Заўтра ўвечары адчыняецца ХІІІ Менскі форум, які штогод у лістападзе ладзіцца ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў.

Мяркуецца, што пазаўтра – у чацвер – будуць працаваць тры рабочыя групы. Адна з іх называецца “Грамадства: адукацыя і літаратура”. Запланаваныя выступленні Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча і… паэта Дзмітрыя Дзмітрыева.

Здаецца, я сачу за літаратурным працэсам у Беларусі, але такое імя мне не траплялася. Патэлефанаваў знаўцу паэзіі і паэтаў Міхасю Скоблу. Той згадаў імя Генадзя Дзмітрыева. “Дык Генадзя і я ведаю”. Ад сваёй бездапаможнасці Міхась зайшоў аж у ХІХ стагоддзе і згадаў Івана Дзмітрыева – канкурэнта іншага Івана, больш вядомага як “дзядуля Крылоў”.

Забраўся я ў Інтэрнэт, а там Дзмітрыевых!.. І банкір, і журналіст, і мастак, і нейкі паэт Дзмітрый Дзмітрыеў з Волагды (http://dmitriev.vologda.ru), і, зноў жа, Дзмітрый Дзмітрыеў, імя якога можна знайсці ў “Русском журнале” (http://magazines.russ.ru/authors/d/dmitriev), але гэта крытык, аўтар “Нового мира”, “Знамени” и “Иностранной литературы”. Гэтае імя і я ведаю. Дык няўжо да нас прыедзе Дзмітрый Дзмітрыеў з Волагды?

***

Арганізатары форуму, дбаючы пра баланс, уключылі ў лік выступоўцаў і некаторых апазіцыянераў. Так, на паседжанні адной з рабочых груп можна будзе пачуць Андрэя Саннікава, а на паседжанні другой – Паўла Данейку (што ні кажы, а сябар АГП). Я вось і думаю: а чаму б замест загадкавага Дзмітрыя Дзмітрыева не ўключыць у лік выступоўцаў добра вядомага паэта Уладзіміра Някляева? Аншлаг быў бы гарантаваны.

Анатоль Сідарэвіч, anatolsidarevic.livejournal.com