Агульнанацыянальная грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” (скарочана — “Будзьма!”) набывае новую якасць. Змяняюцца падыходы да працы, метады вядзення кампаніі і фармавання партнёрскіх дачыненняў. Кампанія робіць акцэнт не на колькасці, а на якасці мерапрыемстваў. “Будзьма!” найперш арыентуецца на праекты, якія маюць патэнцыял стаць папулярнымі сярод значнай колькасці насельніцтва краіны.

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма!”: “Нашая першасная задача была ў тым, каб аб’яднаць беларусацэнтрычных людзей для супольнага дзеяння — правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў: канцэртаў, літаратурных імпрэзаў, мастацкіх выставаў. Наступны этап на які мы выходзім — пашырэнне. Мяркую, у нас гэта атрымліваецца — значная колькасць людзей, якая знаходзілася па-за межамі беларускай культурнай прасторы, стала яе часткай”.

Галоўны слоган кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пад паняццем “беларус” мы разумеем кожнага жыхара Беларусі незалежна ад этнічнага паходжання. Беларус у нашым разуменні — кожны чалавек, які імкнецца ведаць беларускую гісторыю, паважна ставіцца да беларускай мовы і бачыць будучыню сваёй краіны. Мы мяркуем, што кампанія “Будзьма!” паспрыяла таму, што праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі стала актуальнай у грамадстве на ўсіх узроўнях, у тым ліку дзяржаўным.

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма!”: У 2010 годзе ўдзельнікі кампаніі будуць не толькі рэалізоўваць ідэі іншых, але і актыўна ініцыяваць і здзяйсняць уласныя. Для нас самае галоўнае — распаўсюд ідэй (“Будзьма адметнымі!”, “Будзьма беларусамі! 100% якасная культура!”, “Будзьма беларусамі! Мода, якая застанецца!”, “Будзьма беларусамі! Бярэм з мінулага лепшае!” і інш.), якія выклікаюць у чалавека жаданне праявіць ініцыятыву — арганізаваць канцэрт, хай сабе невялікі, або запрасіць літаратараў, тым самым пашырыўшы кола людзей, для якіх быць беларусам — важна”.

У новым лагатыпе кампаніі “Будзьма!” побач з фігуркамі мужчыны і жанчыны з’явілася фігурка дзіцяці. Мы мяркуем, што за паўтара года жыцця кампаніі дастаткова вялікая колькасць дарослых прыняла ідэі “Будзьма!”, што адпаведным чынам уплывае на выхаванне новай генерацыі беларусаў.

Дадатковая інфармацыя


За паўтара года ў межах кампаніі “Будзьма!” адбылося 1138 разнастайных мерапрыемстваў, у якіх бралі ўдзел 91 360 чалавек у 188 розных населеных пунктах (гарады, пасёлкі, вёскі). 86% мерапрыемстваў адбывалася на дзяржаўных пляцоўках: бібліятэках, музеях, навучальных ўстановах, дамах культуры і інш. У іх узялі ўдзел такія вядомыя выканаўцы, як Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Drum Ecstasy, Neuro Dubel і інш. Пабачылі свет спецыяльныя і супольныя праекты: “Тузін. Перазагрузка”, “Budzma the best folk”, “Budzma the best rock”, дыск Алеся Камоцкага “З бацькоўскай кружэлкі”, “Дрыгула” гурту “Стары Ольса” , альбом “Мой сябра анёлак”, дыск “Rock’n’Troll” гурту Litvintroll, праект Глеба Лабадзенкі “Галасы”, праект Лявона Вольскага “Белая яблыня грому” ды інш.


Галоўнай інфармацыйнай пляцоўкай кампаніі “Будзьма!” ёсць сайт budzma.org, які завецца “Будзьма разам!”. У сярэднім сайт мае 15 000 — 17 000 унікальных наведванняў цягам месяцу. Згодна з даследаваннем кампаніі “gemiusAudience”, аўдыторыя сайта budzma.org выглядае наступным чынам: 45% — мужчыны, 55% — жанчыны.

Палова наведнікаў маюць узрост 15-24 гады, чвэрць — 25-34, 15% — 45-54 гады, рэшта — іншыя ўзросты. Геаграфія наведнікаў: у сярэднім 80% наведнікаў з Беларусі, з іх крыху больш за палову з Мінска, з рэгіёнаў на першым месцы Віцебская вобласць — кожны пяты наведнік.


Апроч навінаў кампаніі “Будзьма!” сайт прапануе дайджэст культурніцкіх навінаў, рэпартажы з культурных падзеяў уласных карэспандэнтаў, конкурсы, віктарыны і спецыяльныя праекты. Самай папулярнай з пастаянных застаецца рубрыка “Афіша”, насычаная сярод іншага анонсамі альтэрнатыўных шоў-бізнэсу ці афіцыёзу культурных імпрэз па ўсёй Беларусі. Сярод праектаў першы па папулярнасці — праект “Як я стаў беларусам”, паўтары сотні гісторый пра тое, як людзі прыйшлі да беларускай самаідэнтыфікацыі. Ад траўня праект зменіць назву на “Быць беларусам”.

На пытанне “Быць беларусам — што гэта значыць?” будуць адказваць вядомыя ў сваіх сферах людзі: бізнэсоўцы, спартоўцы, людзі творчых прафесій, чыноўнікі, медыкі, міліцыянты і г.д. Цяпер на сайце budzma.org ідзе акцыя “Імёны Беларусі: Топ-12″. Мэта акцыі — выбраць імёны тых асобаў, якія сёння могуць найбольш паспяхова ствараць пазітыўны вобраз Беларусі ў свеце.


Сярод найбліжэйшых падзеяў “Будзьма!” — 22 красавіка у клубе “Рэактар”- дабрачынны канцэрт “Добры Фэст”, “Будзьма міласэрнымі!”. Мы хочам пераканаць людзей, што быць беларусам — гэта не толькі ганарыцца сваёй краінай, культурай, гісторыяй, гэта яшчэ быць адказным за тых, каму патрэбна дапамога. Удзельнічаюць гурты IQ48, Neuro Dubel, B:N, ZM99 (Змяя), Алег Хаменка (гурт “Палац”). 23 красавіка, зноў у “Рэактары”, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага праекту-атрэпрызы вядомага беларускага музыкі Рамана Арлова (экс J-Mors) “У нескладовае”. Запланаваныя стварэнне CD па выніках акцыі “Імёны Беларусі: Топ-12″ . Гэта толькі бліжэйшыя з запланаваных падзеяў.


budzma.org