На пачатку Вялікага Паста зазірнём ў меню некаторых вядомых беларусаў.

Курэйчык ніколі не быў блізкі да царквы

Драматург Андрэй Курэйчык ніколі не спрабаваў трымаць пост.

— Я не царкоўны чалавек, таму пост не трымаю, — гаворыць ён. — І не спрабаваў, бо ніколі не быў настолькі блізкім да царквы, каб правілы посту былі для мяне надзвычай важныя.

Рымашэўскі не сам сабе царква

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі прытрымліваецца посту з тых часоў, як стаў веруючым.

— Правілы посту не такія ўжо і простыя, як падаецца на першы погляд, але я, як і ўсе хрысціяне, да Вялікадня трымаю пост, — тлумачыць Віталь. Гэта перш за ўсё час для роздуму, удасканалення свайго духоўнага жыцця. У дадзены перыяд усе вернікі больш часу вылучаюць на малітвы, свае духоўныя патрэбы. Устрыманне ад ежы — гэта другасная справа, хаця таксама істотная. Ежа — толькі пачатак.

Яшчэ важная рэч: перш чым распачынаць пост, трэба абавязкова параіцца з царквой, атрымаць благаслаўленне, бо ў царкоўным жыцці вельмі важна не быць самаўладным чалавекам, які сам сабе царква. На жаль, многія людзі ў нас успрымаюць пост толькі як культурную традыцыю — яны чытаюць у інтэрнэце пра строгія манашаскія правілы посту і пачынаюць гэтым кіравацца. Насамрэч для таго, каб правесці пост згодна з царкоўнымі правіламі, абавязкова трэба параіцца са святаром. Для кожнага чалавека пост (у тым ліку і абмеважаванне ў ежы) павінен быць індывідуальным. Напрыклад, не рэкамендуецца трымаць пост цяжарным жанчынам. У некага, магчыма, не дазваляюць гэта рабіць хваробы ці звышскладаныя ўмовы працы.

Царква ставіцца да кожнага індывідуальна. І калі чалавек узяў заданне на пост, то для яго гэты пост будзе лёгкім. І яшчэ раз падкрэслю: гэта тычыцца не ежы, а выпраўлення свайго жыцця.

Наталля Падольская губляе кілаграмы

Спявачка кажа, што ў мінулым годзе падчас посту схуднела да 49 кілаграмаў (пры росце 172 сантыметры).

— Мне як чалавеку веруючаму знаходзіцца ў добрай форме нескладана, — распавяла Наталля Падольская ў адным са сваіх апошніх інтэрв’ю. — Падчас гэтага посту буду старацца ўжываць толькі раслінную ежу — кашы, грыбы, агародніну, хлеб. Ніякіх тлушчаў і малочных прадуктаў. Для мяне, праўда, часам гэта выходзіць бокам — худзею так, што проста скура і косці застаюцца. Знікаю на вачах! У мінулым годзе дайшла да 49 кг, і гэта пры росце 172 см…

Дарэчы, пост адвучыў спявачку ад такога напою, як кава з малаком.

— Каве аддаю перавагу нямоцнай і без малака, — гаворыць спявачка. — Адвучылася ад кавы з малаком таксама ў пост, паколькі нельга ўжываць жывёльныя тлушчы. З іншага боку, кава — гэта адзіная мая шкодная звычка, так што нічога страшнага…

Стужынская слабая духам

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская жаночая ліга», вядомы гісторык Ніна Стужынская прытрымліваецца поснага меню не кожны дзень.

— Імкнуся прытрымлівацца нішчымнага меню ў сераду і пятніцу, — распавядае Ніна Іванаўна. — Але зараз па стане здароўя не магу грэбаваць бялковай ежай. Раней я спрабавала трымаць пост, але ўдалося пратрымацца не больш за два тыдні — слабая духам і вельмі занята заўсёды, а пост патрабуе канцэнтрацыі ўвагі і высілкаў.

ЯК БЫЦЬ, КАЛІ…

Прыйшоў у госці, а на стале амаль няма посных страў?

Святары кажуць так: каб не пакрыўдзіць гаспадыню, якая гатавала стравы, альбо ешце тыя стравы, якія з’яўляюцца нішчымнымі, альбо проста ўстрымайцеся ў пост ад наведвання гэтых людзей — наведаеце іх у іншы час.

Да цябе прыйшлі госці — значыць, ежа для іх павінна быць нішчымнай? А калі госці пост не трымаюць?

Пажадана частаваць гасцей нішчымнай ежай. «Але ў любым выпадку мы самі, прымаючы такіх гасцей, павінны трымаць пост», — кажуць у царкве.

Цэлы дзень сядзіш на працы, а побач — толькі звычайная сталоўка?

«Кожны павінен устрымлівацца ў той ступені, каб не проста цягнуць ногі, але і што-небудзь рабіць, — даюць рэкамендацыі святары. — Адзін духоўнік казаў, што калі чалавек памірае ад посту, то гэта грэх самагубства. Таму можна вызначыць для сябе: так, я не змагу абыходзіцца гэтым постам без сланечнікавага алею, але затое змагу абыходзіцца без лішняй балбатні на працы, без тэлевізара, без асуджэння або ўдзелу ў нейкіх іншых нягодных мерапрыемствах. Я адключыў сябе ад забаўляльнай часткі інтэрнэту. Магчыма, дам сабе заданне прачытаць нейкія кнігі…».

ІНТЫМНЫ МОМАНТ

Каханне важнейшае за пост

Як ставіцца Царква да шлюбных адносін падчас посту?

Вось як адказаў на гэтае пытанне ўпаўнаважаны Беларускага Экзархата па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі Яўген Свідэрскі падчас нядаўняй анлайн-канферэнцыі на сайце belta.by: «Апостал Павел у адным са сваіх пасланняў кажа: «Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у посце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманнем вашым». Гэта значыць гатоўнасць да ўстрымання павінна быць узаемнай. Калі ж адзін з бакоў да гэтага не гатовы, трэба кіравацца законам кахання. Каханне вышэйшае за пост. І шлюбныя адносіны павінны быць працягам таго, што адбываецца паміж людзьмі ў духоўным плане.

З іншага боку, калі ў адносінах ёсць гармонія, то гэтае пытанне нават не ўзнікне. Муж і жонка самі знойдуць адказ без парад людзей збоку. Па дапамогу да святара варта звярнуцца толькі ў тым выпадку, калі паўстане пытанне аб тым, што рабіць, калі другая палова не хоча ўстрымлівацца. У выніку, важней за ўсё захаваць каханне і павагу ў сям’і. Але зноў жа, у ідэале і ў гэтым баку посту трэба імкнуцца да поўнага ўстрымання».

ДАРЭЧЫ

Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных сьвятаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандраваньня, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з эгіпэцкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касьцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд зьвязаны з пакаяньнем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысьвечаны разважаньню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысьціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў зьвязаны з устрыманьнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алькаголю.

svabodaby.net