Тэма гаспадарчай дзейнасці ў Біблііі не з’яўляецца настолькі важнай, аднак гаворка пра вышэй акрэсленую тэму ідзе ў сувязі з некаторымі маральнымі аспектамі і менавіта з такога пункту гледжання ацэньваецца. Матэрыяльнае багацце паходзіць ад Бога, які стварыў свет і таму нельга яго неадпаведна выкарыстоўваць або нішчыць, матэрыяльная рэчаіснасць з’яўляецца чымсці добрым і карысным. Таксама дабром з’яўляецца яго памнажэнне, у выпадку, калі яно служыць патрэбам людзей.

Асноўным багаццем у старажытным свеце была зямля. У Ізраэлі яна перадавалася ў спадчыну і гэта быў адзін з найбольш годных спосабаў атрымання ўласнасці. Правільнай дарогай набыцця матэрыяльных каштоўнасцей была праца, дабрабыт лічыўся вынікам працавітасці (Прып 10, 4). Сувязь уласнасці з працай была зразумелай у грамадстве, дзе ў вёсках пераважалі сямейныя гаспадаркі, а ў гарадах дробныя рамеснікі і гандляры. Адсюль бачна, што эканоміка, якая абапіраецца на ўласнасці і працы, маральна правільная.

Гандаль у тыя часы быў менш развіты, аднак Біблія ўспамінае і пра яго. Першая Кніга Валадарстваў хваліць Саламона за развіццё гандлю з іншымі краінамі (1 Вал 9-10). Аб сумленным заробку дзякуючы гандлю гаворыць таксама Кніга Мудрасці Сіраха (Сір 42, 4-5).

У Новым Запавеце можна звярнуць увагу на прыпавесць пра таленты (Мц 25, 14-30). У прыклад ставяцца людзі, якія валодаючы даверанымі ім сродкамі паспяхова іх інвестуюць, зарабляючы яшчэ столькі ж. Хоць гаворка тут ідзе пра Божыя дары, але калі Езус выкарыстаў гэты вобраз, то такі спосаб заробку не можа быць няправільным. Можна таксама сказаць, што і матэрыяльнае багацце з’яўляецца Божым дарам, таму той, хто яго атрымаў, павінен аб ім клапаціцца і яго павялічваць.

У некалькіх словах неабходна таксама сказаць пра заробак, які атрымліваецца дзякуючы капіталу. Святое Пісанне забараняе браць працэнты, як гэта робіцца сёння (Зых 22, 24; Дрг 23, 20). Аднак у Старым Запавеце ёсць фрагменты, якія гавораць, што ў Ізраэлі такая практыка існавала. Сам Езус у прыпавесці пра таленты прызнаў гэта чымсці нармальным (Мц 25, 27). Забарона была звязана з тым, што ў старажытным Ізраэлі пераважала натуральная гаспадарка. Меліся на ўвазе пазыкі, якія даваліся суседзям і сваякам, гэта былі сродкі неабходныя для іх жыцця. Браць працэнты ад блізкіх і сёння лічыцца несправядлівым. Сёння, каб маральна ацаніць гэтую праблему, трэба звярнуць увагу на мэту: крэдыт часта дае магчымасць людзям палепшыць свае ўмовы жыцця і карыстацца большай колькасцю матэрыяльных каштоўнасцей.

Не можна прамінуць і праблемы – з павелічэннем багацця цесна звязана вялікая колькасць маральных пагроз. Прыбытак можа быць брудны і не сумленны, а яго павелічэнне можа стаць прычынай злачынства. Аднак гэта гаворыць пра тое, што чалавек схільны да крадзежы, а не тое, што гаспадарка сама ў сабе з’яўляецца злом.

Многія хрысціяне перакананыя, што ўласнасць з’яўляецца чымсці брудным, бо лічаць, што багацце чалавек атрымлівае дзякуючы несправядлівасці. Але так быць не павінна. Святое Пісанне нідзе не асуджае наяўнасць багацця, а асуджае толькі яго несумленнае павялічэнне і неадпаведнае ўжыванне.