Кніга «Слуцкія паясы. Адраджэнне традыцый», аўтарам якой з`яўляецца Барыс Лазука, была прадстаўлена 5 лютага на 21-ым Міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску.

Кнігу выпусціла выдавецтва «Беларусь». Яна напісана на беларускай мове і мае цвёрды пераплёт і каляровыя фотаздымкі.

«Кніга прысвечана своеасаблівай з`яве ў беларускай культуры і айчынным дэкаратыўным мастацтве XVIII-XIX стагоддзяў – слуцкім паясам», – распавядаецца на сайце выдавецтва.

На старонках разглядаецца гісторыя слуцкай персіярні. На аснове захаваных арыгіналаў і сучасных рэканструкцый паясоў прапануюцца варыянты выкарыстання іх узораў ў дызайнерскай практыцы, у творчасці прафесійных і народных майстроў.

Набыць кнігу можна ў кніжных крамах краіны ці ў аддзеле маркетынгу выдавецтва.


Даведка «IK»

Барыс Лазука – аўтар кнігі «Слуцкія паясы. Адра­джэнне традыцый». Ён з`яўляецца выхадцам з Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Нарадзіўся ў 1955 годзе. Кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзелам старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Гэта не першая яго кніга, прысвечаная гісторыі беларускага мастацтва.