Археалагічны музей «Бярэсце», Берасцейская крэпасць, кляштар Бернардзінцаў, палесскія драўляныя забудовы, Косаўскі замак, Пружанская брама ды шмат інш. Гэта далёка не ўсе тыя месцы, якія варта наведаць на Берасцейшчыне як беларусам, так і замежным гасцям.

Якія з гэтых аб’ектаў будуць найбольш прывабнымі для тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, і для тых, хто ўпершыню хоча наведаць Беларусь? Пра гэта мы запыталіся ў берасцейскага краязнаўца Ігара Бараноўскага.

На ягоную думку, кожнаму чалавеку перш за ўсё варта цікавіцца мясцінамі, дзе ён нарадзіўся:

— Кожны чалавек мае сваю малую радзіму, без разумення сваёй малой радзімы, без таго, што яго звязвае з ягонымі каранямі, дзядамі, продкамі, немагчыма рабіць сваю краіну – Рэспубліку Беларусь, дзе ён жыве. І вось гэта цікавасць мусіць пачынацца з таго, што бліжэй, там, дзе чалавек жыве, дзе ён нарадзіўся. Гэта наша культура, гэта наша спадчына, якой трэба ганарыцца і без яе мы проста не мае сваёй ідэнтычнасці як беларусы. Акрамя таго ёсць прагматычны момант – гэта тое, што можна прыцягваць нават нейкія грошы і турыстыў, прыцягваць экскурсіі, якія хочуць ведаць свет і цікавіцца светам.

РР: — Распавядзіце, калі ласка, агулам якія найбольш выбітныя мясціны Вы бачыце на Берасцейшчыне, на якія варта звяртаць увагу?

— Залежыць, канешне, ад падрыхтоўкі ўзроўню ведання сваёй гісторыі кожнага чалавека, ці нейкай групы, якая хацела бы даведацца, што ў нас ёсць цікавага на Берасцейшчыне. Набольш вядомыя, канешне, турыстычныя маршруты агульнапапулярнага ўзроўню – гэта Ружаны, Ружанскі палац Сапегаў, які цяпер адраджаецца, Косава, звязанае з Тадэвушам Касцюшкам, Воўчын – гэта радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гэтыя месцы найбольш сёння «раскручаныя». Таксама архітэктурная забудова гарадоў Беларусі цікавая. Вось Пінск лічыцца цікавым, хаця за савецкім часам ён быў моцна панішчаны, там цэнтр горада ля Піны прыцягвае турыстаў.

РР: — Якія з гэтых месцаў найбольш будуць цікавыя для людзей, якія захапляюцца гісторыяй роднага краю?

— Безумоўна, хочацца заўсёды пабачыць штосьці кожнаму чалавеку, на якім бы ўзроўні гістарычных ведаў ён не знаходзіўся — ці то аматар, ці то чалавек, які проста захапляецца роднымі краявідамі, любіць падарожнічаць. Я бы сказаў, што Картузіанскі манастыр акрамя тых, што я ўжо назваў, варты таго, каб наведваць і аглядаць. Варта цікавіцца такімі помнікамі архітэктуры, як Ішкальдскі касцёл у Баранавіцкім раёне, Вольнаўская царква – таксама помнік барока вельмі цікавы. Я бы сказаў, што ёсць сэнс пракладаць маршруты ў пэўным накірунку. Калі мы едзем у той жа Воўчын, то па дарозе нельга абмінуць, напрыклад, Чарнаўчыцкі касцёл – адзін з самых старажытных у нашых мясцінах. Ёсць драўляныя храмы Палесся, яны таксама значна перабудаваныя, але я лічу, што ўнутры ў іх ёсць сапраўдныя ўніяцкія палесскія скарбы іканапісу.

РР: — А што магла б прапанаваць Берасцейшчына турыстам, якія яшчэ не знаёмыя з Беларуссю і яе гісторыяй?

— Калі б я асабіста прапаноўваў, то, канешне, тое, што адлюстроўвае нашу ідэнтычнасць беларусаў. Калі пачынаць з Берасця – уласна я пачынаю заўсёды з музеям “Бярэсце”.

На сённяшні дзень у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэспубліканскага ўзроўню ўнесена каля 5 тысяч аб’ектаў. Сотні з іх знаходзяцца ў Берасцейскай вобласці.