Бальшыня мэдыяў зьвярнула ўвагу на поўны трывогі ліст Старшыні Рады БНР сп-ні Івонкі Сурвіллы. Фармальна гэта зварот да прэзыдэнта Літвы сп-ні Д.Грыбаўскайце. Але сп-ня Сурвілла, як мне здаецца, найперш скарыстала вонкавую нагоду, каб зьвярнуцца да беларусаў, выказаць стаўленьне да цяперашняй кампаніі, да паводзінаў як Лукашэнкі, так і іншых кандыдатаў. Паводле Старшыні Рады БНР, асноўную пагрозу незалежнасьці нясе менавіта Лукашэнка зь яго антыбеларускай палітыкай, але небясьпечныя таксама прарасейскія заявы пэўных кандыдатаў.

А вось як паставіліся да заявы заангажаваныя палітычныя рэсурсы.

Сайт АДС даў заяву ў пераказе (па-расейску) з захаваньнем зьместу, г.зн. абодвух аб’ектаў крытыкі. Сайт БХД падаў тэкст практычна цалкам.

«Хартыя-97″ падала большую частку заявы, але скрэсьліла зь яе наступнае (без шматкроп’яў ці іншых знакаў разрыву цытаты): «Мне прыемна, Вельмі Паважаная Спадарыня Прэзыдэнт, адчуваць і сёньня салідарнасьць Літвы ў дачыненьні да Беларусі. Мне зразумелы Ваш клопат адносна беларускай незалежнасьці, калі некаторыя цяперашнія кандыдаты ў прэзыдэнты выказваюць празьмерныя сымпатыі да Расеі, тым часам як уся гісторыя паказвае, што Масква заўсёды імкнулася захапіць нашую краіну. Але менавіта палітыка Лукашэнкі за шаснаццаць гадоў ягонага прэзыдэнцтва прывяла да палітычнай і эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі. Праз доўгія гады свайго прэзыдэнцтва ён быў гатовы далучыць Беларусь да Расеі ў прыдуманай Масквой „саюзнай дзяржаве“.

Сайты У.Някляева, АГП, А.Мілінкевіча і БНФ заяву Старшыні Рады БНР не заўважылі. Дарэчы, у свой час Партыя БНФ прымала рашэньне аб падтрымцы Рады БНР і супрацы зь ёю. Але гэта было, відаць, занадта даўно.

viacorka.livejournal.com