На старонках «Советской Белоруссии» зьявіўся артыкул «Памяць не бутафорыя», дзе выказваецца занепакоенасьць з нагоды намераў уладаў Полацку да 1150-годзьдзя гораду, які будзе адзначацца ў 2012 годзе, перайменаваць цэнтральныя праспект Карла Маркса і вуліцу Фрыдрыха Энгельса адпаведна ў праспект Францішка Скарыны і вуліцу Надзьвінскую, а таксама перанесьці ў іншае месца помнік у форме танка Т-34. Пазыцыя журналіста «СБ» Валянціна Пепяляева — традыцыйная для тых выпадкаў, калі ідзе гаворка пра змяншэнне долі савецкай спадчыны ў гарадзкой тапаніміцы і мемарыяльных абектах. Народ, маўляў, супраць, а народ — гэта сьвятое. Пытаньне пра тое, ці пытаўся хто думкі народу тады, калі вуліцы атрымлівалі сёньняшнія назвы ці калі ўсталёўваліся на пэўным месцы помнікі, вядома ж, не ўздымаецца.

Артыкул не застаўся па-за ўвагай людзей, неабыякавых да пытаньня, якім будзе далейшае культурнае аблічча Полацку. Думкі на гэты конт выказваюцца на блёгу пісьменьніка-палачаніна Алеся Аркуша.