У сучасным, поўным пошасці свеце сям’я з’яўляецца фактычна адзіным асяродкам, дзе дзіця ці падлетак можа атрымаць адэкватную інфармацыю аб сексуальнасці і сексе. Гэтая інфармацыя, а таксама прыклад бацькоў, становяцца ўзаемазвязанымі часткамі палавога выхавання.

Два этапы палавога выхавання:

Да трох гадоў

У гэтым узросце задача бацькоў – навучыць дзіцятка паводзіць сябе адпаведна са сваім полам. Таму:

1. Для дзяўчынкі мама з’яўляецца прыкладам жаноцкасці – як знешняй (вопратка, стыль паводзінаў), так і ўнутранай (выхаванне жаноцкіх якасцяў – дабрыні, мяккасці, чуласці і г.д.). Тата – «першы мужчына» для дачушкі. Яна – ягоная «прынцэса», ён першы, хто ацэньвае яе ў яе жаноцкасці, падкрэслівае яе каштоўнасць менавіта як дзяўчынкі.

2. Для хлопчыка: тата – узор мужнасці. Ён паказвае прыклад, што значыць быць мужчынам. Мама для хлопчыка становіцца «першай жанчынай», у дачыненні да якой ён можа праяўляць сваю мужнасць: саступаць месца ў транспарце, дапамагаць нешта паднесці і г.д. Пакуль хлопчык маленькі, гэтыя дзеі будуць чыста сімвалічнымі, але яны неабходныя для таго, каб хлопчык засвойваў мужчынскую ролю.

У гэтым узросце дзеці часта цікавяцца тым, адкуль яны ўзяліся. Лепей за ўсё сказаць праўду, што дзіцятка з’явілася з мамінага жывоціка. А туды яно патрапіла, таму што «тата вельмі любіць маму, і таму Бог даў нам такога цудоўнага хлопчыка (цудоўную дзяўчынку)».

Падлеткавы узрост

Палавое сталенне – адзін з самых далікатных бакоў развіцця чалавека ў падлеткавы перыяд. Часам бацькі саромеюцца размаўляць з падлеткам аб гэтым працэсе і тым, што з ім звязана: сексе, мастурбацыі, магчымасці цяжарнасці, палавых інфекцыях, адказных паводзінах. Таму часам яны імкнуцца зрабіць выгляд, што ў іх сям’і сексуальных адносінаў няма наогул. Тэма сексуальнасці замоўчваецца, і з гэтага падлетак робіць выснову, што толькі грэшныя, дрэнныя людзі маюць сексуальныя жаданні. Але ў пэўным узросце тыя самыя жаданні навальваюцца на яго самога і правакуюць пачуцці сораму, віны, грахоўнасці, навязлівыя страхі пекла, адзіноту, страх раскрыцця, страх і пазбяганне споведзі і г.д.

Дарослы падыход да сексуальнасці можа ўключаць наступныя элементы:

1. Сексуальнасць і сексуальныя зносіны – гэта вялікі і прыгожы дар, які двое дарослых людзей могуць прынесці адно аднаму. Гэта акт аддання сябе іншаму, праява даверу і любові.

2. Сексуальныя адносіны набываюць вышэйапісаную прыгажосць і чыстасць ТОЛЬКІ ў межах сужэнства, асвечанага Богам.

3. Сексуальная сфера ў чалавека вельмі далікатная. Спакусам у гэтай сферы вельмі цяжка супрацьстаяць, бо яны знаходзяць моцны водгук у нашым целе. Таму важна імкнуцца пазбягаць тут нагоды да граху.

4. Нават калі ў падлетка здарыўся грэх супраць шостай і дзевятай запаведзяў, гэта не значыць, што Бог пазбавіў яго сваёй любові! А раз сам Бог не адвярнуўся ад яго – не варта гэтага рабіць і нам. Нашае прыняцце і любоў да дзіцяці будзе тым падмуркам, на якім яно зможа паўстаць з граху.

Хто павінен размаўляць з падлеткам аб сексуальнасці?

Найлепшы варыянт: з хлопцам – бацька, з дзяўчынай – маці. Калі ў сям’і няма бацькі, маці можа папрасіць аб размове іншага дарослага мужчыну, якому давярае і яна, і дзіця, Сітуацыя, калі маці размаўляе з сынам, – найменш спрыяльная, але, калі іначай не атрымліваецца, усё роўна лепей гаварыць аб гэтым, чым абысці праблему маўчаннем.

Як і аб чым канкрэтна размаўляць?

А) Станаўленне хлопцам (дзяўчынай) – гэта працэс, які ахоплівае болей пытанняў, чым непасрэдна сексуальныя зносіны. Дзіцяці ў раннім падлеткавым узросце важна патлумачыць, якія змены адбываюцца ў ягоным целе. Важна, напрыклад, расказаць дзяўчынцы аб месячных, падкрэсліўшы, што гэта нармальна, гэта пачатак пераўтварэння яе ў дзяўчыну.

Б) Тэмы сексуальных зносінаў таксама важна не абмінаць, і размаўляць аб гэтым варта шчыра, але і не «размалёўваючы» ўсіх фізіялагічных падрабязнасцяў. Значна больш важным будзе, калі вы раскажаце свайму дзіцяці аб сваіх пачуццях, звязаных з ягоным сталеннем, аб сваіх страхах і надзеях. Калі, напрыклад, вы баіцеся, што дзяўчынка з-за нейкай ракавой памылкі зацяжарыць, скажыце пра гэты свой страх!

В) У сем’ях вернікаў размова аб сексуальнасці не можа абмінуць тэму Божых запаведзяў. Менавіта яны з’яўляюцца адказам на шматлікія пытанні кшталту «чаму нельга?» Варта патлумачыць дзіцяці, што ўсе абмежаванні Бог увёў не для таго, каб ускладніць нам жыццё, а толькі дзеля бязмежнай любові да нас.

Г) Найважнейшым спосабам выхавання дзіцяці з’яўляецца прыклад бацькоў. Вашыя словы, такім чынам, не павінны разыходзіцца з тым, як вы самі жывяце.

Найбольш распаўсюджаным сексуальным грахом сярод падлеткаў з’яўляецца мастурбацыя (ананізм). Мне падаецца, што да мастурбацыі бацькам варта сфарміраваць усё той жа здаровы, дарослы падыход, які выключае як занадта мяккую пазіцыю, так і істэрыку вакол гэтай праблемы.

Гэты падыход мог бы ўключаць такія элементы:

1. Трэба памятаць, што Касцёл лічыць мастурбацыю грахом, і таму менавіта як грэх яна павінна быць прадстаўлена ў размове з падлеткам.

2. З іншага боку, бацькам (і падлеткам таксама!) варта ведаць, што навязлівая мастурбацыя з’яўляецца сімптомам псіхалагічнай няўтульнасці чалавека. Калі падлетак часта займаецца гэтым, то, верагодна, у яго існуюць унутраныя крыніцы трывогі, страху, няўпэўненасці ў сабе ці іншыя непрыемныя, цяжкія эмоцыі, якія ён не можа “разрадзіць” іншымі спосабамі, напрыклад, праз шчырую, даверлівую размову з бацькамі. Таму саромець ці караць падлетка з мэтаю прымусіць яго спыніць заняткі мастурбацыяй катэгарычна нельга.

3. Ніякі грэх, у тым ліку і мастурбацыя, не можа адкінуць чалавека ад Божай любові. Таму нашай задачай з’яўляецца дапамагчы чалавеку не страціць апоры прыняцця і любові, на якой ён мог бы зноў і зноў уставаць.

Сексуальнае выхаванне, такім чынам, з’яўляецца адным з бакоў узаемаадносінаў паміж дзецьмі і бацькамі. Закранаючы вельмі тонкія і далікатныя пытанні, яно патрабуе найперш ад дарослых вытрымкі, шчырага імкнення зразумець сваё дзіця і ў выпадку патрэбы дапамагчы яму, вымагае чуласці, адкрытасці і шчырасці. Напэўна, можна сказаць, што выхаванне ў сферы сексуальнасці і інтымнасці – адзін з самых складаных кампанентаў выхаваўчага працэсу. У той жа час яно мае вынікі, значэнне якіх складана перабольшыць: ад фармавання слушнай пазіцыі чалавека ў гэтай сферы залежыць ягонае сямейнае і асабістае шчасце, а таксама ягоная маральнасць і духоўнасць. Таму можна з упэўненасцю казаць, што намаганні, прыкладзеныя бацькамі да выхавання дзяцей у гэтых пытаннях, прынясуць плён «у сто разоў большы».

Аб аўтары. Наталля Станкевіч. Нарадзілася ў 1984 г. у Мінску. У 2007 г. скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і паступіла ў аспірантуру на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У 2012 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па сацыяльнай філасофіі. У 2011–2012 гг. прайшла прафесійную перападрыхтоўку ў Маскоўскім інстытуце псіхааналізу па праграме «Асновы псіхааналізу». Працуе псіхолагам-кансультантам, распрацоўвае і праводзіць трэнінгі для сем’яў і моладзі. Замужам, мае дачку Тэрэзу.