Па дарозе ў Крым у мяне была такая праблема: на шашы паміж Гомелем і Чарнігавам ПРОСТА НЕМАГЧЫМА спыніць машыну. Гэтая шаша нібыта праклятая! Вось толькі што ў Менску спыняў машыну — спынялася кожная 10-ая, а тут гадзіну, дзьве, тры, … шэсьць (!) чакаеш і ніхто не хоча падвозіць. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана, але на Украіне паўсюль жудасны аўтаспын. 

Дык вось, уначы пад цьвярозы халадок на вуліцы да мяне прыйшла ідэя. Я пайшоў шукаць любое скопваньне машын уздоўж галоўнай шашы (аўтазаправачныя станцыі, крамы й г.д.). Мне трапіла лясная кавярня зь невялічкай стаянкай. Я абышоў усе машыны, зьвяртаючы ўвагу на нумары, а менавіта — адкуль машына. Схема простая: знаходзіш машыну з беларускімі нумарамі, чакаеш пакуль вадзіцель вернецца, падыходзіш і кажаш ветлівым голасам з усьмешкай: «Зямляк, давязі калі ласка да мяжы, а тое ўжо некалькі гадзін не магу праехаць гэтыя жаласныя n-км.». Можаце лічыць, што вас ужо ўзялі :)  

Асабліва эфэктыўна гэты спосаб спрацоўвае, калі едзеш з боку не сваёй краіны (напрыклад, з Чарнігава). Па-першае чалавек зьдзіўляецца тваёй уважлівасьці, па-другое бачыць што ты адэкватны, бо праз шкло аўтамабіля з хуткасьцю ~80 км/г можна толькі здагадвацца. Ну й па-трэцяе, мне падалося, што калі чалавек чуе родную мову — ён аўтаматычна пачынае давяраць і ня можа адмовіць.

Аляксей Сакалоў, vkontakte.ru