У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага прайшла прэзентацыя новай кнігі краязнаўцы Леаніда Лаўрэша “I зорнае неба над галавой…: Нарысы з гiсторыi астраномii”.

Леанід – аўтар больш чым 80 гістарычных артыкулаўна розныя тэмы, даследуе гісторыю свайго роднага краю – Лідчыны, біяграфіі славутых людзей рэгіёна, а таксама з’яўляецца стваральнікам і адміністратарам аднаго з найстарэйшых беларускіх гістарычных сайтаў – pawet.net.

Новая кніга “I зорнае неба над галавой…: Нарысы з гiсторыi астраномii” стала сапраўднай нечаканасцю для гістарычнай супрольнасці.

“Існуе такі стэрэатып, што беларусы нічога не дасягнулі ў тэхнічных навуках. Іх доля – гуманітарныя. Аднак гэтая кніжка цалкам абвяргае гэтае сцвярджэнне ”— прадстаўляючы аўтара, зазначыла доктар гістарычных навук Святлана Марозава.

Тэма кнігі сапраўды рэдкая і вельмі цікавая. Увогуле, даследванне гісторыі развіцця розных навук – справа песрпектыўная і яшчэ маладаследваная ў Беларусі. Тым больш, даследванне гісторыі развіцця астраноміі ў нашай краіне.

Новая кніга акурат і з’яўляецца добрым і якасным пачаткам ў гэтай справе. У ёй, праз біяграфіі славутых астраномаў, расказваецца пра станаўленне гэтай навукі ў нашай краіне.

“Усё пачалося, можна сказаць, з абурэння, калі некалькі гадоў таму я прачытаў артыкул аднаго гісторыка пра дзейнасць нашага славутага земляка Марціна Пачобута-Адляніцкага. У артыкуле было напісана, что ён адкрыў сузор’е. Але яго ж адкрыць нельга!” – кажа Леанід.

Тэма кнігі, як аказалася, не выпадковая для Леаніда. У юнацтве ён апантана займаўся астраноміяй.

Вельмі ўдала спалучыўшы свае тэхнічныя веды, якія ён атрымаў калісьці, і гістарычны аспект, краязнаўца і напісаў гэтую кнігу.

Яна дае магчымасць не толькі даведацца пра гісторыю развіцця менавіта астраноміі, але і ўбачыць некаторыя грані тагачаснага жыцця. Напрыклад, у ХІХ ст. вельмі моднай забавай было на балах ды вечарынах увечары глядзець на зорнае неба. Аказалася, што шмат у каго з мясцовай беларускай шляхты былі свае, на той час магутныя, тэлескопы.

У кнізе сабраныя факты не толькі пра беларускіх навукоўцаў, але і пра развіцце агульнаеўрапейскай астранамічнай навукі ад самага пачатку яе існавання да выбітных асоб ХХ ст.