На днях з’явіліся яшчэ паўтысячы асобнікаў папулярнага выдання «Падзеі паўстання 1863 года на Вілейшчыне». Аўтары Зміцер Хаценчык і Дзяніс Канецкі кажуць, што кніга карыстаецца попытам.

Як распавёў Дзяніс Канецкі, першае выданне мела ўсяго сто асобнікаў і разышлося амаль за тыдзень. «Пасля гэтага паступала вялікая колькасць запытаў, таму мы вырашылі надрукаваць большы наклад, — патлумачыў краязнавец. — Але шмат чаго было ўжо зроблена, таму сабекошт асобнай кнігі стаў таннейшы».

І ўсё ж, на гэта спатрэбіўся пэўны час — першая кніга пабачыла свет яшчэ напрыканцы вясны, а давыданне — толькі цяпер.

«Мы займаліся кнігай у вольны ад працы і ўласных справаў час. Выдаткоўвалі свае сілы і грошы. Таму выйшла не так хутка, як хацелася б. Рады, што змаглі выдаць роўна праз 150 год пасля падзеяў», — кажа спадар Дзяніс.

Нагадаем, што гэта не адзінае, што зрабілі вялейскія краязнаўцы з Таварыства Аховы Помнікаў і выдання «ВОЛАТ» да 150-годдзя паўстання. Вясною была адрамантавана магіла паўстанцаў ва Ўладыках, выдадзены спецвыпуск «ВОЛАТа», неаднаразова ладзіліся вандроўкі і імпрэзы.

Усе зацікаўленыя атрымаць кнігу могуць звяртацца на емэйл vilejka.tap@gmail.com альбо па тэлефоне (8029) 8737295 (Дзяніс).