Такую выснову можна зрабіць з ліста, атрыманага блогерам ад першага намесніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

Нагадаем, у красавіку ў адказ на вынясенне папярэджання часопісу «Аrche. Пачатак» Яўген Ліпковіч заклікаў Міністэсртва інфармацыі вынесці папярэджанне газеце «Літаратура і Мастацтва».

– У сваіх выходных звестках газета «ЛіМ» не толькі няправільна пазначае назву заснавальніка, абразліва называючы ўзначальваемае Вамі Міністэрства друку і інфармацыі проста «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь», але і адмаўляецца друкаваць звесткі пра ўласны наклад, – заявіў тады ён.

А 12 траўня ў ягоным блогу з’явіўся наступны запіс.

– Як многія ўжо ведаюць, я звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі, як яно, як унтэр-афіцэрская ўдава сябе высекла, бо з’яўляецца сузаснавальнікам газеты ЛiМ, ГА «Саюз пісьменнікаў РБ», узначальваемага Чаргінцом. Адказ вы бачыце. Мінінфарм вынесла чаргінцам пісьмовае папярэджанне паводле 49 артыкулу закону аб СМІ. Калі я цяпер падам у суд на «ЛiМ» аб абразе гонару і годнасці за публікацыю ад 15 красавіка, дзе мяне абзываюць фашыстам, газету ЛiМ закрыюць і Чаргінец са старшыняў ГА «Саюз пісьменнікаў РБ» сыдзе, што відавочна, – напісаў Яўген Ліпковіч.

Адзначым, што згодна з арт. 49 закону аб СМІ прадугледжваецца адказнасць за парушэнне заканадаўства ў выглядзе пісьмовага папярэджання. Папярэджанне выносіцца альбо юрыдычнай асобе, на каторую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) СМІ.

Што тычыцца супрацьстаяння Яўгена Ліпковіча і Мікалая Чаргінца, то яно працягнецца 16 траўня. У судзе Першамайскага раёну пачнецца разгляд адміністратыўнай справы кіраўніка Саюза пісьменнікаў, які лічыць, што блогер прынізіў ягоныя гонар і годнасць.

Мікалай Чарняўскі, gazetaby.com