Беларускамоўны афіцыянт больш аптымістычны — кліенты на мову рэагуюць адэкватна, збольшага ўсе разумеюць.

Арганізатары курсаў “Мова ці кава” на першым у 2014 годзе занятку ладзяць дыскусію на “гастранамічную” тэму з удзелам рэстаратара “Камяніцы” Алега Пашэка і беларускамоўнага афіцыянта Змітра Трафімчука. Рэстаратар гаворыць, што беларуская мова ў “Камяніцы” — пытанне іміджу.

“Запатрабаванасць беларускамоўных афіцыянтаў велізарная. З іншага боку — гэта пытанне збольшага іміджавае. На практыцы беларускамоўныя наведвальнікі да нас зазіраюць вельмі і вельмі рэдка”.

З яго словаў, беларускамоўныя ў “Камяніцу” часцей за ўсё прыводзяць прыезджых і турыстаў-замежнікаў. Але нават нягледзячы на выразна беларускі імідж рэстарана, беларускамоўных наведвальнікаў не так і шмат — абсалютная большасць рускамоўныя.

Зміцер Трафімчук па прафесіі — выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Але працуе афіцыянтам. Хлопец у паўсядзённым жыцці пастаянна карыстаецца беларускай мовай. Гаворыць, што на працаўладкаванне ў барах і кавярнях гэтая акалічнасць не ўплывала. Збольшага пазітыўна ставяцца да беларускамоўнасці Змітра і кліенты кавярні, дзе ён зараз працуе. Тым не менш афіцыянт прызнае, што калі трапляецца прынцыпова рускамоўны кліент — ён пераходзіць на рускую.

“Калі госць катэгарычна не прымае беларускую мову, калі адмаўляецца яе разумець, я, вядома, перайду на рускую. Калі яму так будзе камфортна ў нашай установе”.

Зміцер гаворыць, што асноўная праблема сталічных бараў, кавярняў і рэстаранаў — нават не адсутнасць беларускамоўнага персанала, а яго непрафесійнасць. Мала хто жадае зрабіць кар’еру ў гэтай сферы, афіцыянтамі працуюць у асноўным часова — некалькі месяцаў, максімум гадоў. Згодны з афіцыянтам і рэстаратар Алег. Ён гаворыць, што ў кожнай змене ёсць беларускамоўны афіцыянт альбо афіцыянтка. Рэшту рыхтуе адмыслова запрошаная настаўніца, таму прынамсі прывітальныя беларускія фразы абслуговы персанал ведае і выкарыстоўвае. Але з тым, каб навучыць афіцыянта усім беларускім гастранамічным тэрмінам, ёсць праблема — афіцыянты вельмі часта змяняюцца. І ў такой працяглай падрыхтоўцы проста няма сэнсу.

“У нас на кожнай змене ёсць беларускамоўны афіцыянт. І навучыць рускамоўных беларускай мове можна. Але ёсць іншая праблема — прафесія афіцыянта сёння непрыстыжная. Вялікая цякучка, працуюць у асноўным студэнты, завочнікі”, — гаворыць Алег Пашэк.

А яшчэ, паводле слоў рэстаратара, “Камяніца” і падобныя ёй установы — хутчэй, выключэнне. Большасці сталічных кавярняў, бараў і рэстаранаў беларуская мова афіцыянтаў і меню не вельмі патрэбная — наведвальнікі пагалоўна карыстаюцца рускай і ўсіх гэта задавальняе.

“Мы займаемся гэтым, мы перыядычна запрашаем настаўніцу беларускай мовы і яна займаецца з кожнай зменай афіцыянтаў. Але навошта “Фальконэ” альбо “Сямі пакоям” беларуская мова, калі ў Мінску 90% насельніцтва гаворыць па-руску? Давайце глядзець праўдзе ў вочы: яна ім непатрэбная”.

І рэстаратар, і афіцыянт пагаджаюцца ў адным — наяўнасць беларускай мовы ў кавярнях і барах наўпрост звязаная з яе папулярнасцю ў іншых сферах жыцця. Таму ад уласнікаў рэстарацый не варта чакаць актыўнага яе прасоўвання ў сваіх установах. Яны гэта зробяць тады, калі наведвальнікі загавораць па-беларуску.