Адна з пяці кніжак па-беларуску, прапанаваных для чытання беларускім бізнэсоўцам.

Яшчэ адна модная навінка 2010 году – раман “Ліст да страчанага сябра” французскага пісьменьніка Патрыка Бэссона, таксама не абдзеленага ўвагай чытачоў і крытыкаў, уладальніка Гран-Пры Французскай Акадэміі ў 1985 годзе (адной з найстарэйшых і найпрэстыжнейшых прэміяў у Францыі) і прэміі Рэнадо ў 1995 годзе (своеасаблівага спадарожніка Ганкураўскай прэміі, у адзін дзень зь якой і ўручаецца). Адмысловая прынада для аматара сучаснай літаратуры – тое, што раман на расейскую мову не перакладаўся. Героі твора – маладыя людзі, якія заблыталіся ў стасунках і якія, здаецца, нават не спрабуюць іх разблытаць, а проста плывуць па плыні жыцьця, шукаючы новых знаёмстваў і ўражаньняў.

Альбо не шукаючы нічога. Альбо ня ведаючы, што трэба шукаць. Назву рамана можна зразумець шырока: сьмерць аднаго з герояў – гэта толькі апошні крок да страты. Першыя крокі будуць зробленыя задоўга да трагедыі, да якой у выніку ніхто сур’ёзна і не паставіцца, – самае сур’ёзнае на гэты момант ужо скончыцца. Але ж анёлам (а менавіта імі цалкам могуць уявіць сябе некаторыя героі рамана) дазволена быць несур’ёзнымі. Зрэшты, якая ўвогуле сур’ёзнасьць, калі табе сямнаццаць, як слушна зазначыў адзін крыху старэйшы суайчыннік Бэссона.

 

svaboda.org