У наступным годзе Еўропа будзе адзначаць 100-годдзе вядомага польскага пісьменніка Чэслава Мілаша. У Літве 2011 год ужо абвешчаны годам Мілаша, падобнае рашэнне чакаецца і ў Польшчы, у Беларусі да юбілея плануецца выпусціць зборнік твораў Чэслава Мілаша па-беларуску.


Перакладчык Лявон Баршчэўскі, які будзе працаваць над перакладамі да гэтага выдання, паведаміў, што рыхтуецца чатырохтомнік:

— Чатырохтомнік Чэслава Мілаша плануецца выпусціць у наступным годзе. Гэты праект курыруе Андрэй Хадановіч. Для выдання буду перакладаць «Трактат паэтычны». Наступны год — год Мілаша, і таму Польскі інстытут бярэцца выдаць гэты чатырохтомнік.


Чэслаў Мілаш — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1980 год. У 1951 годзе эміграваў з сацыялістычнай Польшчы ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Яго лічаць адным з найвялікшых польскіх паэтаў.  Кнігі Чэслава Мілаша неабнойчы выходзілі па-беларуску: у серыі «Сярэдняя Еўропа» пабачыў свет зборнік «Скуты розум», а ў 2007 годзе выйшла кніга выбраных вершаў “Іншага канца свету не будзе” (праўда, ва Ўроцлаве).

Васіль Кроква, Радыё Рацыя