Такая магчымасць з’явіцца дзякуючы новым плошчам, што атрымае музей пасля адсялення жыхароў кватэр, размешчаных у музейным будынку.

У бліжэйшы час жыхары кватэр №3 і №5 пераедуць у добраўпарадкаванае жыллё па вуліцы Касцюшкі, а музей атрымае больш за 100 квадратных метраў дадатковай плошчы.

Дырэктар музея Святлана Рапецкая распавяла “Твайму стылю”, што дадатковыя плошчы дадуць установе новы штуршок да развіцця

Вызваляецца адна кватэра на першым і адна – на другім паверсе.

Мы плануем зрабіць выставачную залу, экспазіцыйную залу, павялічыць плошчу фондасховішча. Калі хопіць месца, яшчэ і сувенірны кіёск. Вельмі патрэбна нам і памяшканне, дзе можна было б праводзіць розныя імпрэзы

Хочам адну экспазіцыйную залу прысвяціць  Васілю Быкаву. У фондах ёсць пэўныя матэрыялы:  і дакументы, і фотаздымкі, і лісты, і шмат чаго іншага. Зараз працуем над навуковай канцэпцыяй экспазіцыі.

Паводле намесніка начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра Хамені, рашэнне гарвыканкама пра адсяленне жыхароў двух кватэр плошчай 56,87 і 48,66 квадратных метраў прынятае яшчэ ў снежні. 

Людзі маюць на руках дамовы найму  і  магчымасць пераехаць у любы момант.

Пасля гэтага ў музейным будынку застанецца апошняя  сям’я, якая займае плошчу 39,3 квадратныя метры. З гэтай сям’ёй таксама вядуцца перамовы пра пераезд у іншую кватэру.

Святлана Рапецкая:

Мы вельмі ўдзячныя тым людзям, хто неабыякавы да беларускай літаратуры і культуры, і кіраўніцтву нашай вобласці і горада, таму што шмат у чым яны спрыяюць і дапамагаюць.

Мне вельмі прыемна, што нешта зрушылася за апошнія 3 гады, але шмат працы яшчэ наперадзе: перапланіроўка, рамонт.

Памяшканне павінна быць злучана ў адно, неабходна прадумаць, як будуць рухацца наведнікі, экскурсійныя маршруты, набыць неабходнае абсталяванне.

Пачатак музею Максіма Багдановіча, распавядае ягоная першая дырэктарка Данута Янаўна Бічэль, пакладзены ў 1982 годзе, калі ў памяшканні адной з кватэр будынка размясціўся літаратурны аддзел гісторыка-археалагічнага музея. Першая экспазіцыя адчынілася ў 1986 годзе.

Да 100-годдзя Максіма Багдановіча музею аддалі яшчэ 3 кватэры, жыхары выехалі ў 1991 годзе, і 26 мая 1994 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі.

Летась вызвалілася яшчэ адна кватэра.

Калі вырашыцца пытанне з адсяленнем уласнікаў апошняй кватэры на першым паверсе, музей нарэшце зойме будынак цалкам.

Першапачаткова музей дзяліў дом з жыхарамі 9 кватэр.