Цёплыя рэчы. Найперш арыштаваным на суткі спатрэбяцца менавіта яны. Можна паспрабаваць перадаць спальны мяшок, але пры гэтым варта захапіць цёплую куртку, або дублёнку, калі спальнік не захочуць перадаваць. Пакладзіце ў перадачу некалькі зменаў бялізны, цёплыя шкарпэткі і рушнік.

Сродкі гігіены. Зубная паста, шчотка, мыла, шампунь, туалетная папера, для жанчын сродкі для інтымнай гігіены.

Лекі. Найхутчэй не перададуць, а вось вітаміны могуць узяць. Найлепш браць комплексныя, пашукайце ў аптэцы такія, што здымаюць стрэс (праверана на сабе). Штораніцы арыштантаў водзяць да дзяжурнага лекара той выдае актываваны вугаль і аспірын. У выпадку абвастрэння тут выклікаюць хуткую першы выклік бясплатна. Наступныя – за кошт пацыента.

Ежа. Некалькі год яе на Акрэсціна не перадаюць. Толькі калі ўдасца перадаць арыштанту ў калідорах суда. Затое прымаюць пітную ваду і сокі. Карацей, любое безалкагольнае пітво ў пластыкавай і папяровай тары. Часам жартаўнікі спрабуюць парадаваць сваіх арыштантаў дадаваннем у сок гарэлкі. Лепш не жартаваць – калі выявяць парушальніка, то яму могуць пакараць дадатковымі суткамі арышту.

Прэса, асадкі, нататнікі. Нясіце газеты, часопісы і кнігі. Акрамя сур’ёзнай прэсы прыносьце зборнікі крыжаванак і сканвордаў. Многія на сутках вядуць нататкі, таму не лішнім у торбе з перадачай будзе нататнік і асадка, або аловак.

Цыгарэты. Тут вырашайце самі. Калі ж вырашылі перадаць і іх, не забудзьцеся на запалкі – запальнічкі ў арыштантаў адбіраюць.

І апошняе. Практыка паказвае, што ў кожнай камеры бывае нехта, каму з нейкіх прычынаў перадачы не прыносяць. Таму не пашкадуйце колькі дадатковых пачкаў цыгарэт, ці лішні пакунак соку. Паверце, гэта будзе зусім не лішнім.

***

Па гэтых нумарах можна даведацца пра тых, каго судзяць у мінскіх судах:


+375173310844;

+375296875129

Офіс БХК: +37517 2224801

Праваабарончы цэнтр «Вясна»: +37529 1260612

Cямён Печанко, nn.by