У віленскай і маладзечанскай краме ў топе самых папулярных адна і тая ж кніга. Аднак у іншым густы разыходзяцца. Што ж у нас агульнае, а што – рознае?

У віленскай кнігарні

Знаходзіцца яна непадалёк ад Віленскага ўніверсітэта. У ёй самы вялікі выбар англамоўных кніг ва ўсім горадзе.

Адразу ля ўвахода за шклом стаіць 10 найпапулярнейшых кніг мінулага тыдня. Амаль усе іх аўтары нарадзіліся ў Літве.

Тэмы самыя разнастайныя: адна кніга распавядае пра мастака, другая – пра рэлігію, трэцяя – філасофію, чацвертая – логіку, пятая – фінансы, іншыя – пра гістарычныя падзеі.

– Большасць літаратуры ў нас цяпер купляюць не камерцыйнай, а акадэмічнай, – заўважае прадавец ў кнігарні Айстэ Янкевічутэ. – Падручнікі па мовах, медыцыне. Набываюць з ахвотай і кнігі, якія толькі-толькі паступілі ў продаж. “Навінкі” асабліва цікавяць нашых частых наведнікаў. Увогуле ў дзень мы прадаём ад 50 да 100 кніг.

Між іншым, літоўцы цяпер цікавяцца і эсэістыкай.

– Вось гэтыя найбольш папулярныя, – паказвае Айстэ на кнігі літоўскіх пісьменнікаў Айдаса Марчэнаса і Данальдаса Каёкаса, якія пішуць якраз у такім жанры.

У нашай краме купляюць і шмат англамоўных кніг. Цяпер вельмі папулярная кніга “50 shades of gray” (“50 адценняў шэрага”). Некалькі месяцаў таму людзі набывалі вельмі шмат асобнікаў, прычым усе тры часткі.

У кнігарні Маладзечна

Самая буйная маладзечанская кнігарня штодзень прадае каля 200 толькі мастацкіх кніг.

У краме ёсць стэнд з самымі папулярнымі кнігамі месяца. Сярод іх, як і ў віленскай краме, ёсць сучасны раман Э. Л. Джэймс “50 адценняў шэрага”.

– Набываюць фантастыку, напрыклад, кнігі амерыканскага пісьменніка-фантаста Джорджа Марціна, – распавядае прадавец кнігарні Таццяна Мучынская. – Бяруць і кнігі амерыканскай аўтаркі Стэфані Маер. Дэтэктывы папулярныя, рускія пісьменніцы Дар’я Данцова і Аляксандра Марыніна ў топе ўжо гадоў дзесяць.

Моладзь бярэ кнігі серыі “Сталкер”. Сталыя ж людзі – букіністыку, бо яна танная.

– Класіку бяруць, Гогаля, Булгакава, – адзначае спадарыня Таццяна. – Шмат кніг бралі савецкага пісьменніка Валянціна Пікуля. Прычым класіку бяруць не толькі навучэнцы ці студэнты, у якіх яна па праграме, але і тыя, каму яна проста па сэрцы.

Беларускія кнігі бяруць дзецям

– Беларускія кнігі бяруць больш дзецям, – працягвае Таццяна Мучынская. – Напрыклад, нашага маладзечанскага аўтара Янкі Галубовіча. Карыстаюцца попытам і беларускія кнігі серыі “Кнігазбор”. Тым больш, што яны ладзяць розныя акцыі, накшталт, пры пакупцы кнігі − паштоўка ці дыск у падарунак.

Набываюць і кнігі маладзечанскіх аўтараў, унутры якіх стаіць аўтограф. Напрыклад, Лідзіі Гардынец ці Міхася Казлоўскага.

Таццяна Мучынская адзначае, што продаж кніг залежыць і ад кошту.

На паліцы з дзіцячымі кніжкамі стаіць зборнік казак за 150 тысяч рублёў. Не ўсе бацькі могуць сабе дазволіць набыць яго.