Суполка «Бацькі.BY» набывае папулярнасць.

 

Прызнацца, спачатку я не ўспрыняў «Бацькоў» сур’ёзна. Дарэмна. Гурток створаны ў БрДУ імя А.С. Пушкіна менш чым год таму, а яго назва ўжо вядома ўсім, хто цікавіцца беларускай мовай і педагогікай.

– Ідэя стварыць беларускамоўны навучальны гурток узнікла, калі я займалася дысертацыяй па народнай педагогіцы, – расказвае выкладчыца кафедры педагогікі і замежнай мовы БрДУ Вольга Крусь. – Я зразумела, што адной тэорыяй тут не абысціся – трэба рабіць нешта на практыцы. Калегі мяне падтрымалі, але ніхто не мог сказаць, колькі «пражыве» гэты праект.

Сёння «Бацькі.BY» – гэта пераважна студэнцкая суполка. Яна збіраецца на трэнінгі, семінары, канцэрты, фестывалі, экскурсіі, вандроўкі… Гурток не мае ніякіх узроставых цэнзаў. Галоўнае патрабаванне да яго ўдзельнікаў – імкненне стварыць моцную сям’ю, у якой дзеці будуць выхоўвацца адпаведна традыцыям беларускага этнасу. «Наша мэта, – гаворыць Вольга Крусь, – дапамагчы студэнтам стварыць сапраўды беларускую, а не псеўдабеларускую сям’ю».«Нашы ўдзельнікі самі разумеюць важнасць педагогікі ў сям’і. У час вучобы я спрабую заахвоціць іх вывучаць прадмет шляхам творчай працы. Гэта вельмі дзейсны метад, – дзеліцца сакрэтамі Вольга Крусь. – Ніякі «бізун» тут не патрэбны. Кожная сустрэча звычайна пачынаецца са знаёмства з новымі людзьмі. Потым – дэбаты на нейкую тэму. Далей – творчая частка, калі і ўзнікаюць новыя ідэі, якімі члены гуртка з задавальненнем дзеляцца».

У гурток штотыдзень прыходзяць новыя людзі. Калі ў пачатку дзейнасці будучых бацькоў было ўсяго чалавек дзесяць, то сёння гэтая лічба ў пяць разоў большая. Кіраўнік прызнаецца, што і не разлічвала на такую папулярнасць.

Ёсць у гуртку і сталыя людзі – бацькі ў прамым сэнсе слова. Адзін з іх – выкладчык Юрый Сальнікаў. «Яго 9-гадовая дачка, – расказвае Вольга, – ніяк не ўспрымала беларускую мову. Не хацела размаўляць дый годзе. Юрый далучыўся да гуртка і ўнёс нашы напрацоўкі ў сваю сям’ю. Вынік больш чым паказальны: тата сам пачаў размаўляць па-беларуску, і дачка патроху «ўліваецца». Галоўнае тут – пабачыць тое асяроддзе, у якім родная мова – гэта не прадмет здзеку, а нешта паважанае».

Многія людзі, аднак, не зусім разумеюць такі падыход. Па сабе ведаю, что беларуская мова ў штодзённым, «вулічным» карыстанні вызывае больш недавер, чым адабрэнне. З гэтымі цяжкасцямі сутыкаюцца і сябры гуртка «Бацькі.BY». Але яны не трацяць аптымізму: адно добрае слова ў свой адрас каштуе больш, чым дзесяць негатыўных водгукаў. Стэрэатып «гаворыш па-беларуску – значыць, апазіцыянер», на думку Вольгі Крусь, пачынаецца з малой колькасці беларускамоўных сацыяльных інстытутаў. «Паглядзіце на наша рэспубліканскае тэлебачанне, іншыя СМІ. Беларускамоўных – адзінкі. Любоў да роднай мовы не выхоўваюць ні школы, ні ўніверсітэты. Вось і ўзнікаюць стэрэатыпы. А мы – выключна культурная суполка. І не трэба яе атаясамліваць з палітыкай».

А што ў больш шырокай перспектыве? Сёння «Бацькі.BY» актыўна супрацоўнічаюць з культурнай суполкай «Будзьма», актыўна прасоўваюць свае ініцыятывы на ўзровень горада на базе грамадска-культурнага цэнтра. Ёсць у суполкі паплечнікі ў БрДТУ, дзе існуе гурток беларускай літаратуры. «У будучым мы, — дзеліцца планамі кіраўнік гуртка, – магчыма, распрацуем нейкую агульную праграму, якая дазволіць пранесці ідэі «Бацькоў» і ў тэхнічны ўніверсітэт. Сёння нашай асноўнай мэтай з’яўляецца выданне практычнага дапаможніка для беларускіх бацькоў, які дазволіць нам падагульніць працу за ўвесь час і дапамагчы тым, хто хацеў бы выхоўваць дзяцей па-беларуску. Не на словах – на справе. У дапаможнік увойдуць і зборнік беларускіх казак, і, магчыма, аўдыядыск з беларускімі песнямі, і нейкія тэарэтычныя напрацоўкі. Увогуле, гэта павінна быць крэатыўна».

Суполка «УКантакце»