Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праваслаўная царква мае патрэбу ў рэфармаванні. Эксперты «Тут і цяпер» разважаюць, ці сапраўды саспела такая патрэба.

Святар Аляксандр, клірык Свята-Міхайласкага прыходу Мінска:
«Шмат хто разумее неабходнасць змен»

— Тут ёсць далікатны момант. Калі б прэзідэнт Лукашэнка выступаў як міранін, то меў бы права так лічыць. Але калі ён выступае як кіраўнік дзяржавы, дзе яго слова ўспрымаецца як закон, то гэта ўжо выклікае непакой. Але я, насамрэч, таксама лічу, што рэфармацыя царквы патрэбна. Я падзяляю меркаванне Лукашэнкі, што не патрэбны нам вялікія храмы. Патрэбны храмы памерам для адной абшчыны людзей, якія ведаюць адно аднаго, жывуць як адна сям’я. Стаяць у царкве – не агульнаправаслаўная практыка. У Грэцыі і ў іншых краінах праваслаўнага свету ў цэрквах ёсць крэслы, людзі сядзяць на працягу службы і падымаюцца толькі ў пэўныя моманты. Нават у тэкстах багаслужэнняў ёсць месцы, якія называюцца «сядальнымі» (значыць, падчас іх зачытвання можна сядзець). Таму тут няма ніякай рэфармацыі. Трэба рабіць, як ва ўсім свеце. Тое, што службы ў нас больш адпавядаюць няспешнаму сярэднявеччу, вядома, многія людзі не ўспрымаюць. Самае галоўнае, што не ўспрымаюць мову. Але царква сама па сабе вельмі кансерватыўны інстытут. Шмат хто разумее неабходнасць змен, але гэта не так проста. Многім людзям рэформы не патрэбны, бо яны прыходзяць у царкву не дзеля веры: яны не чытаюць Евангелле, іх не хвалюе сутнасць хрысціянства, ім патрэбен толькі рытуал. Ім служба патрэбна менавіта ў такім выглядзе.

Валерыя Чарнаморцава, праваслаўная верніца:
«Рэформы могуць ажыццявіць толькі тыя людзі, якія жывуць па веры»

— Рэформа ў царкве не робіцца па нейкіх палітычных загадах. Рэформы павінны выспяваць. Царква ёсць цела Хрыстовае. Гэта не дзяржаўная і нават не грамадская арганізацыя, таму ісці з такімі прапановамі зверху ці збоку немагчыма. Царкве найперш патрэбна катэхізацыя — навучанне вернікаў жыццю па веры, уласна кажучы, па сапраўднай праваслаўнай веры. Кожны сур’ёзны вернік так ці інакш вучыцца. Хрысціян спачатку называлі вучнямі Хрыстовымі. Навучаныя людзі змогуць супольна рэфармаваць ці, разумеючы сапраўдную традыцыю, адрозніваючы яе ад нейкіх няважных рэчаў, паступова штосьці рэфармаваць… Тое, што службы зацягнуты, што яны вядуцца на царкоўнаславянскай мове, безумоўна, праблема. Але, дзякуй Богу, у нас ёсць пераклад на беларускую мову. Шкада, што ён не надта якасны. Але, прабачце, у Расіі няма афіцыйнага дабраславення на літургію на рускай мове. У Беларусі сітуацыя лепшая. Калі будзе навучанне асновам веры і жыццю па веры, то рэформы самі адбудуцца.

Чытаць далей