Міжнароднае маладзёжнае аб’яднанне «Рух «Маладая Беларусь» (Літва) уступае ў асацыяцыю «Цэнтральнаеўрапейскае маладзёжнае супрацоўніцтва» (CEYC). Яна аб’ядноўвае маладзёжныя арганізацыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Як паведаміў БелаПАН лідэр «Маладой Беларусі» Дзмітрый Каспяровіч, прадстаўнікі руху ўдзельнічалі ў канферэнцыі CEYC, што праходзіла 26—30 мая ў венгерскім горадзе Печ пад патранажам міністра замежных спраў Венгрыі Янаша Мартоньі. Дэлегацыя «Маладой Беларусі» таксама сустрэлася з высокімі службовымі асобамі, у тым ліку былым міністрам замежных спраў Венгрыі Хансам Кайзерам, які зараз узначальвае венгерскае прадстаўніцтва фонду Конрада Адэнаўэра. «Было вельмі прыемна, што не толькі венгерскія палітыкі, але і мэры гарадоў, і прафесары універсітэтаў, з якімі мы сустракаліся, ведаюць пра Беларусь і сітуацыю ў нашай краіне і з цікавасцю распытвалі нас аб праблемах з палітзняволенымі, аб перспектывах найбліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў Каспяровіч.

Падчас канферэнцыі «Маладой Беларусі» было прапанавана афіцыйна далучыцца да «Цэнтральнаеўрапейскага маладзёжнага супрацоўніцтва». «Я падпісаў усе неабходныя для ўваходжання ў гэтую арганізацыю дакументы. Мы спадзяемся, што на найбліжэйшым пасяджэнні CEYC мы будзем прыняты ў гэтую арганізацыю», — сказаў Каспяровіч.

Акрамя гэтага, адзначыў ён, дэлегацыя «Маладой Беларусі» сустрэлася са старшынёй камісіі польскага сейма па міжнародных справах Робертам Тышкевічам. На сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы нядаўна створанага ў Польшчы «Дэмакратычнага інстытута для Беларусі» і магчымасць удзелу беларускіх маладзёжных актывістаў у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Польшчы.

by.belapan.com