Гарадзенцы адзначылі 110-годдзе аўтаркі гімна “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай адмысловай імпрэзай і выданнем кнігі пра творчасць паэткі.

Аўтар кнігі Ала Петрушкевіч, даследчыца творчасці паэткі, адказала на пару пытанняў:

— Хто для вас Наталля Арсеннева?

— Наталлю Арсенневу зазвычай лічаць лідарам паэзіі беларускага замежжа. Гэта так, але гэта не толькі так. Сярэдзіна ХХ стагодддзя – назавіце хоць адну беларускую паэтку. Арсеннева і Геніюш – і ўсё. Па сутнасці – нікога не засталося. Зоська Верас сядзела ціха ў лесе, Канстанцыя Буйло сядзела ціха ў Маскве і пісала патрыятычныя вершы. А былі гэтыя дзьве вялікія асобы, што трымалі гонар беларускай літаратуры сярэдзіны ХХ стагоддзя, і праз увесь свой лёс. І гэта такая недарэчнасць, што яны да гэтага часу належным чынам не вернутыя. Іх трэба вяртаць. А як вяртаць – гаварыць пра іх, пісаць пра іх. Зрэшты, яны і так вярнуліся : Наталля Арсеннева – сваёй “Малітваю”, Ларыса Геніюш сваёй прысутнасцю ў нашай прасторы. І ў кнізе, дзе яны побач.

— Кніга – гэта мастацкі твор ці нешта іншае?

— Гэта манаграфія пра творчасць паэткі. Натуральна, я не адасабляю творчасць ад жыццёвага шляху. Жыццё – лёс – паэзія. Так трэба трактаваць лёс творцы.

— Як вы першы раз пазнаёміліся з творчасцю Наталлі Арсенневай?

— Гэта была перыёдыка сярэдзіны 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Проста вершы, якія мільганулі недзе. Імя, якое асабліва нічога не сказала, бо я пра яе тады нічога не чула. Можна было скончыць у савецкі час школу, універсітэт і не пачуць гэтае імя. Цяпер мы амаль да гэтага вярнуліся. А ў канцы 80-х іх пачалі вяртаць. І Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч актыўна гэта рабіў. Я была на курсах настаўнікаў, і ён чытаў лекцыю, прысвечаную творчасці беларускага замежжа. Тады ўпершыню я зразумела і адчула, хто яна такая. Гэта першы этап майго шляху да вялікай паэткі. А пасля – аспірантура.

— Пра каго вы пісалі працу ў аспірантуры?

— Я пісала пра паэзію Дануты Бічэль, і, натуральна, нельга было абысці іншых. Мой навуковы кіраўнік Іван Навуменка пытаецца: “Добра – Данута, а чаго яна ў вас адна як Піліп з канапель выскачыла? Каго побач паставіць?” Я кажу: “Ларысу Геніюш”. Ён дадае: “Пастаўце яшчэ Наталлю Арсенневу”, – і дадае: “Ну і кампанія!”. Я кажу, што кніг няма, – толькі “Туга па Радзіме”. Ёе кажа: “А вы пайдзіце ў “рэдкую кнігу” і там вазьміце экзэмпляр той кнігі, што выйшла ў 1927 годдзе”. І я ў той жа дзень пайшла. І гэта была кніга, якую яна падарыла Адаму Ягоравічу Багдановічу.

На імпрэзе гучалі вершы славутай паэткі, меркаванні даследчыкаў яе творчасці. Кніга — першая, прысвечаная Наталлі Арсенневай, і выйшла малым накладам у сто асобнікаў.