Нагодай сталі выпадкі дыскрымінацыі грамадзянаў па моўнай прыкмеце – у краіне фактычна адсутнічае законатворчасць на беларускай мове. Гэта ўскладняе працэс абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзянаў у судзе і іншых дзяржаўных органах.

Намеснік старшыні ПЦ “

Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу Канстытуцыйнага суда, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ўсё часцей фіксуюцца выпадкі дыскрымінацыі грамадзянаў па моўнай прыкмеце. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” у новай рэдакцыі 13.07.1998 г. № 187-3 не ўтрымлівае гарантый роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў і, па меркаванні Стэфановіча, супярэчыць арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

“Мова судавытворчасці ў краіне паводле дзеючага заканадаўства ажыццяўляецца на беларускай і (альбо) рускай мовах, што на практыцы ў большасці выпадкаў прыводзіць да таго, што суды з удзелам прадстаўнікоў беларускамоўнай меншасці адбываюцца на рускай мове”, — адзначае ў звароце праваабаронца.

Праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі суддзі адмаўляліся весці працэс па-беларуску. Варта прыгадаць адміністратыўны працэс над Генікам Лойкам, якога ў сакавіку 2013 года судзілі за несанкцыянаваны пікет у абарону беларускай мовы ля гімназіі №4 г.Мінска. Суддзя Фрунзенскага раёна Людміла Лапо не толькі адмовілася сама весці працэс па-беларуску, але і забараняла адказваць па-беларуску ўдзельнікам працэсу. Суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксей Бычко, які разглядаў касацыйную скаргу, адмовіўся весці працэс па-беларуску, спасылаючыся на арт. 2.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, які нібыта дазваляе вядзенне працэсу на рускай мове.

Стэфановіч звяртае таксама ўвагу, што на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове.

Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце супярэчыць не толькі нацыянальнаму, але і міжнароднаму заканадаўству. Так, згодна з арт. 26 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона. У гэтых адносінах усялякага рода дыскрымінацыя павінна быць забаронена законам і закон павінен гарантаваць усім асобам роўную і эфектыўную абарону супраць дыскрымінацыі па якой бы там ні было прыкмеце. Паводле вызначэння, якое даецца міжнароднымі нормамі права ў галіне абароны правоў чалавека, дыскрымінацыяй ахопліваюцца ўсялікія выключэнні, абмежаванні ці перавагі па пэўных прыкметах, у тым ліку і па моўнай прыкмеце.

Валянцін Стэфановіч звяртаецца ў Канстытуцыйны суд з просьбай прызнаць арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не адпавядаючым арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь унесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключна з тэкстамі законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.

Зварот будзе накіраваны таксама ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і прэзідэнту, якія паводле арт.116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі.