ГУУС Менгарвыканкама фактычна папярэдзіла ўдзельнікам мітынгу 19 снежня 2010 г на плошчы Незалежнасці аб тым, каб яны падрыхтаваліся да магчымых арыштаў.

«Удзельнікам масавых беспарадкаў будзе дадзена дадатковая прававая ацэнка… ад адказнасці ня сыдзе ні адзін з актыўных удзельнікаў здзейсненага злачынства, дзе б ён ні знаходзіўся і як бы беспакарана сябе не адчуваў», — гаворыцца ў паведамленні ГУУС.

«У распараджэнні следства маецца дастатковая колькасць фота і відэаматэрыялаў, якія зафіксавалі абсалютна ўсіх удзельнікаў масавых беспарадкаў, што суправаджаліся гвалтам, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады … працягваецца праца следча-аператыўнай групы па высвятленні ўсіх асоб і ступені віны кожнага ўдзельніка масавых беспарадкаў. Цяпер ужо ідэнтыфікаваная пераважная большасць грамадзян, якія прынялі ўдзел у злачынстве, працягваецца праца па ўстанаўленню астатніх удзельнікаў», — папярэджвае ГУУС.

Варта дадаць, што спісы магчымых будучых арыштантаў складаюцца ня толькі на падставе наяўных фота і відэаматэрыялаў пра падзеі плошчы. Праваахоўныя органы запатрабавалі і атрымалі ў сваё распараджэнне ад аператараў мабільнай сувязі нумары тэлефонаў, зарэгістраваных у сетках аператараў у зоне мітынгу.

Адсеў патэнцыйных арыштантаў вядзецца па вельмі банальнай схеме — калі ўладальнік нумару калісці праходзіў, хай нават у якасьці сведкі, ці проста згадваўся ў «палітычных» справах, у тым ліку і архівах КДБ, то ён аўтаматычна трапіць у чорны спіс.

Акрамя таго, супрацоўнікі КДБ ужо абышлі ўсе падкантрольныя дзяржаве прадпрыемствы Менска і запатрабавалі ў аддзелах кадраў спісы супрацоўнікаў, якія ў панядзелак ня выйшлі на працу па тых або іншых прычынах.

Па вялікім рахунку, у сапраўдны момант сілавікі гатовыя правесці поўнамаштабную аблаву на беларускіх грамадзян, якія выступаюць супраць чарговага тэрміну А. Лукашэнкі, і чакаюць толькі ад яго каманды «фас».

afn.by