма-каталікоў, бо яму не падабаецца гітара ў касцёле. Ну дык гітара ж невінаватая!

Уніяты свядома не займаюцца агітацыяй. Яны лічаць, што іх галоўны абавязак — гэта духоўная інфармацыя і фарміраванне пэўных ведаў, якія памагаюць фармавацца духоўна.

“Уніяцтва — спроба стварыць агульную рэлігію для ўсёй нацыі”

Цяжка чакаць вялікай папулярнасці ў сучаснай Беларусі ад царквы, якую расейскія ўлады скасавалі больш за паўтары стагоддзі таму, лічыць Пётр Дарашчонак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выкладчык гісторыі Беларусі Інстытута журналістыкі БДУ.

Уніяцкая царква аднавіла сваю дзейнасць толькі з набыццём Беларуссю незалежнасці.

— Я не думаю, што ў сучаснай Беларусі магчыма існаванне адзінай маналітнай рэлігіі, як, напрыклад, у палякаў, — адзначае эксперт. — Увогуле, уніяцтва — гэта спроба стварыць агульную рэлігію для ўсёй нацыі. Але можна параўнаць усіх вернікаў краіны з парламентам: калі нейкая партыя не набірае неабходную колькасць галасоў, яна не атрымлівае месцы ў парламенце. Тое самае і з канфесіямі: калі колькасць вернікаў не дасягае нават адсотка насельніцтва, то і яе ўплыў на жыццё насельніцтва мінімальны. Але добра, што рэлігійная плыня развіваецца і не загінула, нягледзячы ні на што.

Усяго ў Беларусі дзейнічаюць 25 канфесій. Самыя буйныя – гэта праваслаўе (76% усіх вернікаў краіны), 16% — каталікі, 2% насельніцтва складаюць іўдаісты. 49% насельніцтва не мае ніякага кантакту з рэлігіяй.