Дзецям ад 12 да 18 гадоў прапанавалі добраахвотна правесці восем гадзін сам-насам з самім сабой, выключыўшы магчымасць карыстацца сродкамі камунікацыі (мабільныя тэлефоны, інтэрнэт). Пры гэтым ім забаранялася ўключаць кампутар, любыя гаджэты, радыё і тэлевізар.

Затое дазваляўся цэлы шэраг класічных заняткаў сам-насам з сабой: пісьмо, чытанне, гульня на музычных інструментах, маляванне, рукадзелле, спевы, прагулкі і т.п.

Аўтар эксперымента хацеў даказаць сваю працоўную гіпотэзу аб тым, што сучасныя дзеткі шмат забаўляюцца. Яны не ў стане самі сябе заняць і зусім не знаёмыя са сваім унутраным светам. Па правілах правядзення эксперымента, дзеці павінны былі прыйсці строга на наступны дзень і распавесці, як прайшло выпрабаванне на адзіноту. Ім дазвалялася апісваць свай стан падчас эксперымента, запісваць дзеянні і думкі. У выпадку празмернай трывогі, дыскамфорту або напружання псіхолаг рэкамендаваў адразу спыніць эксперымент, запісаць час і прычыну яго спынення.

На першы погляд, задума эксперымента здаецца вельмі бяскрыўднай. Вось і псіхолаг памылкова лічыў, што гэта будзе зусім бяспечна. Настолькі шакавальных вынікаў эксперымента не чакаў ніхто. З 68 удзельнікаў да канца эксперымент давялі толькі ТРОЕ — адна дзяўчынка і два хлопчыкі. У трох з’явіліся суіцыдальныя думкі. Пяцёра адчувалі вострыя «панічныя атакі». У 27 назіраліся прамыя вегетатыўныя сімптомы — млоснасць, патлівасць, галавакружэнне, прылівы жару, боль у жываце, адчуванне «варушэння» валасоў на галаве і т.п. Практычна кожны адчуў пачуццё страху і турботы.

Навізна сітуацыі, цікавасць і радасць ад сустрэчы з сабой знікла практычна ва ўсіх да пачатку другой-трэцяй гадзіны. Толькі дзесяць чалавек з тых, хто спыніў эксперымент, адчулі неспакой праз тры (і больш) гадзіны адзіноты.

Гераічная дзяўчынка, якая давяла эксперымент да канца, прынесла дзённік, у якім яна ўсе восем гадзін падрабязна апісвала свой стан. Тут ужо валасы заварушыліся на галаве ў псіхолага. З этычных меркаванняў яна не стала публікаваць гэтыя запісы.

Што рабілі падлеткі падчас эксперымента:
— гатавалі ежу, елі;
— чыталі ці спрабавалі чытаць;
— рабілі нейкія школьныя заданні (справа была на канікулах, але ад адчаю многія схапіліся за падручнікі);
— глядзелі ў акно або бадзяліся па кватэры;
— выйшлі на вуліцу і накіраваліся ў краму ці кафэ (па ўмовах эксперымента размаўляць было забаронена, але яны вырашылі, што прадаўцы або касіркі — не лічацца);
— складалі галаваломкі ці канструктар «Лега»;
— малявалі або спрабавалі маляваць;
— мыліся;
— прыбіраліся ў пакоі або кватэры;
— гулялі з сабакам або катом;
— займаліся на трэнажорах ці рабілі гімнастыку;
— запісвалі свае адчуванні ці думкі, пісалі ліст на паперы;
— гралі на гітары, піяніна (адзін — на флейце);
— трое пісалі вершы ці прозу;
— адзін хлопчык амаль пяць гадзін ездзіў па горадзе на аўтобусах і тралейбусах;
— адна дзяўчынка вышывала па канве;
— адзін хлопчык накіраваўся ў парк атракцыёнаў і праз тры гадзіны дакатаўся да таго, што яго пачало ванітаваць;
— адзін юнак прайшоў Пецярбург з канца ў канец, каля 25 км;
— адна дзяўчынка пайшла ў Музей палітычнай гісторыі і яшчэ адзін хлопчык — у звярынец;
— адна дзяўчынка малілася.

Практычна ўсе ў нейкі момант спрабавалі заснуць, але ні ў каго не атрымалася, у галаве навязліва круціліся «дурныя» думкі. Спыніўшы эксперымент, 14 падлеткаў палезлі ў сацыяльныя сеткі, 20 патэлефанавалі сябрам па мабільніку, трое патэлефанавалі бацькам, пяцёра пайшлі да сяброў дадому або на двор. Астатнія ўключылі тэлевізар ці пагрузіліся ў кампутарныя гульні. Акрамя таго, амаль усе і амаль адразу ўключылі музыку ці сунулі ў вушы навушнікі.

Усе страхі і сімптомы зніклі адразу пасля спынення эксперымента.

63 падлеткі прызналі эксперымент карысным і цікавым для самапазнання. Шасцёра паўтаралі яго самастойна і сцвярджаюць, што з другога (трэцяга, пятага) разу ў іх атрымоўвалася.

Пры аналізе таго, што адбывалася з імі падчас эксперымента, 51 чалавек ўжываў словазлучэнні «залежнасць», «атрымліваецца, я не магу жыць без …», «доза», «ломка», «сіндром адмены», «мне ўвесь час трэба …», «злезці з іголкі » і г. д. Усе без выключэння казалі пра тое, што былі страшэнна здзіўленыя тымі думкамі, якія прыходзілі ім у галаву ў працэсе эксперымента, але не здолелі іх уважліва «разгледзець» з-за пагаршэння агульнага стану.

Адзін з двух хлопчыкаў, якія паспяхова скончылі эксперымент, усе восем гадзін клеіў мадэль паруснага карабля, з перапынкам на ежу і прагулку з сабакам. Іншы спачатку разбіраў і сістэматызаваў свае калекцыі, а потым перасаджваў кветкі. Ні той, ні іншы не зведалі ў працэсе эксперымента ніякіх негатыўных эмоцый і не адзначалі ўзнікнення «дзіўных» думак.

Атрымаўшы такія вынікі, сямейны псіхолаг спалохаўся. Гіпотэза гіпотэзай, але калі яна вось так пацвярджаецца … Трэба яшчэ ўлічыць, што ў эксперыменце прымалі ўдзел не ўсе запар, а толькі тыя, хто зацікавіўся і пагадзіўся.

Рабіце высновы, паважаныя бацькі…