Кіраўнік расейскага дабраахвотнага руху «Данілаўцы» Юрый Беланоўскі з пазіцыі расейскага праваслаўя разважае пра тое, што такое гомасэксуалізм і ці варта з ім змагацца.

У вядомым выданні агучылі сур’ёзны пасыл: «Кожны годны чалавек у нашай краіне павінен стаць геем. Не ў літаральным сэнсе слова, а ў тым, у якім у 2006 г. паважаючыя сябе расейцы сталі на час грузінамі». Шчыра кажучы, неяк страшнавата ад такога сцвярджэння.

Яно мяне палохае. Праўда, ня столькі сваім безапеляцыйным глупствам, колькі тым, што лье ваду на млын ашалелых праваслаўных змагароў і дэмагогаў. Пры такіх а-ля праваабарончых лозунгах адэкватная пазіцыя становіцца немагчымай.

Гомасэксуалізм – грэх?

Для многіх адказ відавочны, хоць і дыяметральна процілеглы. Аднак варта зрабіць некаторыя заўвагі. Грэшнасьць вызначаецца рэлігійнымі і маральнымі аксіёмамі. Грэшнасць мала стасуецца са свецкімі законамі, якія, як вядома, абмяжоўваюць зло і толькі ў часткова даюць адказ на пытанне “што такое добра і што такое дрэнна”.

Я глыбока перакананы, што толькі рэлігія можа даць падставы для грахоўнага разумення гомасэксуалізму. Толькі веруючы чалавек у адносінах да сябе і сваіх адзінаверцаў можа маральна па сутнасці ацаніць гомасэксуалізм. Усе звычайныя довады так ці інакш могуць быць абвергнутыя.

Я ўпэўнены, што рэлігійнае, а ў маім выпадку – хрысціянскае, мысленне дае магчымасць убачыць мэту і сэнс у чалавеку. Менавіта рэлігійнасць дае вышэйшае вымярэнне жыцця. Для хрысціян відавочна, што толькі давер да Бога дае магчымасць пачуць Яго голас і зразумець Яго стаўленне да чаго-небудзь. Бог хрысціян адхіляе гомасэксуалізм, як мярзоту, як жыццё супраць дадзенай Богам існасьці і мэты. Калі Бог сказаў, што гомасэксуалізм – зло, значыць, для хрысціянаў – так і ёсць. Па сутнасці, не існуе іншых доказаў і абгрунтаванняў.

Немагчыма быць хрысціянінам, з’яўляючыся геем або нават прызнаючы “аднаполае каханне” дабром. Але, і гэта вельмі важна, цалкам магчыма быць гомасэксуалістам і добрапрыстойным паспяховым грамадзянінам – лекарам, акцёрам, палітыкам, студэнтам і нават дабрачынцам. Так, у нас гомасэксуальнасць юрыдычна не ўзаконеная, але яна і ня супрацьзаконная. Больш за тое, рэлігія ў Расеі і хрысціянства ў тым ліку аддзеленыя ад дзяржавы. З прававога пункту гледжання, рэлігійны светапогляд нічога ня варты адносна свецкіх правоў і свабодаў. Немагчыма па-за рэлігійнаым светапоглядам абвергнуць гомасэксуалізм як свабодныя адносіны па ўзаемнай згодзе.

Менавіта таму хрысціяне знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. З аднаго боку, яны адчуваюць абавязак сказаць пра сваю пазіцыю, выкрыць зло, супрацьстаяць прапагандзе гомасэксуалізму. З іншага, іх аргументы і заклікі цалкам абгрунтавана адпрэчваюцца немалой часткай грамадства, бо адсутнічае тая аснова, дзякуючы якой выкрывальная пазіцыя набывае сэнс. Адсутнічае вера і давер да Бога. З трэцяга боку, як бы гэтага ні хацелася, у грамадскім жыцці хрысціяне ня могуць пазбегнуць ўзаемадзеяння з геямі і прыхільнікамі «аднаполага кахання».

Як перамагчы?

Паколькі спробы разважаць пра шкоду гомасэксуалізму для грамадства, нават калі іх логіка і аргументы мне блізкія, асуджаныя на правал, то застаецца толькі адно – прыклад. Уласна, пра гэта я і казаў у мінулай нататцы пра гвалт. Неабходны прыклад, перш за ўсё, сямейнага жыцця. Нашае грамадства перакормленае дэмагогіяй і словамі. Гомасэксуалізм можа быць пераадолены не дакорамі, забаронамі або мітынгамі з харугвамі, а толькі сямейнасцю. Галоўнае, каб гомасэксуалізм быў адпрэчаны свабодна і свядома, дзеля чагосьці – дзеля нармальнай сям’і. Калі гомасэксуалізм будзе выглядаць заганай, падробкай, фуфлом на тле натуральных, выдатных, глыбокіх адносінаў мужчыны і жанчыны, то няма каму будзе яго абараняць.

Сямейнасць для хрысціян – ня проста выпадковая найбольш эфектыўная праява эвалюцыйнага падзелу на самак і самцоў, а магчымасць для мужчыны і жанчыны рэалізаваць сэнс і мэту чалавечага быцця, быць у адзінстве адзін з адным і Богам. Сям’я – гэта саюз любові, саюз ўзаемадапаўнення і папаўнення на ўсіх узроўнях быцця. Такая дадзеная Богам прырода людзей. Хрысціяне ўпэўненыя, што мужчыны і жанчыны створаныя адзін для аднаго і толькі іх хаўрус можа стаць сапраўднай таямніцай яднання адзін з адным і з Богам. Роля мужчыны зусім не зводзіцца да апладнення, а роля жанчыны зусім не зводзіцца да дзетараджэння. Гэта саюз дзвюх асобаў, саюз, здольны перайсці ў вечнасць. Больш падрабязна я казаў пра гэта ў артыкуле пра мужчын і жанчын.

Чаго не хапае?

Такая пазіцыя ускладае на хрысціян велізарную адказнасць. І гаворка ня толькі пра тое, каб сярод вучняў Хрыста не было «аднаполага кахання», гэта само сабой зразумела (хоць не для ўсіх відавочна), але перш за ўсё аб рэальнай падтрымцы і абароне сям’і. Я неяк пісаў, што сёння сям’я вісіць у паветры, яна ні на чым, акрамя любові, ці не заснаваная. Сямейнае жыццё ў нашы дні – гэта амаль подзвіг, яно мае патрэбу ва ўсебаковай дапамозе.

Мы ж ведаем, што ў нашай краіне фактычна нічога не спрыяе сямейнаму жыццю і нараджэнню дзяцей, пачынаючы з транспарту, дзе вельмі цяжка ездзіць з каляскай, працягваючы разваленай сістэмай аховы здароўя (на лячэнне дзіцяці могуць сысці ўсе сілы і сродкі) і заканчваючы недаступнасцю жылля. Пераважная большасць расейцаў жыве ледзь ці не за рысай беднасці. У гэтым кантэксце капеечная грашовая дапамога на дзяцей выглядае насмешкай. Маладыя не гатовыя ўзяць адказнасць за нараджэнне і выхаванне дзяцей, у многіх няма нармальнага вопыту сямейнага жыцця, яны звыраднелі ў каханні і разваленыя рэчаіснасцю.

На жаль, і праваслаўная супольнасць ня можа пакуль паказаць грамадству прыклад правільнага стаўлення да сем’яў. Нават для «сваіх» няма годнага рынку працы, дзе б зарплата дазваляла ўтрымліваць сям’ю з трох чалавек. Пра дэкрэтныя адпачынкі і рознага роду выплаты і казаць не даводзіцца. Не наладжаная сістэмная сацыяльная, прававая або псіхалагічная дапамога. Вядома, ёсць энтузіясты і яркія добрыя праекты, але гэта выключэнні з правілаў. Апошнім часам шмат кажуць, што нават сем’і святароў не могуць быць прыкладам для пераймання.

Постсавецкія традыцыі храмавай пабожнасці і адносінаў з духавенствам нярэдка развіваюць у сем’ях інфантылізм і няздольнасць адстойваць сваю ўнікальнасць, сваю свабоду і сваю адказнасць. Асмелюся ў кантэксце гэтай нататкі сказаць, што ў праваслаўных сем’яў занадта шмат сіл сыходзіць на праваслаўнае, што часам амаль не пакідае сілаў на ўнутранае жыццё мужа і жонкі і выхаванне дзяцей. Няспелыя сям’і, падпарадкаваныя а-ля праваслаўнай традыцыі, нічога, акрамя словаў, не могуць супрацьпаставіць таму, што забівае саму ідэю сямейнасці, у тым ліку прапагандзе гомасэксуалізму.

А патэнцыял у праваслаўнай супольнасці ёсць. Сям’я сапраўды з’яўляецца няўхільнай каштоўнасцю. Аднак няма ў хрысціян задачы перарабляць ўвесь свет пад сябе. Ёсць абавязак жыць паводле запаведзяў Бога, сведчыць пра Хрыста, пра хрыстову праўду. Толькі б зрушыць сур’ёзна акцэнты і, адклаўшы ў бок выкрыцці і праклёны, адрасаваныя вонкавуму свецкаму грамадству, пастарацца проста годна жыць дзеля Хрыста, дзеля сваіх блізкіх, дзеля мужоў і жонак, дзеля дзяцей.


Меркаваньне аўтараў артыкулаў можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі сайту

Чытайце таксама: Уладзіслаў Гарбацкі. Другі лішні