Прыемны падарунак аматарам творчасьці Рышарда Капусьцінскага зрабіла выдавецтва AGORA SA якое праз 40 гадоў перавыдала кнігу «Калі б уся Афрыка». Кніга складаецца 3 15 тэкстаў напісаных Капусьцінскім у 1962-1966гг., які працаваў тады ў Афрыцы як карэспандэнт PAP. Першае выданне было ў 1969 годзе (выд. Czytelnik), на той час Капусьцінскі працаваў у Лацінскай Амэрыцы. Кніга адразу атрымала прызнаньне чытачоў. Штомесячнік «Widnokręgi» узнагародзіў аўтара кнігі Срэбным Глёбусам.

Ва ўступе да першага выданьня Р. Капусьцінскі піша: «У Афрыцы я не шукаў прыгодаў, не паляваў на слана і не капаў дыямантаў. Я быў карэспандэнтам Польскага Інфармацыйнага Агенцтва і павінен быў пісаць пра тое, што там, на месцы пачуў ці ўбачыў, пра тое, што там адбывалася. А адбывалася тады шмат чаго. Я правёў у Афрыцы шэсьць гадоў у той самы бурны і неспакойны перыяд, зрэшты поўны добрых, хоць часам занадта летуценных спадзяваньняў. Гэта быў пералом двух эпох: канчаўся каляніялізм і пачыналася незалежнасьць. Тыя перамены, тыя перавароты, тыя рэвалюцыі я стараўся апісваць.»

Прафэсар Ян Мілеўскі, афрыканіст з Варшаўскага Ўнівэрсытэту ў пасьлямоўі да кінігі адзначыў, што «Калі б уся Афрыка» з’яўляецца адной з самых важных кніг у сусьветнай літаратуры, дзе апісваецца пачатак незалежнай Афрыкі. Я.Мілеўскі параўноўвае Капусьцінскага са старажытнагрэцкім гісторыкам Тукідыдам (Фукідыдам), які стварыў вялікую карціну гісторыі, удзельнікам якой сам з’яўляўся. Вартасьць кнігі Капусьцінскага заключаецца ў тым, што aўтар, як выдатны аналітык, здолеў зразумець і паказаць самыя важныя выклікі і цяжкасьці, якія паўстануць у надыходзячай будучыні перад маладымі афрыканскімі дзяржавамі і элітамі. Ён здолеў разгледзець тыя падзеі як частку працяглых гістарычных працэсаў, якія адбываюцца і сёньня. Дзякуючы гэтаму многія раздзелы гэтай кнігі чытаюцца як разважанні над сучаснымі дылемамі, зазначае прафэсар Мілеўскі.

Яўген Салейчук паводле http://kapuscinski.info/gdyby-cala-afryka