Па словах парламентарыя Аксаны Няхайчык, праект Закона аб НКА «не падлягае істотным сэнсавым зменам», бо ўжо ўхвалены ў першым чытанні. Замест гэтага адбудуцца слуханні па адукацыйным заканадаўстве.


Палата прадстаўнікоў адказала на зварот 25 некамерцыйных арганізацыяў, якія прапанавалі правесці парламенцкія слуханні па пытанні ўдасканалення заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях ды іншых НКА.Намеснік старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аксана Няхайчыкпаведаміла, што лічыць правядзенне парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні «немэтазгодным”, паколькі, на думку камісіі, прыняццё праекта зменаў у закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях” у першым чытанні 30 мая азначала ўхваленне ягонай канцэпцыі, якая не падлягае больш істотным сэнсавым зменам.

Поўны тэкст адказа на зварот па парламенцкіх слуханнях Закона аб НКА тут.

Замест слуханняў па заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях у другой палове лістапада 2013 года ў Палаце прадстаўнікоў пройдуць парламенцкія слуханні па пытаннях удасканалення заканадаўства і нарматыўна-прававой базы, якая тычыцца нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Калі запланаваныя слуханні адбудуцца, гэта будзе першым за доўгі перыяд (ад лістапада 2010 года) прыкладам выкарыстання гэткай формы парламенцкай працы. Гэта таксама добрая магчымасць для грамадскіх аб’яднанняў выказаць сваю пазіцыю як наўпрост па праблемах адукацыі, так і па пытанні ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі НКА.

Важнасць такой дыскусіі павялічваецца ў кантэксце абагульнення двухгадовага досведу выкарыстання Кодэкса аб адукацыі.

Цэнтр прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў як ініцыятары калектыўнага звароту выказваюць падзяку тым арганізацыям, якія падтрымалі зварот пісьмова альбо ў электроннай форме.

«Зацікаўленая грамадскасць і надалей будзе імкнуцца да таго каб заканадаўства пра грамадскія аб’яднанні развівалася з улікам меркаванняў грамадскасці. У тым ліку будзе працягнутая праца дзеля ўдасканалення праекта закона “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”», – паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Нагадаем, 16 ліпеня ў парламент і ўрад Беларусі быў накіраваны калектыўны зварот 25-ці НКА з прапановай правесці парламенцкія слуханні па пытанні ўдасканалення заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях.

Нагодай для зварота стала прыняццё Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні законапраекта “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў”, які замацоўвае пэўныя станоўчыя змены, але не вырашае самых істотных прававых праблемаў, з якімі сутыкаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці.