Завяршыўся першы год праекта «Карані і вершаліны» – унікальнай міжнароднай адукацыйнай ініцыятывы для беларускай моладзі, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і ажыццяўляецца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, Французскім Альянсам у Малдове і Брытанскім Саветам у Польшчы. Праект пачаўся ў студзені 2013 года і разлічаны на 2 гады.

Запланаваныя на гэты год пункты праграмы паспяхова прайшлі 210 маладых беларусаў: 120 – па англійскай, 45 – па нямецкай і 45 – па французскай мове.

Першы этап навучання для «нямецкай» і «французскай» груп распачаўся сёлета ў чэрвені ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску і працягваўся чатыры тыдні.

Наступны пункт праграмы праекта, курсы нямецкай мовы ў Германіі, праходзілі ў групах па 15 чалавек у трох нямецкіх гарадах: Брэмене, Дрэздэне і Швэбіш-Халі. Сваімі ўражаннямі ад курсаў у Германіі дзеліцца Дыяна Кукарэка: «Заняткі былі пабудаваны такім чынам, што мы павінны былі ўвесь час размаўляць па-нямецку. Дзякуючы гэтаму камунікацыя з носьбітамі мовы не выклікала ў нас ніякіх цяжкасцей. Таксама мяне ўразіла, што людзі тут раздзяляюць смецце так, як быццам бы гэта заложана ў іх у крыві. Вельмі добрае ўражанне пакінула сям’я, у якой я жыла. Кожны дзень за сняданкам мы абмяркоўвалі жыццё ў Беларусі і Германіі. А на мой дзень нараджэння гаспадыня нават спякла пірог». 

Пасля чатырох тыдняў інтэнсіўных заняткаў тры групы сустрэліся ў Берліне, дзе іх чакала насычаная культурная праграма: сустрэчы і дыскусіі ў Берлінскай акадэміі мастацтваў, Федэральным цэнтры палітычнай адукацыі і фондзе «Дом малых даследчыкаў». Стыпендыяты праекта наведалі «Музейную выспу», Бундэстаг, знакаміты тэатр «Берлінер ансамбль», праехаліся на веласіпедах уздоўж былога Берлінскага мура.

А ўдзельнікі французскай часткі праекта адправіліся пасля курсаў у Мінску на чатыры тыдні на поўдзень Францыі ў Фрэжус і Сэн-Рафаэль. Перад вяртаннем дадому яны правялі чатыры дні ў Страсбургу, дзе наведалі Еўрапейскі парламент і Раду Еўропы.

«Мы мелі магчымасць паслухаць і задаць пытанні дэпутатам з Еўрапейскага парламенту: датчанцы Анне Розбах і французу Жану Люку Бэнаміясу. Перад беларускай моладдзю выступалі французскія эксперты з прэзентацыямі на тэму вышэйшай адукацыі, экалогіі, франкафоніі і культуры. Арганізатары праекту таксама падрыхтавалі ўдзельнікам курсаў адукацыйныя візіты і культурныя падарожжы ў міжземнаморскія гарады Францыі», – гаворыць Агнія Асановіч, удзельніца праекту.

Удзельнікі двухгадовай англіскай часткі праекта прайшлі інтэнсіўны моўны курс у польскім Кракаве, дзе яны таксама атрымалі магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі адной з маладых краін-удзельніц Еўрасаюзу. Удзельнікі праекта працягнуць займацца англійскай мовай пад кіраўніцтвам настаўнікаў з Брытанскага Савета ўвесь навучальны 2013/2014 год у межах спецыяльна распрацаванага анлайн-курса. Па завяршэнні, летам наступнага года, лепшых 50 навучэнцаў чакае адукацыйны візіт у Кардзіф (Вялікабрытанія). 

Найбольш важным вынікам праекта з’яўляецца тое, што ўдзельнікі змаглі палепшыць свае моўныя навыкі на два ўзроўні (у адпаведнасці з Агульнаеўрапейскімі кампетэнцыямі валодання замежнай мовай). Гэта выдатнае дасягненне, якое патрабавала ад навучэнцаў і настаўнікаў вялікай адданасці і дысцыплінаванай працы. Акрамя таго, удзельнікі праекта «Карані і вершаліны» пазнаёміліся з культурай і паўсядзённым жыццём еўрапейскіх краін, а таксама набылі веды пра ЕС і яго дзейнасць.

Інстытут імя Гётэ ў Мінску шчыра радуецца за ўдзельнікаў праекта і жадае ім поспехаў і далейшага прафесійнага росту!

У наступным годзе праект «Roots and Treetops/Карані і вершаліны» дасць магчымасць яшчэ 45 маладым беларусам прыняць удзел у курсах нямецкай мовы і 45 іншым – у курсах французскай. Заявы на ўдзел у праекце будуць прымацца ў другой палове лютага 2014 года. Сачыце за абнаўленнямі на сайце Інстытута імя Гётэ ў Мінску.