Турыст з Канады Эдвард Кампінскі прыязджаў у Беларусь наведаць магілы сваіх продкаў

Ён падышоў да супрацоўніцы Бабруйскага краязнаўчага музея і на ламанай рускай мове папрасіў сфатаграфавацца “на фоне партызанскага вігвама”. Жанчына здзівілася: такіх экспанатаў у экспазіцыі няма. Потым перапытала: “Можа вы маеце на ўвазе шалаш?” “Так, вядома! — усклікнуў незнаёмец. —У маім сямейным альбоме ёсць фота, там вось такі… ша-лаш, і ў ім дзядуля, з сябрам Мішам”.

Як аказалася, Эдвард Кампінскі прыехаў з Канады ў Беларусь, каб наведаць магілы продкаў. Гісторыя яго сям’і ў нечым тыповая для людзей, якія апынуліся ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупаваных немцамі землях Беларусі. Родзічы Эдварда жылі ў Бабруйску. Лёва, ягоны дзед, быў у той час 15-гадовым хлапчуком, які ганяў мяч на футбольным полі, купаўся ў Бярэзіне і трызніў авіяцыяй. Ды ў чэрвені 41-га да мары Лёву было далёка, а вайна падышла блізка: яна ўжо хавалася за кустамі на беразе Мухаўца, у мундзіры мышынага колеру, са свастыкай над левай кішэнню…

Бацька Лёвы, доктар-педыятр Кампінскі, стаў ваенным лекарам. Разам з двума братамі, змяніўшы цывільны пінжак на ваенную гімнасцёрку, сышлі ў акопы — абараняць краіну. Загінуў у крывавым віры вайны. Як вядома, у тым векапомным чэрвені гітлераўская саранча акупавала Беларусь за лічаныя дні. І сям’я Кампінскіх з жыхароў Бабруйска пераўтварылася ў вязняў гета. А футбольнае поле новая ўлада агарадзіла калючым дротам, пераўтварыўшы ў фільтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных. Страшныя былі дні… Праз паўгода Лёву і яго сябру Мішу ўдалося збегчы з гета. Доўга бадзяліся па лясах, пакуль не выйшлі да партызан. “Вы, напэўна, чулі пра партызанскі атрад братоў Бельскіх? — пытае Эдвард. — Яны стварылі яго ў ваколіцах Навагрудка пад час Другой сусветнай вайны. У ім было больш за 1200 чалавек — розных нацыянальнасцяў, а ў партызанскай вёсцы пад назвай “Лясны Іерусалім” была пякарня, кузня, гарбарны завод, лазня, бальніца, школа… Там нават гулялі вяселлі! Дзякуючы байцам атрада былі выратаваны ад смерці 1230 чалавек, якім браты Бельскія і іх паплечнікі дапамаглі бегчы з гета. Пра атрад Бельскіх, дарэчы, у Галівудзе ў 2008 годзе быў зняты фільм “Выклік”. І такіх атрадаў у беларускіх лясах было ў час вайны нямала. І мой дзед, разам з сябрам Мішам, сталі байцамі падобнага фарміравання, накшталт атрада Бельскіх, але ваявалі ў ваколіцах Бабруйска”.

Так падлетак Лёва і стаў партызанам па імені Леў. Ён вельмі спадзяваўся вызваліць з гета сваіх: маму, бабулю і дзвюх сясцёр. Але не паспеў… Потым ваенныя дарогі павялі Льва Кампінскага ў Армію Краёву. Далей, пасля вайны, у 1947-м, ён пайшоў служыць у Французскі легіён. Сёння ж ураджэнец Бабруйска жыве ў невялікім доме састарэлых, у прыгарадзе Квебека. На выхадныя Леў Кампінскі гасцюе па чарзе ў двух сыноў і дачкі. “Яму 87 гадоў, ён ужо даўно не той Лёўка-футбаліст, якім быў у 41-м… — усміхнуўся Эдвард. —Таму і папрасіў мяне паехаць у Беларусь, прайсці па месцах яго дзяцінства, юнацтва. Прасіў фатаграфаваць ўсё! Вось я і ў музеі…”

Фатаграфія партызанскага шалаша, патлумачыў ён супрацоўнікам музея, нагадае дзеду пра маладосць, партызанскія будні. І хоць звычайна там фатаграфаваць забаронена, ды ўнуку партызана Льва Кампінскага ў той дзень у Бабруйскім краязнаўчым музеі зрабілі выключэнне…