Вячка й Джоан Станкевічы паўтараюць шлях сваёй рызыкоўнай вандроўкі часоў “халоднай вайны”.

У Варшаву завіталі Вячка й Джоан Станкевічы, беларуска-амэрыканская сям’я зь Нью-Джэрсі. Спадар Вячка – намесьнік старшыні БНР Івонкі Сурвілы, кіруе Беларуска-амэрыканскім задзіночаньнем. Яго жонка Джоан выдала нядаўна ў Амэрыцы кнігу «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму». У ёй аўтарка ўзгадвае Эўропу часоў падзеньня “жалезнай заслоны” й першую паездку ў Беларусь у 1993 годзе.

Напрыканцы 80-х і пачатку 90-х Станкевічы вандравалі па Эўропе аўтамабілем з жылым фургонам. Сёньня яны паўтараюць шлях сваёй рызыкоўнай вандроўкі часоў “халоднай вайны” па зусім іншай Эўропе.

Эўрапейскае турнэ Станкевічы пачалі з Прагі, дзе іх сям’я жыла, калі сп. Вячка кіраваў Беларускай службай Радыё Свабода. Цяпер яны наведваюць Польшчу, начуюць на кэмпінгах. У месцах, дзе ёсьць актыўныя беларускія асяродкі, Джоан і Вячка праводзяць прэзэнтацыі кнігі. Цягам трох наступных тыдняў на сваім караване яны наведаюць Славаччыну, Вугоршчыну, Аўстрыю, Італію, Нямеччыну.Вячка Станкевіч: Мы спатыкаемся са старымі знаёмымі. Вельмі цёплыя й адкрытыя пачуцьці ад гэтых сустрэч. Пакуль мы толькі на пачатку нашай вандроўкі, але заўважылі, што ў параўнаньні з Чэхіяй, Польшча варушыцца лепш. Карціна іншая, чым мы чытаем пра гэта ў мэдыях.

У аўторак раніцай Станкевічы сустрэліся з выкладчыкамі й студэнтамі Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, а вечарам – у Беларускім доме ў Варшаве зь мясцовай дыяспарай. Падчас цёплых сустрэч амэрыканскія госьці распавялі пра эўрапейскія прыгоды трыццацігадовай даўніны.

У 80-х Станкевічы былі сярэднестатыстычнай амэрыканскай сям’ёй, жылі ў Нью-Джэрсі. Сп. Вячка працаваў інжынэрам, Джоан вяла свой бізнэс, а дзеці рыхтаваліся да паступленьня ва ўнівэрсытэт. Іх жыцьцё радыкальна зьмянілася, калі сп. Вячка атрымаў пасаду на Радыё Свабода.

Джоан Станкевіч: Вячка прыехаў у Мюнхэн, дзе тады месьцілася сядзіба Радыё Свабода, у 1988 годзе. Усходняя Эўропа на той час усё яшчэ была камуністычнай. Калі мы ўпершыню перакрочылі мяжу “жалезнай заслоны”, то за намі, натуральна, сачылі. У раёне Гданьска я ўпершыню пабачыла вадамёты, якімі разганялі “Салідарнасьць”. Затым мы наведалі Белавескую пушчу, дзе адбываўся беларускі фэстываль. Нас там праслухоўвала міліцыя й загадала здаць адбіткі пальцаў. Тады, напэўна, шмат людзей падумала, што мы з ЦРУ. Невядома, што яны зьбіраліся рабіць з нашымі адбіткамі пальцаў, таму мы хутка пакінулі гэтае месца.

У 1993 годзе Станкевічы наведалі І Зьезд беларусаў сьвету ў Менску. На ўезьдзе ў Гародню луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. У Менску адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне Дня Волі. Здавалася, што перамены ў краіне незваротныя. Гэта быў першы візыт Джоан у Беларусь.Джоан Станкевіч: У Менску за намі сачылі агенты КДБ. Яны былі на розных паверхах нашага гатэля. У навінах тады сказалі, што мы “фашысты, якія вярнуліся”. У адным зь інтэрвію Вячка сказаў, што дыяспара можа дапамагчы краіне адраджацца, калі яна зможа вярнуцца. Але гэты кавалак быў выдалены. У 1993 у нас былі спадзяваньні, што выбары 1994 прынясуць перамены, але, на жаль, перамены адбыліся ў горшы бок.

У 1960 годзе, калі яна выходзіла замуж за сп. Вячку, то паабяцала яму, што калі ў Беларусі адбудуцца перамены, то яны вернецца на радзіму мужа. “Але ў 60-х лёгка было абяцаць. Рэальнасьць аказалася іншай” – з сумам кажа Джоан. Сёньня Беларусі ў пляне іх маршруту няма. Аднак і Вячка, і Джоан з уласьцівым амэрыканцам аптымізмам кажуць, што спадзяюцца сваім аўтамабілем з фургонам паўтарыць паездку ў Беларусь – натуральна, праз Гародню, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на ўзьедзе.

Здымкі: belhouse.org