Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня даў інтэрв`ю амерыканскай тэлекампаніі CNN.

Паводле паведамлення прэс-службы прэзідэнта, журналіст цікавіўся пытаннямі ўнутранай палітыкі Беларусі, перспектывамі развіцця краіны. Большая частка размовы тычылася стасункаў з Расіяй.

У прыватнасці, Лукашэнка лічыць, што страта Беларусі для Расіі стане непапраўным уронам. Ён адзначыў, што калі Расія будзе і надалей весці падобным чынам сваю палітыку, Беларусі будзе «крыху складаней».

«Такая палітыка з боку Расіі прывядзе да вельмі дрэнных  наступстваў для самой Расійскай Федэрацыі», — заявіў Лукашэнка.

«Але я не думаю, што ў Расіі гэта афіцыйна прызнаны курс і што яна будзе ісці гэтым курсам. У адваротным выпадку Расія страціць Беларусь, а гэта будзе непапраўны ўрон, найсур`ёзнейшы урон маральны, матэрыяльны, ваенна-палітычны, калі разглядаць любы аспект — гэта вялікая страта для Расіі», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што імкнецца раздзяляць стасункі паміж народамі дзвюх краін і ўзаемадачыненні паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі. Паводле яго меркавання, гэта «вялікая розніца».

«Ніхто не можа перашкаджаць нармальнаму ходу падзей, сутнасць якога ў тым, што мы вельмі блізкія людзі. Мы фактычна адзін народ, нас вельмі цяжка раздзяліць. Я таксама з гэтага зыходжу. Мы ніколі не былі ворагамі, на ўсіх этапах гісторыі. І паверце, мы ніколі ворагамі не будзем. Тое, што ў нас бываюць сутыкненні, тое, што ў нас бываюць вельмі вострыя спрэчкі, асабліва што тычыцца пытанняў эканомікі, — напэўна, гэта натуральна. Мы маладая суверэнная дзяржава. Расія сябе таксама пазіцыянуе такім чынам.

Пройдзе пэўны час, патрэбен пэўны перыяд, перыяд прыціркі, так бы мовіць, пакуль мы зразумеем, хто мы ёсць, якія стасункі павінны быць і гэтак далей, пакуль Расія прызвычаіцца да таго, што Беларусь — гэта суверэнная і незалежная дзяржава», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе катэгарычна пярэчыць, калі «ці то амерыканцы, еўрапейцы ці расіяне пачнуць якім-небудзь чынам» яе «нахіляць, накідваць на шыю пятлю і як мага мацней яе зацягваць».

У цэлым Лукашэнка лічыць, што ў будучым Беларусь чакае інтэнсіўнае развіццё. «У нас ёсць вельмі шмат надзейных сяброў. Акрамя Расіі, Еўрапейскага саюза ў нас цудоўныя стасункі з Венесуэлай, Іранам, паўночнаафрыканскімі дзяржавамі, краінамі Бліжняга Усходу, у тым ліку Ізраілем. Нягледзячы на тое што мы з вамі ў такіх прахалодных стасунках, гэта не перашкаджае амерыканцам інвеставаць у нашу эканоміку», — адзначыў Лукашэнка.

«Мы не загінем, — лічыць ён. — Я спакойна гляджу на будучыню сваёй краіны, свайго народа. Я заўсёды працаваў так, каб як кіраўнік дзяржавы забяспечыць нармальнае жыццё 10-мільённаму народу, каб яны былі такія, як сёння, — усмешлівыя і дабрадушныя».

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН