Нумар №7-8 ARCHE за 2008 год, як і прагназавалася, «на аўтамаце» быў прызнаны «экстрэмісцкім». Натуральна, рэдакцыя часопісу будзе абкарджваць гэты прысуд у  вышэйшых судовых інстанцыях.
Падчас кароткага судовага паседжаньня, якое чамусьці было абвешчана закрытым, судзьдзя Міранюк (намесьніца старшыні Маскоўскага раённага суду Берасьця) не задала адвакату Паўлу Сапелку, які прадстаўляў у судзе інтарэсы часопісу, аніводнага пытаньня. Адвакат назваў рашэньне суду супярэчным закону. Натуральна, часопіс будзе абкарджваць гэты прысуд у  вышэйшых судовых інстанцыях.

Матывіровачная частка рашэньня пакуль не вядома. Яе вышлюць па пошце пазьней, і рэдакцыя «ARCHE» мае намер адразу пасьля атрыманьня дакумэнту пазнаёміць чытачоў зь яго поўным зьместам, як гэта было і з папярэднімі дакумэнтамі па справе.

Як вядома, ва ўсім 1000-старонкавым часопісе КГБ здолеў знайсьці толькі чатыры «экстрэмісцкія» выказваньні. Колькі ў іх «экстрэмізму» — кожны можа вызначыць самастойна, пачытаўшы дасланую КГБ у суд афіцыйную заяву.

Рэдактар «ARCHE» Валер Булгакаў пракамэнтаваў рашэньне суду наступным чынам: «Гэта само па сабе папярэджаньне, што нягледзячы на эрозію лукашэнкаўскай сыстэмы, яе базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі. Нягледзячы на ўсю абсурднасьць абвінавачваньняў, змагацца з дзяржавай немагчыма, зачэпкі заўсёды будуць знойдзеныя».

Заснавальнік жа часопісу Андрэй Дынько мяркуе, што калі такое рашэньне суду застанецца ў сіле, то гэта будзе вяхой новага этапу ў звужэньні свабоды слова ў Беларусі.