Толькі 4,9% маладых беларусаў не жадалі б з’ехаць адсюль, таму што ганарацца сваёй краінай. Беларускія сацыёлагі расказалі днямі пра фантазіі і мары маладых людзей на сучасным рынку працы і пра тое, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі.

Каля 80% маладых беларусаў мараць мець уласны бізнэс праз 10 год, хаця цяпер амаль палова зарабляе нізка-кваліфікаванай працай: гандлем або з дапамогай фізічнай сілы. Супрацоўнікаў не хапае і дзяржаве і бізнесу, наймальнікі скардзяцца на ўвесь характар «лянівага пакалення».

Пакаленне мамкіных дзетак

І наймальнікам, і дзяржаве не хапае працоўнай сілы. Па версіі наймальнікаў, у моладзі завышаныя патрабаванні да заробкаў, нізкая падрыхтоўка, яны часта мяняюць працу.

Гэтыя і іншыя цікавыя звесткі прэзентавалі днямі ў Менску сацыёлагі з НІСЭПІ. Даклад «Моладзь у Беларусі на рынку працы і ў сістэме працоўных стасункаў» быў падрыхтаваны на грунце даследавання, праведзенага НІСЭПІ пры супрацы з Беларускім Шуманаўскім таварыствам і сайтам adukacyja.info

Дзмітрый Ісаёнак, каардынатар праекта:

— Наймальнікі намагаюцца тлумачыць сітуацыю на падставе тэорыі пакаленняў. Кшталту Пакаленне Y — мамкіны дзеці, якія часта мяняюць працу ў пошуку ідэалаў, але насамрэч бавяць час у сацыяльных сетках.

Заходней ад Беларусі таксама ёсць такая праблема, праблема пакалення 1000 еўра. Магчыма яе карані ў тым, што моладзі абяцалі працу і законныя 1000 еўра (нашым — 500 даляраў) узамен на вышэйшую адукацыю — і не далі. Яны не з’язджаюць ад бацькоў проста таму, што заробак не дазваляе. 

— У нас па-ранейшаму выпускаюць філолагаў, юрыстаў, а самы вялікі працадаўца – «Еўраопт». Адкуль возьмецца пазітыў і жаданне працаваць, калі ты скончыў філалогію, а расстаўляеш кефір на палічках, — кажа Дзмітры. — У глыбіні душы, як паказвае апытанне, яны вераць, што праз 10 год будуць мець уласны бізнес (80% апытаных). Але мы ведаем, што не будуць.

Каньячны блат

Сярод моладзі масава сустракаецца меркаванне, што карупцыя пры працаўладкаванні – звычайная з’ява. Вытрымка з дакладу:

Яраслаў: “Давай дамовімся, што першы твой заробак будзе мой, ты мне яго аддасі – і ты працуеш заўтра”. Так і сказаў. Я адказаў: “Не, дзякуй”..

Яшчэ адна з’ява, якая часта ідзе побач з хабарам — уладкаванне на працу «па блату». 44,3% апытаных лічаць гэта лепшым спосабам знайсці добрую працу з высокім заробкам. І ў 11% працэнтаў гэта атрымалася. Праз прымусовае размеркаванне знайшлі сваё працоўнае месца 31,2%, яшчэ 25,2% знайшлі сябе на рынку працы па парадзе сяброў.

«Ты павінен усё ведаць. Мусіш быць і ўрачом, і юрыстам, абараняй сам сябе»

Прыкласці намаганні трэба не толькі каб уладкавацца на працу, але і каб звольніцца: маўляў, працадаўца хутчэй гэта зробіць па артыкуле, чым па згодзе бакоў. Удзельнікі апытання (вытрымкі з дакладу):

Вераніка: «Знаёмая дзяўчына, калі звальнялася, ішла адразу з юрыстам. Тады яны даюць кантракт і нармальна звальняюць А так, калі нічога не ведаеш і без юрыста — толькі па артыкуле. Робяць з чалавека дурня, і нічога не давядзеш».

Юлія: «Самому трэба разбірацца. Ты павінен усё ведаць. Мусіш быць і ўрачом, і юрыстам, абараняй сам сябе».

Андрэй: «Менталітэт наш трэба мяняць: усе нашы звычкі звязаныя з парушэннямі закону з савецкага часу. Наймальнік намагаецца падмануць працаўніка, а ён – наймальніка. Гэта закон прыроды».

Толькі 4,9% маладых беларусаў не жадалі б з’ехаць з краіны, таму што ганарацца ёй, а 7,2% апытаных усё ў Беларусі задавальняе. Крыху менш за 20% не хацелі б з’язджаць праз блізкіх.

Увогуле ж 50% моладзі лічыць, што такім, як яны, лепш бы жылося за мяжой: у Беларусі не вельмі вялікія магчымасці знайсці вартую працу альбо іх увогуле няма (больш за 55% апытаных). І каб усё ж гэта зрабіць, больш за палову апытаных гатовыя змяніць месца жыхарства ў межах Беларусі і 61,2% — пераехаць у іншую краіну, бо гэта палепшыць матэрыяльны стан у перспектыве (50,6%). Прафесіяналізацыя і такога шэрагу рэчы цікавяць моладзь у меншай ступені.

Эканамічныя праблемы нельга перарасці

Прафсаюзы не дапамагаюць абараняць правы, і таму іх структура не надта аўтарытэтная. Але людзі пры гэтым лічаць, што прафсаюзы мусіць фінансавацца дзяржавай. Незадаволенасць працоўнымі ўмовамі прыводзіць да міграцыі.

Дзмітры Ісаёнак:

— Атрымліваецца цікава: як казаць пра краіну – усе песімісты, як толькі пра асабістае: я праз 10 год буду бізнесменам.

Большасць маладых людзей лічаць сваю працу часовай, і таму жывуць віртуальна: яна спадзяюцца ўсё гэта “перарасці”. Але ёсць рэчы, якія перарасці немагчыма. Немагчыма перарасці праблемы ў эканоміцы.