Генсакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн заклікаў расійскае кіраўніцтва дыстанцыявацца ад заявы Уладзіміра Жырыноўскага пра «знішчэнне» краін Балтыі.

«Зразумела, было б прасцей адкінуць такія заявы як абсурдныя. Але ўсё ж мы хочам ўспрымаць іх як сур’ёзныя і цалкам непрымальныя. Мне б вельмі хацелася, каб афіцыйныя расійскія структуры дыстанцаваліся ад такіх абсурдных заяваў», — сказаў Расмусэн.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкевічус адмовіўся каментаваць «бессэнсоўныя выказванні», паведамляе Delfi.

Як інфармавала Еўрарадыё, расійскі палітык абрынуўся з жорсткай крытыкай на балтыйскія дзяржавы ды паабяцаў іх «абавязковую акупацыю». Бо «там стаяць ракеты ў 5 хвілінах падлёту да Масквы», адзначыў Жырыноўскі.

Акрамя таго Уладзімір Жырыноўскі прапанаваў аддаць Вільню кіраўніку Беларусі: «Віленскі край аддаць Лукашэнку. Гэта — Беларусь».