Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

На мінулым тыдні дзярждэпартамент ЗША паведаміў аб новых эканамічных санкцыях у адносінах да Беларусі. На гэты раз у апалу да заакіянскай адміністрацыі трапілі “Нафтан”, “ГроднаАзот”, “Белшына” і “ГроднаХімвалакно”.

“Санкцыі ЗША не накіраваны супраць беларускага народа”, — падкрэсліваецца ў афіцыйнай заяве прэс-службы ведамства.

Па праўдзе кажучы, падобная крывадушнасць ужо парадкам надакучыла. А супраць каго ж яны накіраваны, як не супраць беларускага народа?! – хочацца спытаць. Гродзенскія прамысловыя гіганты, напрыклад – буйнейшыя донары абласнога бюджэту, з якога выдаткоўваюцца сродкі на зарплаты, утрыманне школ, паліклінік, будаўніцтва дарог… Я ўжо не кажу, што на вышэйназваных прадпрыемствах працуюць дзесяткі тысяч людзей, якім трэба карміць свае сем’і!

Калі ўжо клапатлівыя “рупліўцы” за Беларусь прыдумалі такую схему міждзяржаўных стасункаў, то няхай маюць смеласць прызнацца ў сапраўднай мэце сваіх рашэнняў: шляхам эканамічных санкцый пагоршыць матэрыяльнае становішча кожнага з нас і праз сацыяльны выбух дабіцца змены ўлады. Такая вось простая, няхітрая дэмакратыя ўзору 21-га стагоддзя. Вось і ўвесь вам “народны выбар”.

Толькі вось наўрад ці гэта атрымаецца. Хоць бы па той прычыне, што амерыканскі вектар у знешнегандлёвым балансе Рэспублікі Беларусь займае прыкладна 0,2 працэнта.

Той выпадак, калі хочацца сказаць: на шчасце!

А магло быць і па-іншаму. Калі б здаровы сэнс карыстаўся безумоўным прыярытэтам перад вузкапалітычнымі амбіцыямі. Выйграў бы ад гэтага і амерыканскі бізнес, ды і нашы людзі сказалі б сваім партнёрам дзякуй!

Аднак сапраўдную “буру” – праўда, у “шклянцы вады” – на мінулым тыдні выклікала “справа Бяляцкага”.

Сутнасць падзеі, якая ў імгненне стала скандальнай і вывела яе героя — раней мала каму вядомага – у ранг медыя-персоны, старая і банальная, як свет — падаткі. Калі не здраджвае памяць, апошнімі, каму дазвалялася не плаціць падаткі, былі жыхары французскай вёскі Дорэмі. Але на цалкам законных падставах – у знак заслуг перад айчынай яе жыхаркі Жанны Д’арк. У нашым жа выпадку сувымерных заслуг за “прэтэндэнтам” не аказалася. Ды калі б яны і былі, сумняваюся, што закон прадугледжвае такую незямную прывілею.
Тым не менш, бяспрэчная на Захадзе ісціна – падаткі павінны плаціць усе! – была гэтым жа Захадам падвергнута сумненню, як толькі гаворка зайшла пра дзеяча беларускай апазіцыі.

Усю валтузню з гэтай нагоды яшчэ можна было б неяк зразумець, калі б спадар Бяляцкі, што называецца, заплаціў падаткі – і таму меў поўнае права спаць спакойна. Ну, прынамсі, не на нарах! Дык не ж! І што характэрна – ніхто з “адвакатаў” відавочнае парушэнне закону свайму падабароннаму ў віну не ставіць! Цікавая сітуацыя атрымліваецца. Няўжо любы з нас, смяротных, атрымаўшы з-за мяжы кругленькую суму ў некалькі соцень тысяч еўра, гэтак жа проста можа ўхіліцца ад выплаты падаткаў, а затым, апынуўшыся за кратамі, адразу знайсці столькі абаронцаў?!

Ды не, канешне ж! Што дазволена Юпітэру – не дазволена быку. Таму калі вам прыйдзе ў галаву запусціць цаглінай у вітрыну магазіна альбо схаваць ад падатковай інспекцыі прададзенае аўто, майце на ўвазе, што Феміда вас спасцігне і да вашага лёсу ніякім “праваабаронцам” не будзе аніякай справы! Гэта сістэма, якая працуе сама на сябе. У яе ўласная сістэма каардынат і ўласнае ўяўленне аб тых, хто мае патрэбу ў абароне. У тым ліку фінансавай. Шматдзетныя маці ў чаргу могуць не станавіцца – яны ж з “рэжымам” не змагаюцца! А вось вялікаўзроставая недарасль, што выламала дзверы ва ўрадавай установе, можа спадзявацца на неслабую “стыпендыю”.
Праўда, гэта не тычыцца дэманстрантаў на Брытанскіх астравах. Яны, у адрозненне ад нашых, – пагромшчыкі. Адразу ўспомніўся стары, яшчэ савецкіх часоў, анекдот аб двух самалётах у небе: “Вунь амерыканскі шпіён паляцеў. А гэта наш – разведчык!”

ostrovets.by