Эканомікі Беларусі развіваецца нармальна, і ніякай панікі быць не павінна, заявіў сёння ў Лідзе журналістам старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў падчас рабочай паездкі ў рэгіён, паведамляе БЕЛТА.

«Нашая эканоміка, па сутнасьці, працуе нармлальна. Нічога не здарылася. Расце беларускі экспарт, працуе сельская гаспадарка, расце ВУП.

Няма ніякай нагоды кідацца ў паніку», — падкрэсліў старшыня Савету Рэспублікі. Паводле ягоных словаў, грамадства павінна зразумець, што мы ўсе адзіныя і жывем у адной краіне, а таму толькі ад усіх разам залежыць цяпершчына і будучыня Беларусі.

«Немагчыма ўмацоўваць уласную каюту абдзіраючы агульную лодку», — падкрэсліў Анатоль Рубінаў. Ён таксама сказаў, што ўсе фінансавыя пытанні, што з’явіліся апошнім часам у краіне, у тым ліку і пытанні, звязаныя з валютай, часовыя. Шмат у чым яны звязаныя з аўтамабільным ажыятажам, калі людзі пачалі набываць і прадаваць аўтамабілі ў сувязі з уводам мытаў.

«Праблемы былі і будуць, грамадства развіваецца, растуць ягоныя патрэбы. Аднак толькі мы ўсе разам здолеем іх вырашыць. Мы ўсе павінны зразумець, што ў нас будзе толькі тое, што мы зробім самі і заробім самі», — падкрэсліў Анатоль Рубінаў.

naviny.by