Чаму сыны Мікалая Радзівіла Чорнага знішчалі кнігу, фундаваную бацькам?

4 верасня споўнілася 450 гадоў “Брэсцкай Бібліі”. З гэтай нагоды ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася выстаўка. А напрыканцы мая ў Брэсце прайшоў міжнародны “круглы стол”, прысвечаны 450-годдзю з дня выхаду ў свет славутай “Брэсцкай Бібліі”. “К” знаёміла чытачоў са зместам навуковай дыскусіі. Гэты артыкул — у працяг тэмы.

Знакамітая “Брэсцкая”, або “Радзівілаўская”, Біблія была для свайго часу самым фундаментальным і прыгожа аформленым выданнем Святога Пісання ў Вялікім Княстве Літоўскім. Характарызуючы кнігу, даследчыкі са стагоддзя ў стагоддзе выкарыстоўваюць вызначэнні “самая”, “выбітная”, “унікальная”.

Ініцыятарам яе выдання стаў, бадай, самы ўплывовы магнат Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўны і ваенны дзеяч, актыўны прыхільнік рэфармацыі Мікалай Радзівіл Чорны. Ён замовіў кальвінісцкі пераклад Бібліі і фінансаваў аб’ёмнае шыкоўнае выданне.

Над перакладам Бібліі з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай моў каля шасці гадоў працавалі запрошаныя замежныя навукоўцы. Яны змаглі правільна і дакладна перадаць стылістычныя асаблівасці біблейскага тэксту — іх пераклад стаў адным з лепшых у тую эпоху. У прадмове, напісанай ад імя Мікалая Радзівіла Чорнага, выказваліся рэфармацкія погляды, тлумачыліся прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначалася, што за ўзор была ўзята Біблія на французскай мове.

Тэкст Старога і Новага Запаветаў набраны ў дзве калонкі гатычным шрыфтам, на палях каментарый, які часам займае амаль усю іх прастору. «Радзівілаўская Біблія» стала адным з самых каментаваных выданняў свайго часу. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі ў ёй змешчаны прадметны паказальнік.

Акрамя гэтага, выданне адметнае багаццем афармлення: у кнізе — два гравіраваныя тытульныя лісты (асобна для Старога і Новага Запаветаў), а таксама вялікая колькасць арнаментаваных заставак, канцовак ды ініцыялаў. Упрыгожваюць і дапаўняюць тэкст 14 гравюр-ілюстрацый з біблейскімі сюжэтамі. Выданне гэтага выдатна аформленага фаліянта абышлося ў 10 тысяч залатых.

Лёс “Брэсцкай Бібліі” склаўся трагічна: частка накладу была знішчана. Уражвае тое, што варварская акцыя была праведзена па ініцыятыве сыноў Радзівіла Чорнага, зацятых праціўнікаў рэфармацыі. Старэйшы — Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) скупляў асобнікі “Бібліі” ды іншых кніг, выдадзеных бацькам, для наступнага знішчэння. Малодшы сын Георгій (Юрый), прызначаны біскупам Вільні, арганізаваў публічнае спаленне пратэстанцкіх кніг, у тым ліку і “Брэсцкай Бібліі”.

Магчыма, таму так мала — каля 40 — асобнікаў гэтага выдання захавалася да нашага часу. Воляй гістарычных абставін большасць з іх апынулася ў кнігасховішчах Расіі, Польшчы і Літвы. Адзіны ў Беларусі асобнік “Брэсцкай Бібліі” (няпоўны) захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён быў падораны Фундаментальнай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларускай ССР (так тады называлася бібліятэка) у сувязі з яе 50-годдзем Цэнтральнай бібліятэкай Акадэміі навук Літоўскай ССР (цяпер — Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук) 20 мая 1975-га.

Папярэдне асобнік быў рэстаўраваны, кніга апранула сучасны скураны пераплёт цёмна-карычневага колеру, стылізаваны пад старадаўні. Замест адсутных першых 46 арыгінальных лістоў у кнігу былі ўплецены іх ксеракопіі.

У асобніку, які захоўваецца ў фондзе ЦНБ НАНБ, адсутнічаюць яшчэ некаторыя лісты, якія не былі заменены копіямі. Так, з 742 лістоў, якія існуюць у поўным экзэмпляры, у дадзеным кодэксе захавалася 664. Можа, першыя і апошнія лісты з выходнымі звесткамі выняты спецыяльна, каб выратаваць асобнік выдання ад знішчэння.

Кніга ўтрымлівае шматлікія запісы, пакінутыя на палях і ў тэксце. Яны — яркае сведчанне таго, што тэкст пратэстанцкай Бібліі ўважліва чыталі і вывучалі. Вялікая колькасць памет уяўляе з сябе кароткія заўвагі на польскай мове. Яны суправаджаюцца сімвалічным малюнкам рукі з выцягнутым указальным пальцам, якая паказвае на пэўнае месца ў тэксце. Мяркуючы па гэтых імправізаваных паказальніках, чытачоў цікавілі адвечныя пытанні быцця, у прыватнасці, вера ў неўміручасць душы.

Сустракаюцца таксама запісы, не звязаныя з тэкстам Бібліі, што паказваюць, магчыма, на ранейшых уладальнікаў кнігі. Так, некалькі разоў згадваецца нехта Сямён Сафрановіч.

Акрамя запісаў і памет, на лістах кнігі сустракаюцца штампы, якія раскрываюць старонкі гісторыі асобніка, звязаныя з дзвюма кніжнымі калекцыямі. Першая — Бібліятэка Віленскага евангелісцка-рэфармацкага сінода. У кнізе сустракаюцца два віды штампаў гэтай бібліятэкі: “Bibliot. Evang.-Reform. Vilnensis / Synodi” і “Biblioteka Synodu Wilensk. Ewang.-Reform”.

Бібліятэка Віленскага евангелісцка-рэфармацкага сінода пачала фарміравацца ў 1557-м. Яе заснавальнік Мікалай Радзівіл Чорны памёр праз два гады пасля выдання “Брэсцкай Бібліі”, адпісаўшы пакінуты наклад Сіноду. У той час як пратэстанцкія выданні знішчалі, фонды бібліятэкі, відавочна, былі некранутыя.

У 1941 г. фонды Бібліятэкі Віленскага евангелісцка-рэфармацкага сінода былі перададзены Публічнай бібліятэцы імя Эўстахія і Эміліі Урублеўскіх. Пасля Другой сусветнай вайны ўстанова стала называцца Цэнтральнай бібліятэкай Акадэміі навук Літоўскай ССР, а з 2009-га — Бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Мяркуючы па штампе “Lietuvos TSR Mokslu Akademija / Centr. Bibliotheka”, сюды трапіў і дадзены асобнік.

У сувязі з 450-годдзем з дня выхаду ў свет “Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі” ЦНБ НАН Беларусі выступіла ініцыятарам праекта па стварэнні паўнатэкставай электроннай версіі гэтага рэдкага выдання. Праект ажыццявіўся дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі і Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, што прадаставіла лічбавыя копіі фрагментаў, якія адсутнічаюць у асобніку, а таксама спонсарскай падтрымцы аднаго з банкаў. Аблічбоўку асобніка “Бібліі”, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, і падрыхтоўку макета забяспечыў Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі.

Акрамя поўнай лічбавай копіі дакумента, электроннае выданне змяшчае навуковыя артыкулы пра гісторыю стварэння
“Брэсцкай Бібліі” і асаблівасці асобніка, а таксама прэзентацыю ад аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАНБ.

Большая частка накладу электроннага выдання паступіць у найбуйнейшыя бібліятэкі Беларусі ды іншыя ўстановы навукі і культуры.